Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗА́КМАН ((Sakman) Берт) (н. 16.2.1942, г. Штутгарт, Германія),

нямецкі ўрач і біяфізік. З 1974 у Ін-це біяфіз. хіміі М.Планка ў г. Гётынген (з 1989 Ін-т мед. даследаванняў, г. Гайдэльберг). Навук. працы па метадах фіксацыі эл. патэнцыялаў на клетачнай мембране і іх выкарыстанні для вывучэння будовы і функцый адзіночных іонных каналаў у розных тыпах клетак. Нобелеўская прэмія 1991 (разам з Э.Неерам).

Б.Закман.

т. 6, с. 506

ЗАКО́ВАНКА, Гулевіцкі канал,

рака ў Калінкавіцкім і Мазырскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 42 км. Пл. вадазбору 306 км2. Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Лозкі Калінкавіцкага р-на, цячэ па раўніне Гомельскае Палессе. Асн. прыток — р. Дымарка (злева). Даліна невыразная, пойма асушаная. Рэчышча ад вытоку на працягу 38,5 км каналізаванае, шыр. яго ад 3 да 10 м.

т. 6, с. 506

ЗАКО́ЗЕЛЬ,

вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 13 км на ПдЗ ад горада і 8 км ад чыг. ст. Драгічын, 118 км ад Брэста. 767 ж., 310 двароў (1997). Спіртзавод. Клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.). Каля вёскі — магіла ахвяр фашызму.

т. 6, с. 506

ЗАКО́Н,

унутраная істотная і ўстойлівая сувязь з’яў, якая абумоўлівае іх развіццё і ўпарадкаванае змяненне. Паняцце З. блізкае да паняцця заканамернасці як сукупнасці ўзаемазвязаных па змесце законаў, якія забяспечваюць устойлівую тэндэнцыю або накіраванасць ў змяненні сістэмы. З. выяўляе і адзін з бакоў сутнасці (гл. Сутнасць і з’ява). У сістэме аб’ектыўнага ідэалізму ён трактуецца як выяўленне сусв. розуму, увасобленага ў прыродзе і грамадстве. З пункту погляду суб’ектыўнага ідэалізму З. прыўносіцца ў рэальны свет суб’ектам, які яго пазнае: розум дае законы прыродзе. Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з таго, што З. мае аб’ектыўны характар, выражае рэальныя адносіны рэчаў і адлюстроўвае іх у свядомасці. На ранніх ступенях развіцця навукі ўстанаўліваліся эмпірычныя, або фенаменалагічныя З., якія выяўлялі сувязь паміж уласцівасцямі рэчаў і з’яў, што назіраліся пачуццёва (напр., Бойля—Марыёта закон). Тэарэт. З. раскрываюць глыбокія ўнутр. сувязі працэсаў, механізмы іх выкарыстання, уводзяць аб’екты (малекулы і атамы), што назіраюцца тэарэтычна. З пункту погляду дакладнасці прадказанняў адрозніваюць статыстычныя і дынамічныя законы. У залежнасці ад ступені агульнасці і сферы дзеяння адрозніваюць прыватныя, або спецыфічныя З., якія выражаюць сувязь паміж канкрэтнымі фіз., хім. або біял. ўласцівасцямі (напр., З. узаемасувязі масы і энергіі), і ўсеагульныя, або універсальныя З., якія выражаюць узаемасувязь паміж універсальнымі ўласцівасцямі і атрыбутамі матэрыі (напр., З. захавання і ператварэння энергіі, З. сусв. прыцягнення, З. дыялектыкі). Паміж агульнымі і прыватнымі законамі існуе дыялект. ўзаемасувязь: агульныя З. дзейнічаюць праз прыватныя, а апошнія уяўляюць сабой праяўленне агульных. Чалавек як звяно натуральнага працэсу сам падпарадкоўваецца З. гэтага працэсу. Але дзякуючы свайму веданню прыроды ён можа ўнутры вядомых межаў выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах яе ўласныя заканамернасці. З. дапамагаюць людзям тлумачыць з’явы працэсы рэчаіснасці, прымаць рашэнні і ажыццяўляць практычныя пераўтварэнні ў розных сферах дзейнасці.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 6, с. 506

ЗАКО́Н (юрыд.),

нарматыўна-прававы акт, прыняты вышэйшым прадстаўнічым органам дзярж. улады або шляхам усенар. галасавання (рэферэндуму). З. рэгулюе найб. важныя грамадскія адносіны, валодае вышэйшай юрыд. сілай у адносінах да нарматыўных актаў усіх інш. органаў дзяржавы. Ён складае аснову сістэмы права дзяржавы. Як самаст. крыніца права З. склаўся яшчэ ў старажытнасці і прыйшоў на змену прававому звычаю. Для З. характэрны асобы парадак прыняцця, спец. заканатворчая працэдура, якая распадаецца на шэраг стадый: заканадаўчую ініцыятыву, абмеркаванне праекта, прыняцце З., абнародаванне закону. Адрозніваюць канстытуцыйны З., які змяняе канстытуцыю, уносіць у яе папраўкі і дапаўненні або па сваёй сутнасці і важнасці рэгулюемых адносін прыраўноўваецца да канстытуцыі, і звычайны З., які выдаецца ў адпаведнасці з канстытуцыяй. Асн. З. дзяржавы з’яўляецца канстытуцыя. У федэратыўных дзяржавах адрозніваюць З. федэральныя і З. суб’ектаў федэрацыі. Асобную катэгорыю складаюць надзвычайныя З., якімі ў час абвешчанага ў краіне надзвычайнага становішча абмяжоўваюцца правы і свабоды грамадзян і правы юрыд. асоб (гл. Надзвычайнае заканадаўства).

