КАРАСЁЎ (Іван Васілевіч) (11.9.1910, с. Новы Ропск Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 22.1.1983),
бел. жывапісец-пейзажыст. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1933). Працаваў мастаком у т-рах Беларусі і Расіі (1936—47). Творы вылучаюцца тонкім адчуваннем хараства бел. прыроды, вобразнай выразнасцю, напоўненасцю філас. роздумам: «Маладая зеляніна» (1957), «Восень» (1961), «Маладое жыта» (1964), «Край беларускі» (1969), «Сакавіцкі вечар у вёсцы (1973), «Зжатае поле» (1975), «Веснавы дзень» (1978), «Бярэзіна» (1969—78) і інш. Стварыў серыю пейзажаў купалаўскіх мясцін (1967—73). Творчай манеры ўласціва пленэрнасць, абагульненасць і лаканічнасць форм, мяккасць каларыту.
КАРАСЁЎ (Іван Раманавіч) (2.5.1922, в. Вілейка Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 7.11.1955),
Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Мурманскае ваен. вучылішча сувязі (1946). У Вял.Айч. вайну з ліп. 1941 на Паўн.-Зах., Сцяпным, 1-м і 2-м Укр. франтах. Удзельнік Курскай бітвы, Корсунь-Шаўчэнкаўскай аперацыі, вызвалення Украіны, Малдавіі, Румыніі, Венгрыі. Вызначыўся ў 1943 пры фарсіраванні р. Дняпро каля Кіева. У ліку першых пераправіўся на правы бераг і пад варожым агнём наладзіў сувязь дэсанта з камандным пунктам палка.
КАРАСЁЎ (Мікалай Піліпавіч) (н. 27.7.1934, в. Пісарава Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-рвет.н. (1988), праф. (1990). Скончыў Віцебскі вет.ін-т (1959). З 1970 у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны. Навук. працы па вывучэнні шляхоў распаўсюджвання гельмінтаў свойскіх і дзікіх жывёл і распрацоўцы метадаў барацьбы з гельмінтозамі с.-г. і прамысл. жывёл. Распрацаваў рэкамендацыі па барацьбе з паразітамі коней, прафілактыцы трыхінелёзу ў зверагадоўчых гаспадарках і інш.
Тв.:
Трематодозы диких копытных Белоруссии. Мн., 1981 (разам з В.Ф.Літвінавым);
Паразитарные болезни животных: Справ. пособие. Мн., 1991 (разам з М.В.Якубоўскім).
род прэснаводных рыб сям. карпавых. 2 віды: К. звычайны, або залаты (Carassius carassius), і К. сярэбраны (C. auratus), які бывае 2 падвідаў. Пашыраны ў Еўразіі. Адзін падвід (C.a. auratus), ад якога паходзіць акварыумная залатая рыбка, жыве ў Кітаі, другі (C.a. gibelio) — ад бас. Амура да З Еўропы. На Беларусь К. сярэбраны завезены ў 1948. Жывуць у азёрах, рэках, сажалках.
Даўж. да 50 см, маса да 5 кг. Луска буйная. Цела высокае, спіна цёмна-карычневая, бакі залацістыя. Палавая спеласць у 2—5 гадоў. Для К. сярэбранага ўласцівы гінагенез. Нераст парцыённы. Кормяцца бентасам, планктонам, воднай расліннасцю, дэтрытам. Зімуюць на дне вадаёмаў, у муле.
КАРА́СІК (Юлій Юр’евіч) (н. 24.8.1923, г. Херсон, Украіна),
расійскі рэжысёр. Нар.арт. РСФСР (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1951). Працаваў на кінастудыях Свярдлоўскай, «Ленфільм» і «Масфільм». Фільмы вызначаюцца псіхал. манерай апавядальнасці, яркімі акцёрскімі работамі: «Дзікі сабака Дзінга» (паводле Р.Фраермана, 1962, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Шостае ліпеня» (паводле М.Шатрова, 1968, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Чайка» (1972), «Самы гарачы месяц» (1974) і інш. У 1979 паставіў тэлефільм «Шклянка вады» (паводле Э.Скрыба).
