ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для захоўвання і транспарціроўкі вадкіх рэчываў — алею, квасу, вады і інш. Часам у ім заварвалі чай, настойвалі зёлкі. Шарападобная, радзей крыху падоўжаная пасудзіна з кароткім вузкім горлам з літком або без яго, з 1—2 ручкамі. Памеры ад цацачных (0,1 л) да вялікіх (8—10 л). Рабілі глякі чорна-задымленыя, паліваныя, зрэдку гартаваныя, упрыгожвалі глянцаваным і лінейна-хвалістым контррэльефным арнаментам, ангобнай размалёўкай.
ГЛЯКО́ЎСКІ (Станіслаў) (1896, г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. — 1943),
бел. грамадскі і культурны дзеяч, публіцыст. Д-р тэалогіі. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную семінарыю, Грыгарыянскі ун-т у Рыме. Быў ксяндзом у прыходах Гродзеншчыны і Беласточчыны, выкладаў у Віленскіх бел. гімназіі і настаўніцкай семінарыі. Пасля высылкі польск. ўладамі з Вільні А.Станкевіча ўзначальваў бел. каталіцкую парафію. Арганізатар і выдавец бел. дзіцячага час. «Пралескі». Аўтар шэрагу артыкулаў па бел. гісторыі, філасофіі, этыцы ў перыяд. друку, якія падпісваў уласным прозвішчам і псеўданімамі (Стасіла, Стасюк з-пад Нёмна і інш). Расстраляны ням.-фаш. захопнікамі разам з групай бел. каталіцкіх святароў.
ГЛЯЦЫЯДЫСЛАКА́ЦЫІ (ад лац. glacies лёд + дыслакацыя),
ледавіковыя дыслакацыі, парушэнні залягання горных парод, якія складаюць ложа ледавіка, пад ціскам лёду. Пашыраны ў раёнах сучаснага і старажытна-мацерыковага зледзянення. Звычайна ўзнікаюць там, дзе рухомы ледавік сустракае перашкоду. Пераважаюць каляпаверхневыя дэфармацыі, звязаныя з актыўнымі ледавікамі (складкі, складкава-лускаватыя структуры, насовы і інш.) або з дэградуючым (мёртвым) лёдам (прасадкі, апоўзні, тэрмакарст і інш.). Гляцыядыслакацыі вывучае гляцыятэктоніка. На тэр. Беларусі найб. выразныя і магутныя складкава-лускаватыя (скібавыя) гляцыядыслакацыі — Бярозаўская, Грандзіцкая, Пескаўская, Поразаўская, Салігорская і інш.
навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.
Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст.Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.А.Крапоткін, У.І.Вярнадскі, А.І.Ваейкаў, С.В.Калеснік, М.У.Тронаў, П.А.Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.
ГЛЯЦЫЯТЭКТО́НІКА (ад лац. glacies лёд + тэктоніка),
ледавіковая тэктоніка, вывучае геал. структуры і працэсы, якія абумоўлены дзейнасцю ледавікоў. Аб’ектамі гляцыятэктонікі з’яўляюцца гляцыядыслакацыі.
Ідэі аб сувязі некаторых прыпаверхневых структур у зямной кары са зледзяненнямі ўзніклі са станаўленнем у канцы 19 ст. ледавіковай тэорыі і звязаны з даследаваннямі ням. геолага В.Пенка, рус. вучоных А.А.Інастранцава, А.Э.Гедройца і інш.; пазней пытаннямі гляцыятэктонікі займаліся М.І.Крыгер, Ю.А.Лаўрушын, бел. вучоны Г.І.Гарэцкі і інш. Гляцыятэктоніка сфарміравалася на стыку чацвярцічнай геалогіі, геатэктонікі, геамарфалогіі і гляцыялогіі.
На тэр. Беларусі гляцыятэктанічныя структуры (гляцыядыслакацыі) выражаны разнастайнымі формамі. Звесткі пра гляцыятэктоніку выкладзены ў працах Э.А.Ляўкова. Вывучэнне такіх структур і працэсаў, што іх абумовілі, неабходна пры геал. карціраванні чацвярцічных адкладаў, інж.-геал. даследаваннях, пошуках і разведцы радовішчаў карысных выкапняў і інш.
