ЛАКТЫШЫ́,

вадасховішча ў Ганцавіцкім р-не Брэсцкай вобл. і Клецкім р-не Мінскай вобл., паміж вёскамі Лактышы і Будча. Створана ў пойме р. Лань у 1977. Пл. 15,9 км2, даўж. 6 км, найб. шыр. 4,2 км, найб. глыб. 4,9 м, аб’ём вады 50,2 млн. м3. Катлавіна — частка забалочанай поймы. На працягу 9,8 км вадасховішча агароджана дамбай. Для сцёку ў вадасховішча вады з рэк Лань і Нача пабудаваны перапуск са шлюзам-рэгулятарам каля в. Лактышы. Дно плоскае, пераважна глеістае. Ваганні ўзроўню на працягу года да 2 м. Выкарыстоўваецца для двухбаковага рэгулявання вільготнасці меліяраваных с.-г. угоддзяў, рыбагадоўлі.

Ф.М.Ашэраў.

Вадасховішча Лактышы.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)