ГО́ЛУБ (Леў Уладзіміравіч) (29.9.1904, г. Днепрапятроўск, Украіна — 26.5.1994),
бел. кінарэжысёр. Нар.арт. Беларусі (1964). Скончыў Дзярж. тэхнікум кінематаграфіі ў Маскве (1928). У 1939—79 на кінастудыі «Беларусьфільм». Ствараў маст. фільмы для дзяцей і юнацтва: «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959; прэміі Усесаюзнага кінафестывалю, міжнар. кінафестываляў ў Мар-дэль-Плата, «Залатая пласцінка» і дыплом у Вічэнца), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971; за ўсе тры Дзярж. прэмія Беларусі 1972). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі 1968 за фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку», «Анюціна дарога», «Дзеці партызана» (1954, з М.Фігуроўскім), «Міколка-паравоз» (1957) і «Вуліца малодшага сына» (1962). Зняў стужкі «Пушчык едзе ў Прагу» (1965) і «Маленькі сяржант» (1977) (з кінастудыяй «Барандаўфільм», Чэхаславакія). Фільмы Голуба вызначаюцца веданнем дзіцячай псіхалогіі, уменнем раскрыць маст. здольнасці юных выканаўцаў.