КАРАСЛА́ВАЎ (Георгі Славаў) (12.1.1904, г. Першамай, Балгарыя — 26.1.1980),
балгарскі пісьменнік. Акад.Балг.АН (1961). Нар. дз. культ. Балгарыі (1963). Скончыў Сафійскі ун-т (1930). Друкаваўся з 1919. Першы зб.апавяд. «Беспрытульнікі» (1926). У зб-ках «Жалейка плача» (1927), «На варце» (1932), «На два франты» (1934), «Вясковыя гісторыі» (кн. 1—2, 1946—50), аповесцях «Селькор» (1933), «Танга» (1948), раманах «Дурман» (1938), «Нявестка» (1942), «Простыя людзі» (кн. 1—6, 1952—75) жыццё балг. вёскі. Аўтар п’ес «Габеравы» (1955), «Камень у балота» (1959), зб.літ.-крытычных арт. «Блізкія і знаёмыя» (1968), прозы для дзяцей і юнацтва. Дзімітраўская прэмія 1950 і 1959. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў В.Нікіфаровіч.
Тв.:
Бел.пер. — Нявестка. Мн., 1966;
Рус.пер. — Избранное. Т. 1—2. М., 1983.
Літ.:
Андреев В.Д. Георгий Караславов: Критико-биогр. очерк. Л., 1972.
плато на У Тайланда. Пл. каля 160 тыс.км². Выш. ў цэнтр.ч. каля 150 м, на ўскраінах — да 500 м і больш, дзе ўтвораны нізкагор’і Дангрэк і Дангн’яфай, стромка абрываюцца ў Менамскую нізіну і да басейна ніжняга цячэння р. Меконг. Складзена з мезазойскіх чырванаколерных пясчанікаў і кангламератаў. Радовішчы солі. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Саванны і мусонныя лістападныя лясы, на ўскраінах вільготныя вечназялёныя лясы. Рысаводства на арашальных землях. Жывёлагадоўля.
КАРАТА́ЕЎ (Аляксандр Юр’евіч) (н. 14.1.1954, г. Батумі, Грузія),
бел. вучоны ў галіне экалогіі і гідрабіялогіі. Д-рбіял.н. (1992). Скончыў БДУ (1976), дзе і працуе (з 1997 заг. кафедры). Навук. працы па ахове, рацыянальным выкарыстанні і кіраванні прэснаводнымі экасістэмамі, экалогіі вадаёмаў-ахаладжальнікаў, відавым складзе, біялогіі, экалогіі і прадукцыйнасці донных і перыфітонных беспазваночных, радыеэкалогіі ўнутр. вадаёмаў.
Тв.:
Дрейссена = Dreissena polymorpha (Pali.) (Bivalvia, Dreissenidae): Систематика, экология, практич. значение. М., 1994 (у сааўт.).
КАРАТА́ЕЎ (Герман Іванавіч) (н. 3.10.1931, р.п. Балаганск Усць-Удзінскага р-на Іркуцкай вобл., Расія),
бел. геафізік, геолаг. Д-р геолага-мінералагічных н. (1968), праф. (1970). Чл.-кар.Міжнар.АН Еўразіі (1996). Скончыў Новасібірскі ін-т геадэзіі, аэраздымкі і картаграфіі (1953). З 1987 заг. лабараторыі Ін-та геал. навук Нац.АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі комплекснай і геал. інтэрпрэтацыі геафіз. палёў, глыбіннай будове і фіз. неаднароднасці зямной кары і верхняй мантыі Зямлі, глыбіннай геафізіцы і карысных выкапнях, экалагічнай геафізіцы.
Тв.:
Геофизические модели земной коры Белорусско-Прибалтийского региона. Мн., 1993 (у сааўт.);
Нелинейные дисперсионные модели структурной геофизики. Мн., 1997 (разам з В.К.Фурс).