КАРАНДА́Ш (сапр. Румянцаў Міхаіл Мікалаевіч; 10.12.1901, С.-Пецярбург — 31.3.1983),
расійскі артыст цырка, комік. Нар. арт. СССР (1969). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў тэхнікум цыркавога мастацтва (1930). Дэбютаваў у Маскоўскім цырку-шапіто як клоун-дывановы. Упершыню ў вобразе К. пачаў выступаць у 1934—35 у Ленінградскім цырку (узяў псеўданім франц. мастака-карыкатурыста). Выступаў з пантамімічнымі рэпрызамі, камічнымі мініяцюрамі, сатыр. нумарамі на актуальныя грамадска-паліт. тэмы. Стварыў вобраз-маску наіўнага і цікаўнага дзівака. З 1946 маст. кіраўнік групы клоунаў. Здымаўся ў кіно.
т. 8, с. 54
КАРА́НДАШАЎ (Юрый Мікалаевіч) (н. 15.10.1947, г. Волагда, Расія),
бел. вучоны-псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1991), праф. (1993). Скончыў Ленінградскі ун-т (1972). З 1977 у БДУ, з 1982 у Бел. пед. ун-це (з 1992 заг. кафедры ўзроставай і пед. псіхалогіі). Даследуе праблемы штучнага інтэлекту, псіхалогіі развіцця, метадалогіі псіхалогіі.
Тв.:
Развивающиеся роботы будущего: Науч. сказка. Мн., 1989;
Основы возрастной диагностики психического развития в раннем детстве. Мн., 1993;
Психология развития. Ч. 1—2. Мн., 1996—97.
т. 8, с. 54
КАРАНЕ́ЎСКІ (Язэп Пятровіч) (11.1.1888, г. Заслаўе Мінскай вобл. — 29.10.1937),
дзяржаўны дзеяч БССР, педагог. Правадз. чл. Інбелкульта (1924). Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1914). З 1915 выкладчык Мінскага настаўніцкага ін-та, чл. культ.-асв. гуртка «Наш край», з 1917 — арг-цыі «Маладая Беларусь» пры ін-це. Удзельнік 1-га Усерас. з’езда па асвеце (жн. 1918, Масква). З 1919 чл. пед. рады Мінскага бел. пед. ін-та. У 1919—20 выкладчык Мінскай бел. гімназіі. У 1920 нам. старшыні Беларускай камуністычнай арганізацыі, з жн. 1920 чл. КП(б)Б, заг. аддзела сац. выхавання Наркамасветы БССР. З 1926 нам. старшыні і чл. Прэзідыума Інбелкульта, у 1929—31 рэктар БДУ, канд. у чл. ЦВК БССР. З 1932 нам. дырэктара Ін-та чырв. прафесуры (Масква). 15.6.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
Э.М.Карніловіч, У.В.Ляхоўскі.
т. 8, с. 54
КАРАНЁВА, Святое возера. У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна (ручаём злучана з возерам), за 28 км на ПнЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,58 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,8 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 2,86 км². Схілы катлавіны выш. да 12 м, параслі лесам, -на ПнУ да 5 м, разараныя.
т. 8, с. 54
КАРАНО́ГРАФ (ад лац. corona вянец, вянок + ...граф),
від тэлескопа для назіранняў сонечнай кароны і храмасферы ў монахраматычным святле. Пазазацьменны К. — даўгафокусная фотакамера з монахраматычным святлафільтрам, у якой Сонца заэкранавана спец. дыскам. У час поўных сонечных зацьменняў як К. выкарыстоўваюць звычайныя тэлескопы са святлафільтрамі.
