КАМПАНЕ́НТ (ад лац. componens састаўная частка),
складальная частка, элемент чаго-н. К. у хіміі і тэрмадынаміцы — кожнае з хім. індывід. рэчываў, найменшага ліку якіх дастаткова для ўтварэння ўсіх фаз сістэмы.
Маса кожнага К. ў сістэме не залежыць ад масы інш. К. можна ўводзіць у сістэму і выдаляць з яе. Калі рэчывы могуць уступаць у рэакцыю, колькасць К. ў сістэме вызначаецца рознасцю паміж лікам складальных рэчываў і лікам незалежных хім. рэакцый, якія могуць ісці ў сістэме. Калі хім. рэакцыі ў сістэме не адбываюцца (напр., сумесь бензолу і гліцэрыны), то такая сістэма наз. фізічнай і для яе лік К. роўны ліку складальных рэчываў. Гл. таксама Гібса правіла фаз.
т. 7, с. 535
КАМПАНІ́ЛА (італьян. campanile),
званіца ў італьян. архітэктуры сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння. Будавалі ў выглядзе 4-граннай (часам круглай) вежы, якая звычайна стаяла асобна ад храма. Павелічэнне колькасці ці памераў праёмаў угару (ніжнія паверхі пераважна глухія) надае К. стройнасць і лёгкасць (вежа-К. ў Пізе). Прататыпам К. былі гар. вартавыя вежы.
т. 7, с. 535
КАМПА́НІЯ (ад франц. compagnie таварыства, супольнасць),
1) гандлёвае, прамысл., трансп. і інш. аб’яднанні прадпрымальнікаў. У сферы эканам. адносін адрозніваюць К.: афіліяваную, якая валодае пакетам акцый менш за 50%; венчурную — дробную або сярэднюю інвестыцыйную К., што займаецца навук. даследаваннямі, інж. распрацоўкамі і іх крэдытаваннем; інжынерынгавую, якая спецыялізуецца на аказанні паслуг, звязаных з падрыхтоўкай вытв. працэсу; афшорную — замежную К., зарэгістраваную ва ўстаноўленым парадку; траставую, што арганізавана на адносінах уласнасці, сутнасць якіх вынікае ў перадачы маёмасці або маёмасных правоў уладальніка (даверніка) на даверніцкае кіраванне інш. асобе на карысць прызначаных давернікам асоб.
2) Група асоб, якія разам бавяць вольны час. 3) Сукупнасць ваен. аперацый, аб’яднаных агульнай стратэг. мэтай на пэўным этапе вайны.
4) Мерапрыемствы для ажыццяўлення чарговай важнай грамадска-паліт. або гасп. задачы (выбарчая К., пасяўная К.).
т. 7, с. 535
КАМПА́НІЯ (Campania),
вобласць на Пд Італіі. Пл. 13,6 тыс. км². Нас. каля 6 млн. чал. (1993). Уключае правінцыі: Авеліна, Беневента, Казерта, Неапаль, Салерна. Адм. ц. і гал. порт — г. Неапаль. Праз усю тэрыторыю цягнецца горная сістэма Апенінаў з вышэйшымі пунктамі 1800—2000 м. На ўзбярэжжы — вулкан Везувій, участкі раўнін. Бываюць землетрасенні. Клімат на ўзбярэжжы міжземнаморскі, у гарах больш халодны, са снежнымі зімамі. Сярэдняя т-ра паветра ў чэрв. каля 26 °C, у студз. каля 8 °C, ападкаў каля 650 мм за год, пераважна зімой. На схілах гор расліннасць тыпу маквіс, перадгорныя раўніны апрацаваныя. На раўнінах вырошчваюць раннюю агародніну, цытрусавыя і інш. фрукты, на астатняй тэрыторыі — пшаніцу і кукурузу, на схілах гор — вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Асн. галіны прам-сці: суднабуд., вытв-сць чыг. абсталявання, электратэхн., радыёэлектронная, нафтаперапр., цэм., ваенная. Буйныя млыны, макаронныя і кансервавыя ф-кі. ЦЭС. Прам-сць сканцэнтравана на ўзбярэжжы Неапалітанскага зал. (Неапаль з прыгарадамі). Турызм. Прыморскія курорты. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.
т. 7, с. 535
КАМПАНО́ЎКА (ад лац. compono састаўляю),
узаемнае размяшчэнне розных элементаў вырабу, устаноўленае на аснове заканамернасцей і прыёмаў маст. кампазіцыі з улікам эканам. і спажывецкіх патрабаванняў. Аптымальнай К. дасягаюцца функцыянальна і тэхналагічна правільныя суадносіны і сувязі паміж элементамі, часткамі вырабаў, іх найб. кампактнасць і інш.
т. 7, с. 536
КАМПАРА́ТАР (лац. comparator ад comparo параўноўваю),
вымяральная прылада для параўнання вымеранай велічыні з эталоннай. Бываюць мех. (напр., рычажныя вагі), аптычныя (гл. Аптыметр), эл. (гл. Мост вымяральны), інтэрферэнцыйныя (гл. Інтэрферометр), стэрэаскапічныя (стэрэакампаратары, імі вызначаюць прасторавыя памеры аб’ектаў) і інш. З дапамогай К. вымяраюць даўжыні, вуглы, масу, ціск і інш. Гл. таксама Кампенсацыйны метад вымярэнняў.
т. 7, с. 536
КАМПАРАТЫВІ́СТЫКА,
гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства.
т. 7, с. 536
КАМПАРТМЕНТАЛІЗА́ЦЫЯ клеткі,
раздзяленне клеткі на кампартменты (адсекі), якія адасабляюцца ад астатняй ч. клеткі пранікальнай мембранай і набываюць спецыфічныя марфал. ці біяхім. ўласцівасці. Адлюстроўвае структурную або біяхім. спецыялізацыю асобных фрагментаў клеткі і забяспечвае прасторавую арганізацыю метабалічных працэсаў.
т. 7, с. 536
КА́МПАС (ад партуг. campo поле, адкрытае месца),
мясцовая назва саваннаў на пласкагор’ях Бразіліі. Пераважаюць цвёрдыя дзярнінныя злакі, месцамі ў спалучэнні з нізкарослымі (2—3 м) дрэвамі і хмызняком, на чырвоных латэрытных глебах. Раён інтэнсіўнай жывёлагадоўлі.
т. 7, с. 536
КАМПА́ЎНДЫ ПАЛІМЕ́РНЫЯ (ад англ. compound састаўны, змешаны),
кампазіцыі на аснове алігамераў ці манамераў, прызначаныя для ізаляцыі токаправодных схем і дэталей электра- і радыёапаратуры.
К.п. маюць сувязнае (аснова) — алігамер (напр., эпаксідная, поліэфірная смолы) ці манамер (напр., дыізацыянаты і гідраксілзмяшчальныя злучэнні — зыходныя рэчывы для сінтэзу поліурэтанаў), а таксама пластыфікатар (напр., бутылфталат), напаўняльнік (напр., молаты кварц, кварцавы пясок, фарфоравы пыл), ацвярджальнік (напр., аміны, ангідрыды дыкарбонавых кіслот) і інш. кампаненты. Зацвярдзелыя К.п. захоўваюць добрыя электраізаляцыйныя і мех. ўласцівасці ў шырокім інтэрвале тэмператур. Выкарыстоўваюць для прамочвання абмоткі трансфарматараў, дроселяў, ал машын; заліўкі прамежкаў паміж дэталямі радыётэхн. і электронных прылад.
М.Р.Пракапчук.
т. 7, с. 536