Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛАКТА́ЦЫЯ

(ад лац. lactare мець малако, карміць малаком),

утварэнне малака ў малочных залозах, назапашванне і перыядычнае выдзяленне пры ссанні ці даенні. Уласціва самкам млекакормячых жывёл і чалавеку. Складаны нейраэндакрынны працэс, які характарызуецца значнай перабудовай фізіял. і біяхім. працэсаў усяго арганізма. Пачынаецца пасля родаў, працягваецца да пераходу дзіцяняці на інш. віды ежы і паступова затухае. Працягласць Л. ад 10—20 дзён у некат. дробных грызуноў да 25 месяцаў у кашалота; у свойскіх жывёл: карова — да 10 месяцаў, авечкі — 4—5, кабылы — 9 месяцаў, свінні — 60—70 дзён. Вышэйшы цэнтр рэгуляцыі Л. — кара галаўнога мозга, гал. падкоркавы цэнтр — гіпаталамус.

Л.Л.Галубкова, А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 109

ЛАКТО́ЗА, малочны цукар (C12H22O11),

вуглявод з групы дыцукрыдаў, складаецца з рэшткаў галактозы і глюкозы. Утвараецца ў малочнай залозе, ёсць у малацэ ўсіх млекакормячых жывёл і чалавека (2·—8,5%), у некат. раслінах. Белае крышт. рэчыва, салодкае на смак, добра раствараецца ў вадзе. Ад браджэння Л. малака атрымліваюць кісламалочныя прадукты. У прам-сці вылучаюць з малочнай сыроваткі. Мае вял. значэнне ў харчаванні. Выкарыстоўваецца ў медыцыне і мікрабіялогіі (гатуюць пажыўныя асяроддзі).

т. 9, с. 109

ЛАКТО́НЫ,

арганічныя рэчывы; унутраныя цыклічныя складаныя эфіры аксікіслот, маюць у цыкле атамную групоўку —C(O)—O—.

Л. — вадкасці ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках. Ніжэйшыя Л.лакрыматары. Л., якія маюць у цыкле больш за 8 атамаў, адносяцца да макралідаў. Макраліды — макрацыклічныя Л., якія могуць мець розныя замяшчальнікі; многія з іх прадуцыруюцца штамамі бактэрый і з’яўляюцца антыбіётыкамі. Л. ёсць у малацэ і малочных прадуктах, раслінных мускусах (гл. Мускус). Сінт. Л. атрымліваюць цыклізацыяй адпаведных аксі- і галагенакіслот. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, як пахучыя рэчывы, лек. сродкі. Гл. таксама Кумарын.

т. 9, с. 109

ЛАКТЫШЫ́,

вадасховішча ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Клецкім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лактышы і Будча. Створана ў пойме р. Лань у 1977. Пл. 15,9 км2, даўж. 6 км, найб. шыр. 4,2 км, найб. глыб. 4,9 м, аб’ём вады 50,2 млн. м3. Катлавіна — частка забалочанай поймы. На працягу 9,8 км вадасховішча агароджана дамбай. Для сцёку ў вадасховішча вады з рэк Лань і Нача пабудаваны перапуск са шлюзам-рэгулятарам каля в. Лактышы. Дно плоскае, пераважна глеістае. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання вільготнасці меліяраваных с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

Ф.М.Ашэраў.

Вадасховішча Лактышы.

т. 9, с. 109

ЛАКУ́НА

(ад лац. lacuna паглыбленне, упадзіна; поласць),

у жывёл — поласць паміж органамі, якая не мае ўласнай сценкі, запоўненая гемалімфай ці лімфай; у чалавека — таксама разгалінаваныя паглыбленні на паверхні органа (напр., у міндалінах); y раслін (ліставая лакуна, ліставая шчыліна) — прарыў у цэнтр. цыліндры сцябла ў месцы, дзе да ліста адыходзіць праводзячы пучок.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 109

ЛАКУЦІ́,

вёска ў Заходскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл., на шашы Магілёў—Орша. Цэнтр калгаса. За 25 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Шклоў, 26 км ад Магілёва. 208 ж. 94 двары (1998). Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, помнік землякам. Помнік архітэктуры — паштовая станцыя (сярэдзіна 19 ст.).

т. 9, с. 109

ЛАКХНА́Ў,

горад на Пн Індыі, на р. Гоматы, левым прытоку Ганга. Адм. ц. штата Утар-Прадэш. 1,6 млн. ж. (1991).

Трансп. вузел і гандл.-прамысл. цэнтр даліны ў сярэднім цячэнні Ганга. Прам-сць: тэкст. (пераважна баваўняная), папяровая, металаапр., гарбарна-абутковая, паліграф., харч., у т.л. алейная. З-д дакладных інструментаў. Традыц. маст. рамёствы: разьба па метале, дрэве, косці, ткацтва, вышыўка. Ун-т (з 1921). Бат. сад. Арх. помнікі 16—18 ст.

т. 9, с. 109

ЛАКЦІЁНАЎ Аляксандр Іванавіч

(29.5.1910, г. Растоў-на-Доне, Расія — 14.3.1972),

расійскі жывапісец і графік, педагог. Нар. маст. Расіі (1969). Правадз. чл. АМ СССР (1958). Вучыўся ў АМ у Ленінградзе (1932—38) у І.Бродскага. Выкладаў у Ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1936—44) і Маскоўскім завочным пед. ін-це (1967—70, з 1968 праф.). Працаваў пераважна ў жанравай карціне і партрэце. Творам уласцівы высокае майстэрства і дакладнасць малюнка, ілюзорна-дакладная перадача прадметнага аблічча, часам натуралістычнасць. Сярод твораў: аўтапартрэт (1945), «Ліст з фронту» (1947), «Забяспечаная старасць» (1958—60), «Подзвіг навукоўца» («Пасля аперацыі», 1962—65); графічныя партрэты В.Качалава, В.Кніпер-Чэхавай (абодва 1940), І.В.Курчатава (1955) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1948 Дзярж. прэмія Расіі імя І.Рэпіна 1971.

Тв.:

Техника советской портретной живописи. М., 1961 (разам з А.У.Вінерам).

А.Лакціёнаў. Ліст з фронту. 1947.

т. 9, с. 110

ЛАКЦІЁНАЎ Анатоль Васілевіч

(н. 12.5.1937, г. Тайга Кемераўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў Томскі політэхн. ін-т (1959). З 1979 у Віцебскім тэхнал. ун-це. Навук. працы па стварэнні тэарэт. асноў разліку кінематычных параметраў рабочых органаў праходчых камбайнаў, распрацоўцы рацыянальнай канструкцыі рэжучых галовак пародаразбуральных інструментаў.

Тв.:

Расчет и эффективность исполнительных органов проходческих комбайнов Мн., 1995 (разам з У.Б.Багданавым, Б.І.Яцковым).

т. 9, с. 110

ЛА́КШМАНА,

герой стараж.-інд. эпасу «Рамаяна», сын цара Дашаратхі, зводны брат і адданы сябар Рамы, якога часам падмяняе сабой. Лічыцца, што ў Л. ўвасобілася восьмая доля боскай прыроды Вішну. Паводле аднаго з міфаў, ён памёр, ратуючы Раму.

т. 9, с. 110