КАМПЛЕ́КСНЫ ЛІК,
лік выгляду z = a + ib, дзе a і b — сапраўдныя лікі,
— уяўная адзінка, a наз. сапраўднай, b — уяўнай часткай ліку z. Тэрмін «К.л.» прапанаваў К.Гаўс, сімвал
— Л.Эйлер. Уведзены ў сувязі з рашэннямі квадратных і кубічных ураўненняў. Выкарыстоўваюцца пры матэм. апісанні розных пытанняў фізікі і тэхнікі (гідрадынамікі, аэрамеханікі, радыё- і электратэхнікі і інш.).
К.л. выгляду z = 0 + ib наз. чыста ўяўным, z = x + i0 — сапраўдным, лікі
і
— камплексна спалучанымі. Паміж К.л. і пунктамі на плоскасці існуе ўзаемна адназначная адпаведнасць, што дазваляе адлюстроўваць лікі пунктамі на плоскасці. Кожны К.л. можна выявіць у трыганаметрычнай z = r (cos φ + isinφ) ці паказчыкавай
формах, дзе
— модуль,
— аргумент К.л. Такі запіс зручны, напр., для ўзвядзення К.л. ў ступень ці здабывання кораня.
т. 7, с. 538
КАМПЛЕКСО́НЫ,
арганічныя злучэнні, пераважна амінаполіалкілкарбонавыя к-ты і іх вытворныя, здольныя ўтвараць устойлівыя ўнутрыкомплексныя злучэнні (хелаты) з катыёнамі. Найб. пашыраныя К.: этылендыамінтэтравоцатная к-та (камплексон II) (HOOCCH2)2NCH2CH2N(CH2COOH)2 і яе дынатрыевая соль (камплексон III, трылон Б.), нітрылатрывоцатная к-та (камплексон I) N(CH2COOH)3 — крышт. рэчывы, якія раствараюцца ў вадзе і шчолачах. Выкарыстоўваюць у камплексонаметрыі (тытраметрычны метад аналізу), як кампаненты мыйных сродкаў і фіксатараў (у фатаграфіі), стабілізатары харч. прадуктаў, сродкі для выдалення з арганізма таксічных металаў, для змякчэння вады.
т. 7, с. 538
КАМПЛЕМЕ́НТ (ад лац. complementum дапаўненне),
бялковы комплекс, выяўлены ў сываратцы крыві; важны фактар імунітэту ў жывёл і чалавека. Тэрмін уведзены ням. вучонымі П.Эрліхам і Ю.Моргенратам (1899). Складаецца з 9 кампанентаў, якія абазначаюцца літарай C з адпаведнымі лічбамі (у сываратцы крыві найб. кампанента C3), лёгка разбураецца пры награванні сывараткі, захоўванні яе доўгі час, на святле. Удзельнічае ў шэрагу імуналагічных рэакцый: пры далучэнні да комплексу антыгену з антыцелам на паверхні клетачнай мембраны ён выклікае лізіс бактэрый, эрытрацытаў і інш. клетак, апрацаваных адпаведнымі антыцеламі. З дзеяннем К. звязана ўстойлівасць да хваробатворных мікробаў, вызваленне гістаміну пры алергічных рэакцыях неадкладнага тыпу, аўтаімунныя працэсы. У медыцыне кансерваваныя прэпараты К. выкарыстоўваюцца пры сералагічнай дыягностыцы шэрагу інфекц. хвароб, для вызначэння антыгенаў і антыцел.
М.А.Скеп’ян.
т. 7, с. 538
КАМПЛЕМЕНТА́РНАСЦЬ,
узаемная адпаведнасць у хім. будове дзвюх макрамалекул або іх частак, што забяспечвае іх узаемадзеянне і ўтварэнне другасных сувязей паміж імі. Прынцып К. ляжыць у аснове самазборкі біял. структур (напр., біямембран), спец. ўзаемадзеяння ферменту з субстратам або антыгену з антыцелам, спец. спалучэння азоцістых асноў у малекулах нуклеінавых кіслот і інш. К. забяспечвае універсальнасць механізму перадачы спадчыннай інфармацыі ў працэсах рэплікацыі і транскрыпцыі.
т. 7, с. 538
КАМПЛІМЕ́НТ (франц. compliment),
1) прыемнае ці спакуслівае выказванне ў чый-н. адрас, пахвала.
2) Традыцыйны паклон артыста пасля выканання нумару ці ў адказ на выклікі гледачоў (звычайна ў цырку).
т. 7, с. 538
КАМПО́СТЫ (ням. Kompost ад лац. compositus састаўны),
від арганічных угнаенняў, якія ўтвараюцца пры раскладанні арган. рэчываў расліннага ці жывёльнага паходжання пад уплывам жыццядзейнасці мікраарганізмаў. Па эфектыўнасці раўнацэнныя гною. Выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.
Гатовы К. — сыпучая, дробнакамякаватая цёмная маса без непрыемнага паху. Атрымліваюць пры перагніванні сумесі гною, с.-г., бытавых ці прамысл. адходаў з торфам, зямлёй. Пры кампаставанні ў выніку біятэрмічных працэсаў сумесь абагачаецца каштоўнымі лёгказасваяльнымі для раслін пажыўнымі рэчывамі, гінуць патагенныя мікраарганізмы і траціць жыццяздольнасць насенне пустазелля. Для паскарэння раскладання і павелічэння канцэнтрацыі пажыўных рэчываў у кампостную сумесь аддаюць мінер. кампаненты (фасфарытную муку, калійныя ўгнаенні, вапну). Найб. пашыраныя К. — торфагнойныя і торфапамётныя.
т. 7, с. 538
КАМПО́СЦЕР (ням. Komposter),
прылада для праразання адтулін, напр., у перфакартах ручнога пошуку інфармацыі. Бывае ручны і механізаваны. Выкарыстоўваецца таксама для праколвання білетаў (напр., чыгуначных), чэкаў і інш. з мэтай кантролю.
т. 7, с. 538
КАМПРАМІ́С (лац. compromissum),
пагадненне, прынятае на аснове ўзаемных уступак; уступка для дасягнення якой-н. мэты.
т. 7, с. 538
КАМПРАМІСА́РСКІ СУД,
пашыраная ў Рэчы Паспалітай у 17—18 ст. назва палюбоўнага суда.
т. 7, с. 538
КАМПРЭ́С (франц. compresse ад лац. compressus сціснуты),
спецыяльная лячэбная мнагаслойная павязка. Бывае К. сухі (ватна-марлевы), накладаецца на балючую ці пашкоджаную ч. цела (рана, апёк) для аховы ад вонкавых раздражненняў ці адсмоктвання вадкасці з раны; вільготна-халодны (прымочка), гарачы (прыпарка), сагравальны (вільготная матэрыя, пакрытая воданепранікальнай паперай ці цыратай і слоем ваты), ужываецца пры запаленчых працэсах. У лек. К. да вады дабаўляюць лекі (мазь, пасту, навакаін і інш.).
т. 7, с. 538