Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРДО́ЎСКІ (Дзмітрый Мікалаевіч) (5.9.1866, г. Пераслаўль-Залескі Яраслаўскай вобл., Расія — 9.2.1943),

расійскі мастак, педагог. Засл. дз. маст. РСФСР (1929). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1892—96, 1900—02) у П.​Чысцякова і І.​Рэпіна, школе А.​Ажбе ў Мюнхене (1896—1900). З 1907 праф., з 1911 правадз. чл. Пецярбургскай АМ. Выкладаў у Пецярбургскай АМ (1903—18), маск. Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—30) і інш. Майстар кніжнай ілюстрацыі (малюнкі да «Каштанкі» А.​Чэхава, 1903; «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1907—12; «Рускіх жанчын» М.​Някрасава, «Рэвізора» М.​Гогаля, абедзве 1922; «Пятра I» А.​М.​Талстога, 1932). Аўтар карцін, акварэлей, малюнкаў, прысвечаных эпосе Пятра I, пушкінскаму часу, дзекабрыстам («На Сенацкай плошчы», 1927, і інш.). Працаваў як тэатр. мастак у маск. Малым т-ры.

Тв.:

Об искусстве: Воспоминания, статьи, письма. М., 1960.

Літ.:

Подобедова О.И. Д.Н. Кардовский. М., 1957.

Дз.Кардоўскі. Ілюстрацыя да «Рэвізора» М.​В.​Гогаля. 1922.

т. 8, с. 66

КАРДО́ЎСКІ ХАЛІФА́Т,

мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 929—1031. Засн. апошнім эмірам Кардоўскага эмірата Абдарахманам III з дынастыі Амеядаў, які значна пашырыў і ўмацаваў тэр. дзяржавы і абвясціў сябе халіфам (929). Сталіца — г. Кордава. Быў цэнтралізаванай дэспатыяй, у якой панавалі араба-берберская і частка мясц. ісламізаванай знаці; аснову эканомікі складала буйное землеўладанне. Найб. росквіту дасягнуў у 2-й пал. 10 ст. (развіццё рамёстваў, сельскай гаспадаркі, суднабудавання і знешняга гандлю, рост гарадоў). Меў значныя армію і флот, якія атрымалі шэраг перамог над каралеўствам Леон і інш. хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава. Міжусобныя войны ў пач. 11 ст., што суправаджаліся спусташэннямі і разбурэннем многіх гарадоў, і спыненне ў 1031 дынастыі Амеядаў прывялі да распаду К. х.

т. 8, с. 66

КАРДО́ЎСКІ ЭМІРА́Т,

мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 756—929. Сталіца — г. Кордава. Заснавальнік — Абдарахман I, адзіны ўцалелы прадстаўнік скінутай Абасідамі дынастыі араб. халіфаў Амеядаў, уцёк на Пірэнейскі п-аў, б. ч. якога была падпарадкавана ў ходзе арабскіх заваяванняў, і абвясціў сябе эмірам. К. э. вёў войны з хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава (Астурыйскае і Наварскае каралеўствы і інш.). Прыгнёт з боку мясц. і араба-берберскай знаці выклікаў частыя паўстанні карэнных сялян і гараджан, якія жорстка падаўляліся. Да пач. 10 ст. цэнтр. ўлада ў К. э. аслабела, яе ўзмацненне адбылося пры Абдарахмане III, які ў 929 абвясціў сябе халіфам і заснаваў Кардоўскі халіфат.

т. 8, с. 66

КАРДУЛЕГА́СТРЫ,

насякомыя, гл. Булавабрухі.

т. 8, с. 66

КАРДУ́ЧЫ ((Carducci) Джазуэ) (27.7.1835, Валь-ды-Кастэла, Італія — 16.2.1907),

італьянскі паэт. Скончыў Пізанскую вышэйшую школу. З 1860 праф. Балонскага ун-та. Друкаваўся з 1850. Ранняя творчасць прасякнута ідэаламі Рысар-джымента (зб. «Юнацкія вершы», 1850—60, і інш.). Антырамантык, прыхільнік класіцызму ў яго рэаліст. выявах. У сваіх творах супрацьпастаўляў пасрэднасць тагачаснага жыцця ант. доблесці, усхваляў «свабодную думку», выступаў за ўз’яднанне Італіі, супраць клерыкалізму (паэма «Гімн Сатане», 1863; зб-кі «Лёгкае і сур’ёзнае», 1861—71, «Ямбы і эподы», нап. 1867—79, выд. 1882). Яго паэзія ў маст. плане блізкая паэзіі франц. групы «Парнас» сваёй пластычнасцю, гіст. апісаннем, натуральнасцю пейзажу (зб-кі «Новыя рыфмы», 1861—87; «Варварскія оды», 1878—89). У пазнейшай творчасці адчуваецца збліжэнне з познім рамантызмам (зб. «Рыфмы і рытмы», 1887—99). Паўплываў на італьян. паэзію канца 19 ст. Аўтар арт. пра Дантэ, Ф.​Петрарку, Дж.​Бакачыо. Нобелеўская прэмія 1906.

