Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,

галіна навукі і тэхнікі. якая займаецца даследаваннем прынцыпаў і распрацоўкай спосабаў генерыравання, прасторавага размеркавання, вымярэння і выкарыстання аптычнага (інфрачырвонага, бачнага, ультрафіялетавага) выпрамянення. Звязана таксама з пераўтварэннем святла ў інш. віды энергіі (напр., у оптаэлектроніцы).

Бывае: асвятляльная — выкарыстанне святла для асвятлення жылых, вытворчых і інш. памяшканняў, распрацоўка штучных крыніц святла, асвятляльных прылад, святлотэхнічных матэрыялаў, нарміраванне, праектаванне і эксплуатацыя святлотэхн. установак; святлосігнальная — аптычная сігналізацыя, распрацоўка святлосігнальных прыстасаванняў і сістэм кіравання імі (гл. Аптычная лакацыя, Аптычная сувязь, Маяк, Святлафор); святлопраекцыйная — атрыманне светлавых праекцый, святлокапіраванне, святламузыка (гл. Капіравальна-размнажальная тэхніка, Праекцыйны апарат); апрамяняльная — уздзеянне бачнага і нябачнага святла на чалавека, жывёл, расліны, вытв. працэсы (штучнае апрамяненне арганізма з лячэбнымі мэтамі, святлолячэнне, абеззаражванне вады і харч. прадуктаў, сушка пакрыццяў, вырошчванне пры штучным асвятленні агародніны, садавіны і інш.); вымяральная — вымярэнне характарыстык аптычнага выпрамянення (гл. Колераметрыя, Фотаметрыя); будаўнічая — выкарыстанне святла ў буд-ве і архітэктуры, яго размеркаванне ў будынках, на плошчах, гар. ансамблях; С. кінематаграфіі — распрацоўка і выкарыстанне спец. крыніц святла, асвятляльных прылад, экранаў для кіназдымкі, капіравання фільмаў і кінапраекцыі (гл. Кіназдымачны апарат). Для канцэнтрацыі светлавога патоку ў патрэбных кірунках выкарыстоўваюць свяцільні з люстранай і прызматычнай оптыкай; для памяншэння асляпляльнага дзеяння святла — розныя адбівальнікі і рассейвальнікі (дыфузныя і прызматычныя); для вял. канцэнтрацыі светлавога патоку — люстэркі рознай формы (напр., у пражэктарах). для атрымання звышмагутных накіраваных светлавых пучкоў — лазеры.

Стараж. крыніцы святла — вогнішчы, запаленыя трэскі і факелы (з наматаным на канцы палкі прасмоленым пакуллем), лучынныя святцы і лучнікі, неглыбокія каменныя міскі і гліняныя чашы на паддонах, у Стараж. Грэцыі і Рыме — гліняныя і бронзавыя свяцільні, лампады, у якія налівалі аліўкавы алей. Пазней з’явіліся свяцільні з 2 адтулінамі — для кнота і налівання тлушчу або алею (на Беларусі наз. каганцы), шмат’ярусныя гліняныя сподкі, свечачныя лампады. У пач. 19 ст. з’явіліся асвятляльныя лямпы, у якіх спальвалася газа (масла, спірт, ацэтылен); у 1855 Р.​В.​Бунзен вынайшаў газоўку, якая пачала выкарыстоўвацца ў газавых ліхтарах для асвятлення вуліц; у 1872 А.М.Ладыгін вынайшаў эл. лямпу напальвання, у 1876 П.М.Яблачкаўдугавую лямпу; у 1850—1910-я г. створаны газасветныя трубкі, у СССР у 1928 — газасветныя, у 1935 — натрыевыя, у 1938 — люмінесцэнтныя лямпы, пазней інш. газаразрадныя крыніцы святла. З 1920-х г. набыў пашырэнне тэрмін «С.» ў яго сучасным значэнні (да гэтага часу яго разумелі як асвятленне). Развіццё С. паспрыяла станаўленню электронікі. Навук. даследаванні па С. пачаліся з 17 ст. (працы К.Гюйгенса, І.Ньютана, П.Бугера, М.В.Ламаносава, І.Г.Ламберта, Т.Юнга, В.У.Пятрова і інш.). Значны ўклад у развіццё С. зрабілі С.І.Вавілаў, М.​А.​Шатэлен (фотаметрыя, нарміраванне святлотэхн. установак), П.​М.​Ціхадзееў (светлавыя эталоны і вымярэнні), У.​В.​Мяшкоў (нарміраванне і праектаванне асвятляльных установак) і інш.

Літ.:

Мешков В.В. Основы светотехники. Ч. 1. 2 изд. М., 1979;

Тиходеев П.М. Световые измерения в светотехнике (фотометрия). 2 изд. М.; Л., 1962;

Мешков В.В., Епанешников М.М. Осветительные установки. М., 1972;

Гусев Н.М., Макаревич В.Г. Световая архитектура. М., 1973;

Карякин Н.А. