КАРАТКЕ́ВІЧ (Нэлі Васілеўна) (н. 18.1.1937, г. Пенза, Расія),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1977). Скончыла тэатр. студыю Бранскага абл.драм.т-ра (1961), Ленінградскі ін-т культуры (1981). Працавала ў т-рах Гомеля (1966—67), Магілёва (1970—75), Гродна (1975—81), Бранска, Ноўгарада. У 1985—86 у Дзярж. маладзёжным т-ры Беларусі. Выканаўца лірыка-драм. і характарных роляў. Створаныя ёю вобразы вызначаюцца ўнутр. псіхалагічнасцю і знешняй выразнасцю. Сярод роляў: у Магілёўскім абл.драм. т-ры — Паўлінка («Паўлінка» Я.Купалы), Зубрыч («Трывога» А.Петрашкевіча), Іванская («Аперацыя «Мнагажэнец» А.Дзялендзіка), Нора («Лялечны дом» Г.Ібсена); у Гродзенскім абл.драм. т-ры — Каця («Трэцяга не дадзена» Л.Караічава), Соф’я («Зыкавы» М.Горкага), Ларыса («Беспасажніца» А.Астроўскага), Камісар («Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага) і інш.
КАРАТКЕ́ВІЧ (Піліп Мацвеевіч) (14.11.1881, г.п. Глуск Магілёўскай вобл. — 20.3.1921),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1901), настаўнічаў. На 1-м Усерас. з’ездзе сял. дэпутатаў (май 1917, Петраград) увайшоў у групу «14-ці беспартыйных» з Беларусі на чале з М.В.Фрунзе, абраны чл. Выканкома Усерас. Савета сял. дэпутатаў. У 1917 старшыня выканкома Бабруйскага пав. Савета сял. дэпутатаў, нам. старшыні Бел.абл.к-та пры Усерас. Савеце сял. дэпутатаў, узначальваў (з В.Селіванавым) Бел. аддзел Наркамнаца. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. У 1918 і 1919 арыштоўваўся ням. і польск. ўладамі. З 1920 на пед. рабоце.
КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Аляксандравіч) (н. 3.7.1939, г. Чачэрск Гомельскай вобл.),
бел. акцёр і рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961), Ленінградскі ін-тт-ра, музыкі і кінематаграфіі (1967). Працаваў акцёрам у Бел. т-ры імя Я.Коласа (1961—64), гал. рэжысёрам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і маст. кіраўніком у Гомельскім (1967—68), Магілёўскім (1970—75), Гродзенскім (1975—81) абл.драм. т-рах, Т-ры юнага гледача Беларусі (1983—89), Бел.рэсп. т-ры драмы і камедыі (1989—91), Брэсцкім рус.драм. т-ры (1991—93), у абл.драм. т-рах Бранска, Пскова, Ноўгарада. З 1993 маст. кіраўнік Гомельскага абл.драм.т-ра. Сярод роляў: Барыс Мякішаў («Пад адным небам» А.Маўзона), Шкаляр («Несцерка» В.Вольскага), Васіль Забалотны («У дзень вяселля» В.Розава) і інш.; пастановак: у Гомельскім т-ры — «Мяшчане» М.Горкага і «Вайна пад стрэхамі» паводле А.Адамовіча (1967); у Магілёўскім т-ры — «Паўлінка» Я.Купалы і «Клоп» У.Маякоўскага (1971), «Рамэо і Джульета» У.Шэкспіра (1972); у Гродзенскім т-ры — «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага і «Беспасажніца» А.Астроўскага (1975), «Зыкавы» М.Горкага (1979); у Т-ры юнага гледача — «Паядынак» М.Матукоўскага і «Асоль» паводле аповесці А.Грына «Пунсовыя ветразі» (1984) і інш.
КАРАТКЕ́ВІЧ (Уладзімір Сямёнавіч) (26.11.1930, г. Орша Віцебскай вобл. — 25.7.1984),
бел. пісьменнік. Скончыў Кіеўскі ун-т (1954), Вышэйшыя літ. (1960) і сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. Настаўнічаў у в. Лесавічы Тарашчанскага р-на Кіеўскай вобл. (1954—56), у Оршы (1956—58). Дэбютаваў вершамі ў 1951. Найбольшую прыхільнасць выяўляў да гіст. тэматыкі, плённа развіваў адраджэнскія ідэі. Істотна ўзбагаціў бел. л-ру ў тэматычных і жанрава-стылявых адносінах, напоўніў яе інтэлектуальным і філас. зместам. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зб-камі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986). Паэзіі ўласцівы пранікнёны лірызм, эпічнасць, рытміка-інтанацыйная разнастайнасць, філасафічнасць, драматызм і жыццесцвярджальнае гучанне («Машэка», «Паўлюк Багрым», «Трызненне мужыцкага Брэйгеля», «Беларуская песня», «Быў. Ёсць. Буду» і інш.). У прозе ўзняў шырокія пласты нац. гісторыі, стварыў адметныя характары, раскрыў багаты духоўны свет герояў і звязаў іх асабісты лёс з лёсам Бацькаўшчыны. Лірыка-рамант. талент К.-празаіка раскрыўся ўжо ў першым зборніку апавяданняў «Блакіт і золата дня» (1961). Для пісьменніка характэрна рамантычнае, фальклорна-легендарнае асэнсаванне мінуўшчыны, яе ўплыў на духоўнае жыццё народа і грамадскую свядомасць. Паэтызуючы гісторыю, уздымаў пытанні, актуальныя і для сённяшняга дня. У гіст.-дэтэктыўнай аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха» (1964, аднайм. кінафільм 1979) праўдзіва адлюстроўваў тагачаснае грамадства з яго нац., культ. і гіст. адметнасцямі, сцвярджаў патрыят. ідэі, асуджаў рэнегацтва і зло. У сатыр.-гумарыстычнай аповесці «Цыганскі кароль» (1961) на прыкладзе цыганскага «каралеўства» 18 ст. закранаў важныя сац.-паліт. і нац. праблемы. У рамант. аповесці «Сівая легенда» (1961) праз карціны сял. паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўваў лёс Бацькаўшчыны. У «Легендзе аб бедным д’ябле і аб адвакатах Сатаны» (нап. 1961, апубл. 1994) на грунце бел. рэчаіснасці 16 ст. ў гратэскавай форме паказаў барацьбу дабра са злом. З задуманай ім трылогіі пра паўстанне 1863—64 ажыццёўлены толькі раман «Каласы пад сярпом тваім» (1965) — шырокая панарама нар. жыцця бел. народа ў 19 ст. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак бел.гіст. раманістыцы. Адгалінаваннем рамана стала аповесць «Зброя» (нап. 1964, апубл. 1981) — сатыра на самадзяржаўна-прыгонніцкую Расію 1860-х г. У героіка-рамант. драме «Кастусь Каліноўскі» (нап. 1963, паст. 1978) паказаны складанасць і супярэчлівасць паўстання, створаны паўнакроўны вобраз Каліноўскага як непрымірымага ворага самадзяржаўя і патрыёта роднага краю. Раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, аднайм. кінафільм 1967) — філас. роздум аб прызначэнні чалавека. Гіст. аспект прысутнічае і ў творах пра сучаснасць: аповесцях «У снягах драмае вясна» (нап. 1957, апубл. 1989), «Чазенія» (1967), «Лісце каштанаў» (1973), рамане «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць», 1962; Літ. прэмія імя І.Мележа 1983), п’есах «Млын на Сініх Вірах» (паст. 1959), «Трошкі далей ад Месяца» (нап. 1959—60). У сац.-псіхал. і філас. рамане «Чорны замак Альшанскі» (1979—80; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1984; аднайм. кінафільм 1984) роздум пра непарыўную повязь часоў, а прыёмы дэтэктыўнага жанру выкарыстаны з мэтай глыбей зразумець сэнс людскога існавання. Думкай пра няскоранасць і неўміручасць народа прасякнуты п’еса «Званы Віцебска» (паст. 1974). Сац.-гіст. драма «Калыска чатырох чараўніц» (паст. 1982) пра дзіцячыя і юнацкія гады Я.Купалы. Рамантычная панарамная трагедыя «Маці ўрагану» (паст. 1988, аднайм. кінафільм 1990) прысвечана Крычаўскаму паўстанню 1743. Пачуццём любові да Беларусі, гіст. мысленнем напоўнены яго нарысы «Зямля пад белымі крыламі» (1977), нарысы, эсэ і артыкулы, напісаныя да 1000-годдзя Віцебска і Турава («Тысячу стагоддзяў табе», 1974; «Сцюдзёная вясна, або 1000 год і 7 дзён», 1980), прысвечаныя Бел. Палессю, Вільні, Кіеву, Ф.Скарыне, Я.Купалу, М.Багдановічу і інш. Пісаў творы для дзяцей («Казкі», 1975). Пераклаў на бел. мову паасобныя творы Катула, Дж.Байрана, А.Міцкевіча, І.Франка, М.Карыма, Р.Гамзатава, Махтумкулі і інш. (зб. «Галасы маіх сяброў», 1993). У творчай спадчыне К. захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў. Ён аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Сведкі вечнасці» (1964), «Памяць» (1966), «Чырвоны агат» (1973) і інш. Па яго творах паст.маст. фільмы, тэле- і радыёспектаклі, оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз.Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха (1989, кампазітар У.Солтан). Творы К. перакладзены на многія мовы свету. Ён выступаў у абарону бел. мовы, культуры, помнікаў архітэктуры і прыроды. У Оршы і Віцебску К. пастаўлены помнікі, яго імем названы вуліцы, школа ў Оршы (у ёй літ. музей К.). У Мінску на доме, дзе жыў апошнія гады, і ў Оршы на бацькоўскім доме — мемар. дошкі. У Оршы заснаваны музей К.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1987—91;
У дарозе і дома: З зап. кніжак // Полымя. 1989. № 1—3;
З вякоў мінулых. Мн., 1990;
Творы. Мн., 1996.
Літ.:
Андраюк С. Пісьменнікі. Кнігі. Мн., 1997;
Быкаў В. Зб.тв.Мн., 1994. Т. 6. С. 408—412;
Верабей А. Абуджаная памяць. Мн., 1997;
Калеснік У. Усё чалавечае. Мн., 1993;
Локун В. Маральна-філасофскія пошукі беларускай ваеннай і гістарычнай прозы, 1950—1960-я гг.Мн., 1995;
Мальдзіс А. Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча. Мн., 1990;
Прашковіч Л. Услаўляючы гераічнае мінулае // Бел. літаратура. Мн., 1977. Вып. 5;
Русецкі А. Уладзімір Караткевіч: праз гісторыю ў сучаснасць. Мн., 1991;
Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982;
Шынкарэнка В. Пад ветразем дабра і прыгажосці. Мн., 1995.
КАРАТКЕ́ВІЧ (Яўген Аляксандравіч) (н. 26.6.1948, Мінск),
бел. вучоны ў галіне нейрахірургіі і анкалогіі. Д-рмед.н. (1987), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1972). З 1975 у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі, з 1988 у Бел.НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі (з 1990 дырэктар). Навук. працы па мікрахірургіі чэрапна-мазгавых і перыферыйных нерваў, лячэнні пухлін ц. н. с., эпідэміялогіі злаякасных новаўтварэнняў, рэабілітацыі анкалагічных хворых.
Тв.:
Лицевой нерв в хирургии неврином слухового нерва. Мн., 1978 (у сааўт.);
Актуальные проблемы онкологии и медицинской радиологии: Сб. науч. работ. Мн., 1992—97 (у сааўт.).
КАРАТКО́Ў (Аляксей Іванавіч) (12.8.1904, с. Звягіна Першамайскага р-на Яраслаўскай вобл., Расія — 6.10.1943),
удзельнік баёў на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з кастр. 1941, кулямётчык. У кастр. 1943 знішчыў варожы кулямёт з разлікам каля в. Нова-Аляксееўка Віцебскага р-на, адкрыў узводу шлях для атакі. Загінуў у баі, закрыўшы сваім целам камандзіра ўзвода.
КАРАТКО́Ў (Аркадзь Цімафеевіч) (н. 26.5.1939, г. Полацк Віцебскай вобл.),
бел. архітэктар. Скончыў БПІ (1967). Працаваў у ін-це «Мінскпраекг», Віцебскім філіяле Белдзяржпраекта, БелНДІ горадабудаўніцтва. З 1988 у Наваполацку, з 1990 гал. архітэктар горада. Асн. работы ў Наваполацку: забудова мікрараёнаў № 5 (1969—75) і 7 (1980—90), школа рабочай моладзі ў мікрараёне № 3 (1977—80), 5—6-павярховыя жылыя дамы па вул. Маладзёжнай (1968—79), вучэбна-вытв. камбінат нафтаправода «Дружба» (1981—83), 13-павярховы інтэрнат (1975, усе ў сааўт.). Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за планіроўку і забудову Наваполацка.
КАРАТКО́Ў (Канстанцін Мікалаевіч) (8.3.1890, г. Варонеж, Расія — 19.3.1954),
бел. хімік-арганік. Акад.АНБССР (1950, чл.-кар. 1947), д-рхім.н. (1943), праф. (1939). Засл. дз. нав. Беларусі (1949). Скончыў Горацкі с.-г.ін-т (1924), дзе працаваў у 1919—25. З 1925 у БСГА. З 1930 у Бел. лесатэхн. ін-це ў Гомелі (з 1945 у Мінску), адначасова з 1949 у Ін-це хіміі АНБССР (у 1949—52 дырэктар). Навук. працы па тэорыі сухой перагонкі драўніны, вывучэнні хім. складу і будовы тэрпеноідаў, распрацоўцы тэорыі і тэхнікі падсочкі. Аўтар манаграфій «Колькасны аналіз» (1930), «Жывіца і прадукты яе перапрацоўкі. Уплыў спосабаў хавання шпігінару на яго якасць» (1934).
Тв.:
Химическая переработка древесины. Мн., 1947;
Канифоль и скипидар. Мн., 1950.
Літ.:
Памяці прафесара К.М.Караткова // Весці АНБССР. Сер. фіз.-тэхн. навук. 1956. № 1.