Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КАРЭ́ННАЕ РАДО́ВІШЧА,

паклады карысных выкапняў у карэнных горных пародах, якія не падвергліся прыроднаму мех. разбурэнню або хім. раскладанню (напр., пласты каменнага вугалю і фасфарытаў, штокі выкапнёвых солей, рудныя жылы). На Беларусі да К.р. адносяцца пласты калійнай і каменнай солей, выкапнёвых вуглёў, паклады торфу і інш. Гл. таксама Россыпныя радовішчы.

т. 8, с. 126

КАРЭ́ННАЯ ПАРО́ДА ў геалогіі — горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння і мала зменены працэсамі выветрывання. У геамарфалогіі — пароды, якія з’яўляюцца больш стараж., чым рэльеф, утвораны пры іх удзеле (напр., неагенавыя пароды — К.п. ў адносінах да чацвярцічных форм рэльефу і адкладаў, што складаюць гэтыя формы).

т. 8, с. 126

КА́РЭР ((Karrer) Паўль) (21.4.1889, Масква — 18.6.1971),

швейцарскі хімік-арганік. Скончыў Цюрыхскі ун-т (1911). З 1918 праф. гэтага ун-та (у 1950—52 рэктар), адначасова з 1919 дырэктар Хім. ін-та (г. Цюрых). Навук. працы па даследаванні караціноідаў, флавінаў і вітамінаў. Устанавіў будову і сінтэзаваў шэраг пігментаў, вітамінаў (A, B2, E, K1), алкалоідаў. Даказаў сувязь паміж вітамінам A і B-карацінам. Нобелеўская прэмія 1937.

П.Карэр.

т. 8, с. 126

КАРЭ́РАС ((Carreras) Хасэ) (н. 5.12.1946, г. Барселона, Іспанія),

іспанскі спявак (лірычны тэнар). Выступае ў «Метраполітэн-опера», «Ла Скала», «Ковент-Гардэн» і інш. т-рах свету. Валодае голасам прыгожага тэмбру, вылучаецца ярка індывідуальным стылем выканання. Вядомы як выканаўца лірычных партый у операх (у т. л. малавядомых) Г.​Даніцэці, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні. Выступае ў ансамблях з М.Кабалье, П.Дамінга, Л.Павароці.

Х.Карэрас.

т. 8, с. 126

КАРЭСПАНДЭ́НЦКІ РАХУ́НАК,

рахунак, на якім адлюстроўваюцца разлікі, праведзеныя банкам па даручэнні і за кошт інш. банка на аснове карэспандэнцкага дагавора. Мае 2 віды: «ностра» (рахунак банка ў банку-карэспандэнце) і «лора» (рахунак банка-карэспандэнта ў банку).

т. 8, с. 126

КАРЭСПАНДЭ́НЦЫЯ (позналац. correspondentia ад correspondeo адказваю, паведамляю),

1) адзін з найб. пашыраных жанраў публіцыстыкі, прадмет якога — канкрэтная сац. сітуацыя, абмежаваная месцам і часам. Скіравана на вырашэнне актуальнай, параўнальна нешырокай тэмы, вывады якой звычайна не выходзяць за межы аб’екта даследаванняў. Умоўна вылучаюць інфармацыйную і аналітычную К.

2) Абмен пісьмамі, перапіска.

т. 8, с. 126

КАРЭСПАНДЭ́НЦЫЯ РАХУ́НКАЎ,

метад бухгалтарскага ўліку, пры якім кожная гасп. аперацыя адлюстроўваецца адной і той жа сумай у двух рахунках: дэбеце аднаго і крэдыце другога. Пры такім запісу паміж рахункамі ўзнікае ўзаемная сувязь, якая павышае надзейнасць уліку і садзейнічае лепшаму разуменню сутнасці гасп. аперацый.

т. 8, с. 126

КАРЭ́ТА,

чатырохколавы закрыты конны экіпаж. Пашыраны ў 17 — пач. 20 ст. пры дварах буйных магнатаў Еўропы і Расіі. Мела жал. рысоры, дзверцы і зашклёныя акенцы, пляцоўку для фурмана, якая адчлянялася ад кузава і ўзвышалася над пярэднім ходам. Фарбавалі ў цёмны, радзей папялісты, жоўты, белы колер, пакрывалі лакам, размалёўвалі, аздаблялі разьбой, знутры аббівалі скурай і тканінамі. Дэкор адпавядаў пэўнаму маст. стылю. Везлі К. 2—6 коней, запрэжаных папарна цугам.

В.​С.​Цітоў.

т. 8, с. 126

КАРЭ́ТА САПРАУ́ДНАЯ,

рэптылія, гл. Біса.

т. 8, с. 126

КАРЭ́ТНІКАЎ (Валерый Іванавіч) (н. 27.1.1940, в. Місяш Чэбаркульскага р-на Чэлябінскай вобл., Расія),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1970, клас П.Падкавырава). З 1970 выкладчык Магілёўскага, з 1976 Маладзечанскага муз. вучылішчаў, з 1989 — муз. каледжа пры Бел. акадэміі музыкі. Працуе пераважна ў камерна-інстр. жанрах і музыкі для дзяцей. Сярод твораў: вак.-інстр. лірычная паэма «Флейтыст» на вершы Э.​Агняцвет (для сапрана і інстр. квінтэта, 1996); сімфонія (1970); канцэрты для фп. з арк. (1978, 1993); п’есы для фп.; 4 трыо для скрыпкі, віяланчэлі і фп.; санаты, у т. л. для альта, для альта і фп., для 2 скрыпак і фп.; стр. (1977, 2-я рэд. 1991) і фп. (1996, 1997) квартэты; варыяцыі на тэму «З Полацкага сшытка» для скрыпкі, альта і фп. (1992); рамансы, песні на словы бел. паэтаў. Рэдактар і складальнік (разам з В.​Дабравольскай) зб. твораў бел. харавой музыкі ў 2 т. (т. 1, 1998).

Р.​М.​Аладава.

т. 8, с. 126