КАМПЛЕМЕ́НТ (ад лац. complementum дапаўненне),

бялковы комплекс, выяўлены ў сываратцы крыві; важны фактар імунітэту ў жывёл і чалавека. Тэрмін уведзены ням. вучонымі П.Эрліхам і Ю.Моргенратам (1899). Складаецца з 9 кампанентаў, якія абазначаюцца літарай C з адпаведнымі лічбамі (у сываратцы крыві найб. кампанента C3), лёгка разбураецца пры награванні сывараткі, захоўванні яе доўгі час, на святле. Удзельнічае ў шэрагу імуналагічных рэакцый: пры далучэнні да комплексу антыгену з антыцелам на паверхні клетачнай мембраны ён выклікае лізіс бактэрый, эрытрацытаў і інш. клетак, апрацаваных адпаведнымі антыцеламі. З дзеяннем К. звязана ўстойлівасць да хваробатворных мікробаў, вызваленне гістаміну пры алергічных рэакцыях неадкладнага тыпу, аўтаімунныя працэсы. У медыцыне кансерваваныя прэпараты К. выкарыстоўваюцца пры сералагічнай дыягностыцы шэрагу інфекц. хвароб, для вызначэння антыгенаў і антыцел.

М.А.Скеп’ян.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)