ГЛЯЦЫЯЛО́ГІЯ (ад лац. glacies лёд + ...логія),

навука, якая вывучае гляцыясферу: прыродныя льды на паверхні Зямлі, у атмасферы, гідрасферы і літасферы, рэжым і дынаміку іх развіцця, узаемадзеянне з навакольным асяроддзем, месца лёду ў эвалюцыі Зямлі. Разам з геакрыялогіяй аб’ядноўваецца ў крыялогію Зямлі.

Як самаст. галіна навукі пачала фарміравацца ў канцы 18 — пач. 19 ст. Вял. ўклад зрабілі рус. вучоныя П.​А.​Крапоткін, У.​І.​Вярнадскі, А.​І.​Ваейкаў, С.​В.​Калеснік, М.​У.​Тронаў, П.​А.​Шумскі і інш. Падзяляецца на некалькі раздзелаў, аб’ектамі вывучэння якіх з’яўляюцца ледавікі, снег, лавіны, ільды вадаёмаў і вадацёкаў і інш. Вызначае ролю льдоў і снегавога покрыва ў эвалюцыі прыроднага асяроддзя, ацэнцы і рэгуляванні водных рэсурсаў, распрацоўвае шляхі штучнага ўздзеяння на снегавое покрыва і розныя віды льдоў.

А.​К.​Карабанаў.

т. 5, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)