Тв.:

Рус. пер. — Избранные стихи. М., 1950;

Избранное. М., 1958.

С.​В.​Логіш.

Дж.Кардучы.

т. 8, с. 66

КАРДЫЕРЫ́Т (ад імя франц. геолага П.Л.​А.​Кардзье),

мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат магнію (Mg, Fe)2Al3[AlSi5O18]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя або масіўныя. Колер сінявата-шэры, фіялетавы, буры, часам бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Характэрны плеахраізм (дыхраіт). Паходжанне пераважна метамарфічнае, радзей магматычнае. На Беларусі трапляецца сярод гліназёмных гнейсаў жалезаруднай аколаўскай серыі ў асацыяцыі з сіліманітам, біятытам, кварцам, стаўралітам і плагіяклазам. Сыравіна для вырабу керамікі; празрыстыя сінія разнавіднасці — ювелірны матэрыял.

Кардыерыт.

т. 8, с. 66

КАРДЫЁІДА (ад кардыя... + грэч. eidos выгляд),

плоская алгебраічная лінія, якая апісваецца пунктам М. акружнасці радыуса г, што коціцца па акружнасці з тым жа радыусам. К. з’яўляецца канхоідай акружнасці і прыватным выпадкам эпіцыклоіды. Гл. Гіпацыклоіда і эпіцыклоіда.

Кардыёіда.

т. 8, с. 67

КАРДЫЛЬЕ́РА-БЕТЫ́КА (Cordillera Betica),

тое, што Андалускія горы.

т. 8, с. 67

КАРДЫЛЬЕ́РА-РЭА́ЛЬ (Cordillera Real),

горны хрыбет на У Цэнтр. Андаў, у Балівіі і Перу, на У ад воз. Тытыкака. Выш. да 6550 м (г. Анкаума). Складзеных палеазойскіх асадкавых парод, прарваных інтрузіямі. Вельмі расчлянёны рэкамі бас. р. Бені. Характэрны альпійскія формы рэльефу. На Пн і Пд ледавікі. Усх. схілы ўкрыты горнымі вільготнымі трапічнымі лясамі, зах. — паўпустынныя У вярхоўі р. Ла-Пас размешчана сталіца Балівіі — г. Ла-Пас.

т. 8, с. 67

КАРДЫЛЬЕ́РЫ (ісп. Cordilleras літар. горныя ланцугі),

найвялікшая горная сістэма Зямлі ўздоўж зах. ускраін Паўн. і Паўд. Амерыкі ад 66° паўн. ш. (Аляска) да 56° паўд. ш. (Вогненная Зямля). Падзяляюцца на 2 часткі: Кардыльеры Паўночнай Амерыкі і К. Паўд. Амерыкі, або Анды. Даўж. больш за 18 тыс. км, шыр. да 1600 км у Паўн. Амерыцы і да 900 км у Паўднёвай. Размешчаны на тэр. Канады, ЗША, Мексікі, Гватэмалы, Гандураса, Сальвадора, Нікарагуа, Коста-Рыкі, Панамы, Венесуэлы, Калумбіі, Эквадора, Перу, Балівіі, Аргенціны і Чылі. З’яўляюцца водападзелам паміж бас. Атлантычнага і Ціхага акіянаў, а таксама рэзка выражанай кліматычнай мяжой. Па вышыні саступаюць Гімалаям і горным сістэмам Цэнтр. Азіі. Найб. высокія вяршыні К.: у Паўн. Амерыцы — г. Мак-Кінлі (6193 м), Паўд. Амерыцы — г. Аканкагуа (6960 м). Каля 80 дзеючых вулканаў (Катмай, Сен-Мігель, Льяйма і інш.). Высокая тэктанічная актыўнасць. Пл. зледзянення каля 90 тыс. км².

Да арт. Кардыльеры. Парк Маўнт-Робсан у правінцыі Брытанская Калумбія, Канада.

т. 8, с. 67