т. 8, с. 54
КАРА́НТ (Георгій Аляксеевіч) (н. 1.6.1947, с. Дзяржынаўка Шэмахінскага р-на, Азербайджан),
бел. піяніст. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Азербайджанскую кансерваторыю (1971, Баку). З 1971 канцэртмайстар Бел. кансерваторыі, з 1976 — Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Зрабіў вял. ўклад у падрыхтоўку оперных спектакляў бел. кампазітараў: «Джардана Бруна» і «Візіт дамы» С.Картэса, «Сівая легенда» Дз. Смольскага, «Новая зямля» Ю.Семянякі, «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера, «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава, «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана, шэрагу класічных опер. Выступае ў канцэртах з вядомымі бел. вакалістамі.
Р.М.Аладава.
т. 8, с. 54
КАРАНТЭ́ЙН (Corantijn),
рака на Пн Паўд. Амерыкі. Амаль на ўсім працягу з’яўляецца мяжой паміж Гаянай і Сурынамам. Даўж. каля 700 км, пл. бас. 56 тыс. км². Вытокі на У Гвіянскага пласкагор’я, цячэ па яго паўд. схіле і Гвіянскай нізіне. Упадае ў Атлантычны ак., утварае эстуарый. Парожыстая, за выключэннем ніжняга цячэння. Сярэдні гадавы расход вады каля 1200 м³/с. Суднаходная да г. Орыла.
т. 8, с. 54
КАРАНЦІ́Н (ад італьян. quaranta giorni сорак дзён),
комплекс адм. і медыка-сан. мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю эпідэмічнага ачага, з мэтай папярэдзіць пашырэнне і ліквідаваць інфекцыйныя хваробы ў ім. Уведзены ў Італіі ў 14 ст., калі судны, што прыбывалі з мясцовасці, небяспечнай на чуму, трымалі на рэйдзе 40 дзён (адсюль назва). Пазней К. пачалі выкарыстоўваць для барацьбы з каранціннымі хваробамі.
Каранцінныя адм.-сан. мерапрыемствы: забарона прыезду і выезду за межы дзяржавы, прыёму пасылак, закрыццё дзярж. граніц і інш.; мед.-сан.: агляд пасажыраў і экіпажаў, ізаляцыя падазроных на хваробу і хворых, абсервацыя асоб, якія былі ў кантакце з хворымі, прышчэпкі Пры ўзнікненні асабліва небяспечных інфекц. хвароб на К. пераводзяцца асобныя парты, чыг. станцыі, нас. пункты. У штодзённай практыцы сап. органы ўводзяць К. і пры інш. інфекц. хваробах (не каранцінных) у дзіцячых установах, бальніцах. Працягласць К. не меншая, чым макс. інкубацыйны перыяд хваробы.
Ветэрынарны К. — сістэма абмежавальных мерапрыемстваў, каб папярэдзіць занясенне і пашырэнне інфекц. хвароб жывёлы. Бывае прафілакт. і пры выяўленні інфекц. хваробы. Устанаўліваецца пры сібірскай язве, сапе, яшчуры, шаленстве, чуме і інш. На Беларусі першае каранціннае аддзяленне арганізавана ў Магілёве ў 1825. Адзіныя каранцінныя мерапрыемствы зацверджаны Вет. статутам БССР (1924). К. раслін — сістэма дзярж. мерапрыемстваў па ахове тэрыторыі ад пранікнення з інш. дзяржаў небяспечных шкоднікаў, узбуджальнікаў хвароб і шкоднага пустазелля, па ліквідацыі ачагоў заражэння. Гл. Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.
Э.А.Вальчук.
т. 8, с. 54
КАРАНЦІ́ННЫЯ ХВАРО́БЫ, канвенцыйныя хваробы (ад лац. conventio дагавор, пагадненне),
інфекцыйныя хваробы, што характарызуюцца вял. заразлівасцю і высокай смяротнасцю і ў адносінах да якіх выкарыстоўваюцца дзеянні Міжнар. каранціну ці міжнар. сан. канвенцый. Да К.х. адносяцца: воспа натуральная, жоўтая ліхаманка, халера, чума (да 1979). Гл. таксама Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.
т. 8, с. 54