т. 6, с. 506

ЗАКОНАПРАЕ́КТ,

тэкст прапанаванага да прыняцця закону, падрыхтаваны для ўнясення на разгляд заканад. органа або на рэферэндум. Працэс падрыхтоўкі З. ўключае прыняцце рашэння аб падрыхтоўцы праекта, выпрацоўку яго тэксту, абмеркаванне і дапрацоўку першапачатковага праекта, узгадненне яго з усімі зацікаўленымі органамі і арг-цыямі. Пасля завяршэння падрыхтоўкі З. уносіцца на разгляд заканад. органа ў парадку заканадаўчай ініцыятывы.

т. 6, с. 506

ЗАКО́ННАСЦЬ, вяршэнства закону,

няўхільнае выкананне законаў і адпаведных ім іншых прававых актаў усімі органамі дзяржавы, службовымі асобамі, грамадзянамі і грамадскімі арг-цыямі; адзін з элементаў дэмакратыі і прававой дзяржавы. Прынцып З. дэкларуе Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, паводле якой дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёю актаў заканадаўства. Прававыя акты або асобныя палажэнні, прызнаныя ва ўстаноўленым законам парадку супярэчнымі Канстытуцыі, не маюць юрыд. сілы.

т. 6, с. 506

ЗАКО́ННІКАЎ (Сяргей Іванавіч) (н. 16.9.1946, в. Слабада Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў БДУ (1969). Настаўнічаў, працаваў у прэсе, з 1978 у апараце ЦК КПБ, з 1986 гал. рэдактар час. «Полымя». Друкуецца з 1963. Паэзіі ўласцівы грамадз. пафас, публіцыстычнасць, любоў да роднай зямлі, адстойванне сапраўдных духоўных каштоўнасцей, увага да перажыванняў лірычнага героя ў спалучэнні з непрыняццем мяшчанства, спажывецкай маралі. У паэме «Чорная быль» (1990) успрыманне чарнобыльскай трагедыі як драмы народа, знаку катастрофы, болю ў яе сусв. апакаліпсічным вызначэнні. Аўтар зб-каў паэзіі «Бяседа» (1973), «Устань да сонца» (1976), «Пакуль жыве мая бяроза» (1981, Літ. прэмія імя А.Куляшова 1982), «Вера, Надзея, Любоў» (1983), «Прысак часу» (1986), «Сутнасць», «Вечная далеч» (абодва 1987), «Заклінанне» (1991, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1992), кніг эсэістычна-публіцыстычнай прозы «Беларускае сэрца» (1993), «Вячэра пад райскім дрэвам» (1996).

Тв.:

Святая воля: Выбр. лірыка. Мн., 1993.

А.І.Сямёнава.

С.І.Законнікаў.

т. 6, с. 506

ЗАКО́НЫ І ЗВЫ́ЧАІ ВАЙНЫ́,

сукупнасць прынцыпаў і норм міжнар. права, якія рэгулююць адносіны паміж дзяржавамі па пытаннях, звязаных з вядзеннем вайны. Абмяжоўваюць выбар сродкаў і метадаў узбр. барацьбы, забараняюць выкарыстанне найб. жорсткіх з іх, устанаўліваюць крымін. адказнасць за ваенныя злачынствы, чым аб’ектыўна садзейнічаюць абмежаванню маштабаў узбр. канфліктаў. Пачалі складвацца даўно. У 19 ст. прыняты першыя міжнар. акты аб правілах вядзення вайны. Агульнапрызнаныя З. і з.в. ўвасоблены ў Гаагскіх канвенцыях 1899, 1907, 1954, Жэнеўскім пратаколе 1925 аб забароне выкарыстання на вайне ўдушлівых, ядавітых і інш. падобных газаў і бактэрыял. сродкаў, Жэнеўскіх канвенцыях 1949 аб абароне ахвяр вайны, Канвенцыі 1980 аб забароне або абмежаванні некат. відаў звычайнай зброі, якія лічацца празмерна жорсткімі або маюць невыбіральнае дзеянне, у статутах і прыгаворах Нюрнбергскага і Такійскага Міжнароднага ваен. трыбуналаў.

т. 6, с. 506

ЗАКО́Т,

старадаўняя канструкцыя страхі сял. хат і гасп. пабудоў на Беларусі. Бярвёны тарцовай сцяны вышэй верхняга вянка зруба паступова ўкарочваліся, сцяна набывала выгляд ступеньчатага трохвугольніка. На выступы клалі падстрэшныя жэрдкі-латы, якія служылі асновай страхі.

Страха закотам: 1 — лемягі; 2 — латы.

т. 6, с. 507