КЛІ́НА (ад грэч. klinō нахіляю),

клінальная зменлівасць у біялогіі, паступовае павелічэнне або змяншэнне (колькасны градыент) якой-н. адзнакі, уласцівасці ўнутры папуляцыі або віду; адно з выяўленняў унутрывідавой геагр. зменлівасці. Тэрмін прапанаваны англ. біёлагам Дж.​Хакслі (1939). Можа закранаць колькасныя прыкметы (напр., павелічэнне памераў цела пазваночных у больш высокіх шыротах) і якасныя (напр., адноснае павелічэнне колькасці «чорнай» формы двухкрапінкавай божай кароўкі ў параўнанні з «чырвонай» формай пры нарастанні кантынентальнасці клімату). Развіваецца ў выніку ўзаемадзеяння натуральнага адбору, які прыстасоўвае кожную папуляцыю да лакальнага асяроддзя, з патокам генаў, што вядзе да уніфікацыі папуляцый віду.

т. 8, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)