КАРБАНІ́ЛЫ МЕТА́ЛАЎ,
хімічныя злучэнні металаў з аксідам вугляроду CO. Найб. даследаваны карбанілы пераходных металаў VI—VIII груп перыяд. сістэмы элементаў.
Адрозніваюць аднаядзерныя з 1 атамам мешу [напр., Ni(CO)4 тэтракарбаніл нікелю] і шмат’ядзерныя з некалькімі атамамі металу ў малекуле (напр., Co2(CO)8 октакарбанілдыкобальт, Fe3(CO)12 додэкарбанілтрыжалеза]. Большасць К.м. — крышт. рэчывы лёгкалятучыя і лёгкаплаўкія [напр. Co2(CO)8. крышталі аранжавага колеру, tпл 51 °C]; Ni(CO)4 і пентакарбанілы жалеза, рутэнію і осмію — вадкасці [напр., Fe(CO)5 — жоўтая вадкасць, tкіп 103 °C, шчыльн. 1460 кг/м³]. Раствараюцца ў арган. растваральніках. Пры награванні раскладаюцца на CO і метал. Атрымліваюць узаемадзеяннем CO з металамі (жалеза, нікель, кобальт) ці з іх злучэннямі ў прысутнасці аднаўляльнікаў (напр., вадароду, магнію, рэактываў Грыньяра). Выкарыстоўваюць для атрымання звышчыстых металаў, металаарган. злучэнняў; як каталізатары шматлікіх хім. працэсаў (гідрыравання, полімерызацыі, ізамерызацыі і інш.). Высокатаксічныя; асабліва атрутныя Ni(CO)4 і Fe(CO)5.
Літ.:
Сыркин В.Г. Карбонилы металлов. М., 1983.
т. 8, с. 63
КАРБАНІ́ЛЬНАЯ ГРУ́ПА,
двухвалентная атамная група; функцыянальная група альдэгідаў і кетонаў, >C = O. Уваходзіць у састаў карбаксільнай групы.
т. 8, с. 63
КАРБАРА́НЫ,
борарганічныя злучэнні агульнай формулы CnBmHn+m, дзе n = 1—6, m = 3—10. Малекулы К. маюць структуру паліэдраў, у вяршынях якіх размешчаны атамы бору B і вугляроду C, звязаныя шматцэнтравымі сувязямі (гл. Каардынацыйная сувязь). Кожны атам B і C злучаны з атамам вадароду Н.
Лятучыя бясколерныя вадкасці ці цвёрдыя рэчывы. Не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў арган. растваральніках. Ніжэйшыя К. (з m = 3—5) у паветры павольна акісляюцца, вышэйшыя (m = 10) — устойлівыя і нетаксічныя. Атрымліваюць узаемадзеяннем вытворных ацэтылену з боравадародамі. Выкарыстоўваюць як кампаненты рэактыўнага паліва. сыравіну ў вытв-сці тэрмаўстойлівых палімераў.
т. 8, с. 63
КАРБАФО́С,
O, O-дыметыл-S (1,2-дыкарбэтаксіэтыл) дытыяфасфат, хімічны прэпарат для аховы с.-г. культур ад шкодных насякомых; кантактавы інсектыцыд, акарыцыд і нематыцыд. Выкарыстоўваюць канцэнтрат эмульсіі для апырсквання збожжавых, цукр. буракоў, лёну, гародніны, яблынь, груш і інш. Сярэднетаксічны для чалавека і жывёл: ГДК 0,5 мг/м³, у вадзе — 0,05 мг/л.
т. 8, с. 63
КАРБАЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ (ад карба... + грэч. kyklos кольца),
клас арган. рэчываў, малекулы якіх маюць адзін або некалькі цыклаў (кольцаў) з трох і болей атамаў вугляроду. Падзяляюць на аліцыклічныя злучэнні і араматычныя злучэнні (бензол і поліцыклічныя злучэнні, пабудаваныя з кандэнсаваных бензольных кольцаў).
Першым К.з. з вызначанай структурай быў бензол, для якога ням. хімік Ф.Кекуле прапанаваў у 1865 цыклічную шасцічленную структурную форму. У 1882—85 сталі вядомыя 3-, 4-, і 5-членныя карбацыклы. У 1920—34 Л.Ружычка сінтэзаваў аліцыклічныя кетоны, цыклы якіх мелі ад 8 да 34 атамаў вугляроду. Магчымы сінтэз карбацыклаў з неабмежаванай колькасцю атамаў.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 8, с. 63
КАРБІ́ДЫ (ад карба... + грэч. eidos від, выгляд),
злучэнні вугляроду з металамі, а таксама крэмніем і борам.
Паводле тыпу хім. сувязі падзяляюць на іонныя (К. шчолачных і шчолачназямельных металаў, рэдказямельных элементаў, актыноідаў і алюмінію), кавалентныя (К. бору і крэмнію карбід) і металападобныя (К. пераходных металаў IV—VII груп перыяд. сістэмы элементаў, а таксама жалеза, кобальту, нікелю). Пры пакаёвай т-ры крохкія цвёрдыя рэчывы. Іонныя К. раскладаюцца вадой з вылучэннем метану, ацэтылену ці сумесі вуглевадародаў (гл. Кальцыю карбід). Кавалентныя і металападобныя К. тугаплаўкія, гарачаўстойлівыя, хімічна інертныя, маюць высокую цвёрдасць, найб. — у К. бору (гл. Бору злучэнні), крэмнію і берылію. Атрымліваюць узаемадзеяннем элементаў ці аксідаў металаў з вугляродам у вакууме або інертным асяроддзі пры высокіх т-рах; металатэрмічным спосабам — аднаўленнем аксідаў металаў магніем, кальцыем ці алюмініем у прысутнасці вугляроду. Выкарыстоўваюць для атрымання цвёрдых сплаваў (К. вальфраму WC, тытану TiC, танталу TaC і інш.), гарачаўстойлівых і гарачатрывалых кампазіцыйных матэрыялаў, як аднаўляльнікі і каталізатары ў хім. працэсах. Гл. таксама Жалезавугляродзістыя сплавы.
т. 8, с. 63
КАРБІ́Н,
адна з крышт. мадыфікацый вугляроду з ланцужковай будовай малекул. Паўправаднік n-тыпу (шырыня забароненай зоны 0,64 эВ). У прыродзе мінерал чааіт (белыя прожылкі і ўкрапіны ў графіце). Штучны атрымліваюць акісляльнай дэгідраполікандэнсацыяй ацэтылену, уздзеяннем лазернага выпрамянення на графіт, у нізкатэмпературнай плазме з вуглевадародаў ці чатыроххлорыстага вугляроду.
т. 8, с. 63