Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ГО́ЛОС НАРО́ДА»,

сацыял-дэмакр. рабочая газета; выконвала таксама функцыі органа Бабруйскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа з 28.5(10.6) да 16(29).8.1917 у Бабруйску на рус. мове. Праводзіла агульнадэмакр., надпарт. курс на арганізацыю рабочага руху горада ў адзіны сацыяліст. блок. Друкавала матэрыялы ў падтрымку палітыкі Часовага ўрада, перадвыбарчую праграму сацыяліст. блока ў Гар. думу. Шмат месца адводзіла яўр. рабочаму руху. З 18 ліп. наз. «Бобруйская вечерняя газета «Голос народа». Перадрукоўвала ў асноўным артыкулы з цэнтр. выданняў. Вядома 69 нумароў.

М.Я.Сяменчык.

т. 5, с. 324

«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,

рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.Гурло (псеўд. Л.Эхо), Х.Чарнышэвіч (псеўд. Н.Буржэнін), Дз.Чарнушэвіч (псеўд. Ф.Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).

А.М.Клачко.

т. 5, с. 324

«ГО́ЛОС ПОЛЕ́СЬЯ»,

грамадска-паліт. газета, орган Рэчыцкага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Выдавалася штодзённа ў крас.жн. 1917 у г. Рэчыца на рус. мове. Падтрымала Часовы ўрад і яго палітыку прадаўжэння вайны да перамогі. Друкавала афіц. ўрадавыя дакументы, звесткі з міжнар. жыцця, ваен. хроніку. Шмат увагі аддавала мясц. грамадскаму і прафсаюзнаму руху, арганізацыі самакіравання. Змяшчала дакументы і адозвы Сялянскага саюза Палескага р-на. Перадрукоўвала артыкулы з петраградскіх і маскоўскіх выданняў. Спыніла выхад у канцы жн. 1917 у сувязі з перавыбраннем Савета.

М.Я.Сяменчык.

т. 5, с. 325

«ГО́ЛОС ПРОВИ́НЦИИ»,

грамадска-паліт., эканам. і літ. газета леваліберальнага кірунку. Выдавалася штодзённа з 31.3(13.4).1906 да 8(21).4.1907 у Мінску на рус. мове. Прадстаўляла інтарэсы розных саслоўяў і нацыянальнасцей, але найперш яўрэяў. Прапагандавала канстытуцыйны шлях пераходу да дэмакр. дзяржавы. На выбарах у Дзярж. думу падтрымлівала мясц. кандыдатаў ад партыі кадэтаў. Друкавала крытычныя аналізы дзейнасці Дзярж. думы, мясц. органаў улады. Падтрымлівала бел. нац. рух, вітала стварэнне бел. выд-ва «Загляне сонца і ў наша аконца». Асвятляла тэатральнае жыццё Мінска, дзейнасць культ.-асв. і гуманітарных т-ваў. Друкавала маст. творы мясц. аўтараў.

У.М.Конан.

т. 5, с. 325

«ГО́ЛОС Х А́РМИИ»,

вайсковая газета. Выдавалася ў чэрв.ліст. 1917 у Маладзечне на рус. мове. Мела эсэра-меншавіцкі кірунак. Змяшчала афіц. дакументы, загады ваен. камандавання і інш. Падтрымлівала дзеянні камандавання арміі і Зах. фронту. Выступала за працяг вайны, супраць бальшавікоў. Спыніла выхад у сувязі з утварэннем ВРК арміі і пераабраннем армейскага к-та на карысць бальшавікоў. Замест яе выдаваўся «Бюллетень Военно-революционного комитета Х армии».

т. 5, с. 324

«ГО́ЛОС III А́РМИИ»,

вайсковая газета. Выдавалася ў крас.снеж. 1917 у Полацку на рус. мове. Змяшчала афіц. ўрадавыя дакументы, загады ваен. камандавання, асвятляла работу армейскага к-та 3-й арміі. Побач з матэрыяламі аб прызнанні Сав. улады друкавала антыбальшавіцкія заклікі. Спыніла выхад паводле пастановы 3-га армейскага з’езда, на якім большасць дэлегатаў падтрымала бальшавікоў.

т. 5, с. 324

ГО́ЛСУАРСІ

(Galsworthy) Джон (14.8.1867, Кінгстан-Хіл, графства Сурэй, Вялікабрытанія — 31.1.1933),

англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т. Заснавальнік ПЭН-клуба (1921). Манум. эпапея Голсуарсі — хроніка сям’і Фарсайтаў — складаецца з дзвюх трылогій: «Сага пра Фарсайтаў» (раманы «Уласнік», 1906; «У пятлі», 1920; «Здаецца ў наём», 1921; навелы-інтэрлюдыі «Апошняе лета Фарсайта», 1918; «Абуджэнне», 1920) і «Сучасная камедыя» (раманы «Белая малпа», 1924; «Сярэбраная лыжка», 1926; «Лебядзіная песня», 1928; навелы-інтэрлюдыі «Ідылія», «Сустрэчы», абедзве 1927), ахоплівае жыццё Вялікабрытаніі канца 19 — 1-й трэці 20 ст. Ён аўтар зб-каў апавяданняў «Пад чатырма вятрамі» (1897), «На фарсайцкай біржы» (1930) і інш., раманаў «Віла Рубэйн» (1900), «Сядзіба» (1907), «Патрыцый» (1911), «Фрылэнды» (1915) і інш.; трылогіі «Канец главы» (раманы «Дзяўчына-сябар», 1931; «Квітнеючая пустыня», 1932; «Праз раку», 1933); п’ес «Сярэбраная скрынка» (1909), «Мёртвая хватка» (1920) і інш. Асэнсоўваў тэмы: уласніцтва і прыгажосць, уласніцтва і творчасць, «выхаванне пачуццяў» і духоўнае ўдасканаленне асобы, жыццё і мастацтва. Творам Голсуарсі ўласцівы эпічная шырыня, аб’ектыўнасць і шматграннасць у адлюстраванні рэчаіснасці, маштабнасць абагульненняў, спалучэнне псіхал. аналізу з гісторыка-сацыяльным, адметную функцыю ў іх выконвае разгорнутая сістэма сімвалаў. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў, у т. л. праграмных «Алегорыя пра пісьменніка», «Некалькі труізмаў пра драматургію» (абодва 1909), «Туманныя думкі пра мастацтва» (1911), «Літаратура і жыццё» (1931) і інш. Нобелеўская прэмія 1932.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—16. М., 1962;

Собр. соч. Т. 1—8. М., 1983—87;

Конец главы. М., 1984.

Літ.:

Дубашинский И.А. «Сага о Форсайтах» Джона Голсуорси. М., 1978;

Дюпре К. Джон Голсуорси: Биогр.: Пер. с англ. М., 1986;

Дьяконова Н.Я. Джон Голсуорси, 1867—1933. Л.; М., 1960;

Жантиева Д.Г. Джон Голсуорси // Жантиева Д.Г, Английский роман XX в., 1918—1939. М., 1965;

Тугушева М.П. Джон Голсуорси. М., 1973;

Джон Голсуорси: Биобиблиогр. указ. М., 1958.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 325

ГО́ЛУБ

(лац. Columba),

сузор’е Паўднёвага паўшар’я неба. Простым вокам відаць да 40 зорак, 5 з іх ярчэй 4-й зорнай велічыні. Адлегласць ад Сонца 150 светлавых гадоў. На тэр. Беларусі відаць у студзені—лютым. Гл. Зорнае неба.

т. 5, с. 325

ГО́ЛУБ Давыд Моўшавіч

(н. 23.8.1901, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне нармальнай анатоміі і эмбрыялогіі; заснавальнік новай нейрамарфалагічнай бел. школы. Акад. Нац. АН Беларусі (1960, чл.-кар. 1940). Д-р мед. н. (1936), праф. (1935). Засл. дз. нав. Беларусі (1971). Скончыў БДУ (1926). У 1926—75 у Мінскім мед. ін-це, адначасова з 1933 у Ін-це псіханеўралогіі, з 1954 у Ін-це фізіялогіі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па анатоміі і эмбрыялогіі сасудзістай і нервовай сістэм чалавека і жывёлы. Выявіў асн. заканамернасці развіцця перыферычнай нерв. сістэмы, распрацаваў тэорыю кружной шматсегментарнай і контрлатэральнай інервацыі ўнутр. органаў, даследаваў кампенсаторныя прыстасаванні ў вегетатыўнай нерв. сістэме. Распрацаваў прынцыпы ўтварэння новых нерв. і сасудзістых шляхоў, якія тэарэтычна абгрунтаваны, пацверджаны эксперыментальна і выкарыстаны ў клініцы. Дзярж. прэмія СССР 1973.

Тв.:

Ганглиопексия и реиннервация органов. Мн., 1986 (разам з Р.В.Даніленка, Н.М.Кавалёвай);

Реиннервация поднижнечелюстной слюнной железы. Мн., 1991 (разам з С.В.Трыхманенка);

Восстановление целостности передней брюшной стенки и иннервации внутренних органов. Мн., 1994 (у сааўт).

т. 5, с. 325

ГО́ЛУБ Леў Уладзіміравіч

(29.9.1904, г. Днепрапятроўск, Украіна — 26.5.1994),

бел. кінарэжысёр. Нар. арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). У 1939—79 на кінастудыі «Беларусьфільм». Ствараў маст. фільмы для дзяцей і юнацтва: «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959; прэміі Усесаюзнага кінафестывалю, міжнар. кінафестываляў ў Мар-дэль-Плата, «Залатая пласцінка» і дыплом у Вічэнца), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971; за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1972). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1968 за фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1957) і «Вуліца малодшага сына» (1962). Зняў стужкі «Пушчык едзе ў Прагу» (1965) і «Маленькі сяржант» (1977) (з кінастудыяй «Барандаўфільм», Чэхаславакія). Фільмы Голуба вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, уменнем раскрыць маст. здольнасці юных выканаўцаў.

т. 5, с. 325