КАМПА́НІЯ (Campania),

вобласць на Пд Італіі. Пл. 13,6 тыс. км². Нас. каля 6 млн. чал. (1993). Уключае правінцыі: Авеліна, Беневента, Казерта, Неапаль, Салерна. Адм. ц. і гал. порт — г. Неапаль. Праз усю тэрыторыю цягнецца горная сістэма Апенінаў з вышэйшымі пунктамі 1800—2000 м. На ўзбярэжжы — вулкан Везувій, участкі раўнін. Бываюць землетрасенні. Клімат на ўзбярэжжы міжземнаморскі, у гарах больш халодны, са снежнымі зімамі. Сярэдняя т-ра паветра ў чэрв. каля 26 °C, у студз. каля 8 °C, ападкаў каля 650 мм за год, пераважна зімой. На схілах гор расліннасць тыпу маквіс, перадгорныя раўніны апрацаваныя. На раўнінах вырошчваюць раннюю агародніну, цытрусавыя і інш. фрукты, на астатняй тэрыторыі — пшаніцу і кукурузу, на схілах гор — вінаграднікі і аліўкавыя гаі. Асн. галіны прам-сці: суднабуд., вытв-сць чыг. абсталявання, электратэхн., радыёэлектронная, нафтаперапр., цэм., ваенная. Буйныя млыны, макаронныя і кансервавыя ф-кі. ЦЭС. Прам-сць сканцэнтравана на ўзбярэжжы Неапалітанскага зал. (Неапаль з прыгарадамі). Турызм. Прыморскія курорты. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)