КАМПО́СТЫ (ням. Kompost ад лац. compositus састаўны),

від арганічных угнаенняў, якія ўтвараюцца пры раскладанні арган. рэчываў расліннага ці жывёльнага паходжання пад уплывам жыццядзейнасці мікраарганізмаў. Па эфектыўнасці раўнацэнныя гною. Выкарыстоўваюць пад усе с.-г. культуры.

Гатовы К. — сыпучая, дробнакамякаватая цёмная маса без непрыемнага паху. Атрымліваюць пры перагніванні сумесі гною, с.-г., бытавых ці прамысл. адходаў з торфам, зямлёй. Пры кампаставанні ў выніку біятэрмічных працэсаў сумесь абагачаецца каштоўнымі лёгказасваяльнымі для раслін пажыўнымі рэчывамі, гінуць патагенныя мікраарганізмы і траціць жыццяздольнасць насенне пустазелля. Для паскарэння раскладання і павелічэння канцэнтрацыі пажыўных рэчываў у кампостную сумесь аддаюць мінер. кампаненты (фасфарытную муку, калійныя ўгнаенні, вапну). Найб. пашыраныя К. — торфагнойныя і торфапамётныя.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)