нізавая адм.-тэр. адзінка ў Польшчы ў 1809—1954 і з 1973, у т. л. ў Зах. Беларусі ў 1921—39. Захопленыя Польшчай у 1920 землі Беларусі таксама былі падзелены на гміны. Сярэдняя плошча гміны і колькасць населеных пунктаў у ёй у кожным ваяводстве былі розныя. Існавалі сельскія і гарадскія гміны. Сельскай гмінай кіравалі войт, гмінныя рада і ўправа (апошняя складалася з войта і лаўнікаў). Фактычна ўсімі справамі гміны распараджаўся войт. У гарадах Польшчы і Зах. Беларусі існавалі гарадскія гміны. Органамі кіравання іх былі бургамістр (у вял. гарадах наз. прэзідэнт), магістрат і гар. савет. У Польшчы падзел на гміны ліквідаваны ў 1954 і замест іх утвораны грамады. Адноўлены гміны ў 1973.
ГМЫ́РА (Барыс Раманавіч) (5.8.1903, г. Лебядзін, Украіна — 1.8.1969),
украінскі спявак (бас). Нар.арт.СССР (1951). Скончыў харкаўскія інж.-буд. ін-т (1935), кансерваторыю (1939). З 1936 саліст Харкаўскага, з 1939 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. Валодаў голасам мяккага аксамітнага тэмбру, вял. дыяпазону. Першы выканаўца партый Крываноса («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Ціхана Несцерава («Зара над Дзвіной» Ю.Мейтуса), Рушчака («Мілана» Г.Майбарады). Сярод інш. партый: Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Тарас Бульба (аднайм. опера М.Лысенкі). Канцэртны рэпертуар уключаў творы укр., рус. і замежных кампазітараў, нар. песні. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1939). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1952.
ГМЫРА́К (Лявон) (сапр.Бабровіч Мечыслаў; 18.4.1891, в. Параф’янава Докшыцкага р-на Віцебскай вобл. — 13.7.1915),
бел. крытык, публіцыст і празаік. Вучыўся ў 1-й Віленскай гімназіі. Скончыў прыватную тэхнічна-прамысл. школу ў Варшаве (1912). Працаваў у Вільні, фальварках Віленскай губ. У 1914 прызваны ў армію, загінуў на фронце. Супрацоўнічаў з газ. «Наша ніва». Аўтар апавядання «Васілёва вяселле» (1913), нарыса па гісторыі нац.-культ. руху «Беларускае нацыянальнае адраджэнне» (1914), артыкулаў па гісторыі бел. культуры, актуальных праблемах сац.-паліт. жыцця, арт. «Тарас Шаўчэнка» (1914) і інш. Выступаў за культурна-нац. аўтаномію Беларусі ў саюзе з дэмакр. сіламі Расіі.
Тв.:
Творы: Проза. Крытыка. Публіцыстыка. Мн., 1992.
Літ.:
Гарэцкі М. Лявон Гмырак (1891—1915) // Гарэцкі М. Творы. Мн., 1990;
Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 217—219.
група жукоў сям. пласцініставусых. Уключае падсям. гнаевічкі (Aphodiinae), сапраўдныя гнаевікі, або геатрупы (Geotrupinae), гнаевікі (Coprinae) і інш. Больш за 6 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. На Беларусі часцей трапляюцца прадстаўнікі падсям. геатрупаў і гнаевічкоў; гнаявік веснавы (Geotrupes vernalis) занесены ў Чырв. кнігу.
Цела (даўж. 3—70 мм) бурае або чорнае, іншы раз з метал. бляскам. Яйцы адкладваюць у памёт жывёл. Жукі і лічынкі большасці гнаевікоў кормяцца гноем, нямногія трупамі, расліннаедныя. Некат. жукі назапашваюць памёт у выглядзе шарыкаў і закопваюць іх у норкі. Карысныя як «санітары» і глебаўтваральнікі; некаторыя — прамежкавыя гаспадары паразітычных чарвей.