ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ
(? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн. Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Г.М.Семянчук.
т. 5, с. 288
ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ
(1155? — 7.3.1195),
князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).
А.В.Іоў.
т. 5, с. 288
ГЛЕДЫ́ЧЫЯ
(Gleditsia),
род кветкавых раслін сям. бабовых. 12 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Усх. Азіі і трапічнай Афрыцы. У Талышскіх гарах (Усх. Закаўказзе) расце вельмі рэдкі рэліктавы від — гледычыя каспійская (G. caspia). На Беларусі ў паўд. і цэнтр. раёнах у культуры зрэдку трапляецца паўн.-амер. від гледычыя звычайная, або трохкалючкавая (G.triacanthos), інтрадукаваная ў канцы 19 ст.
Лістападныя дрэвы выш. да 28 м, на радзіме — да 45 м, дыям. ствала да 1 м, з ажурнай кронай. Ствол і галінкі ўкрыты доўгімі разгалінаванымі калючкамі. Лісце парнаперыстаскладанае даўж. 15—30 см. Кветкі дробныя, зеленаватыя, у гронкападобных суквеццях. Плады — цёмна-карычневыя струкі; пераважна шматнасенныя. Цвіце ў чэрвені. Доўга жыве (у Высокаўскім парку ў Камянецкім р-не Брэсцкай вобл. Гледычыя звычайная мае ўзрост больш за 100 гадоў). Размнажаюць насеннем і каранёвымі атожылкамі. Дэкар. і тэхн. расліны, меданосы, маюць каштоўную драўніну.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 293
ГЛЕЙ,
слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтвараецца пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый ва ўмовах працяглага пераўвільгатнення. Тэрмін увёў рус. вучоны Г.М.Высоцкі (1905) для вызначэння асветленых блакітных, зялёных ці шызых гарызонтаў глебы, колер якіх абумоўлены закіснымі злучэннямі жалеза. Глей валодае неспрыяльнымі водна-фіз. ўласцівасцямі, таксічны для раслін. На Беларусі характэрны для ўсіх тыпаў забалочаных глеб: тарфяна-балотных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, дзярновых і інш.
т. 5, с. 294
ГЛЕ́ЙНІКІ
(Rhantus),
род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.
т. 5, с. 294
ГЛЕН (Glenn) Джон Хершэль
(н. 18.7.1921, г. Кеймбрыдж, штат Агайо, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў лётную школу Авіяц. трэніровачнага цэнтра ВМФ у Тэхасе (1943), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў ВМФ у штаце Мэрыленд (1954). З 1959 у групе касманаўтаў НАСА. 20.2.1962 першым з амер. касманаўтаў здзейсніў арбітальны палёт вакол Зямлі на касм. караблі «Меркурый». Працягласць палёту 4,93 гадз.
т. 5, с. 294
ГЛЕН-МОР
(Glen More),
нізіна ў межах тэктанічнай упадзіны на Пн Вялікабрытаніі (Шатландыя). Даўж. каля 100 км. У межах Глен-Мор — ледавіковыя азёры Лох-Нес, Лох-Лохі, злучаныя з морам суднаходным Каледонскім каналам.
т. 5, с. 294
ГЛЕ́ТЧАР
(ням. Gletscher ад лац. glacies лёд),
тое, што ледавік (гл. Ледавікі).
т. 5, с. 294
ГЛЕЯСПО́РЫЙ
(Gloeosporium),
род недасканалых грыбоў сям. меланконіевых. Вядома каля 70 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Амерыцы, Індыі. На Беларусі глеяспорый парэчкавы (G. ribis) паразітуе на лісці парэчак, глеяспорый пладовы (G. fructigenum) — на семечкавых і костачкавых пладовых культурах, глеяспорый канюшынавы (G. trifoliorum) — на канюшыне.
Канідыяносцы кароткія, цыліндрычныя, палачкападобныя, аднаклетачныя, часта ад канічных да іголкападобных, сабраныя разам на плоскім або злёгку пукатым, светла- ці цёмна-бурым ложы (спляценне грыбных гіфаў). Канідыі бясколерныя, аднаклетачныя, выходзяць на паверхню склееныя сліззю. У цыкле развіцця адзначаны сумчатыя стадыі.
т. 5, с. 294
ГЛІАКСА́ЛЬ,
шчаўевы альдэгід, найпрасцейшы дыальдэгід, CHO—CHO. Жоўтыя крышталі з пахам фармаліну tпл 15°C, tкіп 51 °C, шчыльн. 1140 кг/м³ (20 °C). Раствараецца ў вадзе, спірце, эфіры. Вадкі гліаксаль у прысутнасці вільгаці ператвараецца ў цвёрды палімер. Выкарыстоўваюць як тэкстыльна-дапаможнае рэчыва (надае незмінальнасць баваўняным і віскозным тканінам), для атрымання кубавых фарбавальнікаў. Гліаксаль раздражняе скуру.
т. 5, с. 294