КЛІМО́ВІЧ (Вікенцій Восіпавіч) (каля 1830, в. Пярэсека Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — каля 1880),

удзельнік рэв. руху ў Беларусі ў 1850—60-я г., кампазітар. З казённых сялян. Працаваў арганістам і настаўнікам музыкі ў Навагрудку, настаўнікам сельскай школы і валасным пісарам ў мяст. Паланэчка Навагрудскага пав. Належаў да мінскай рэв. арг-цыі «чырвоных», удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1863—64, вёў прапаганду сярод сялян. Сябраваў з паэтам В.​Каратынскім, мастаком Э.​Паўловічам. Аўтар музыкі да элегіі Каратынскага «Туга на чужой старане». У сак. 1863 арыштаваны і пасля працяглага зняволення ў мінскай турме сасланы ў Сібір. Памёр у Іркуцку.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 8, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)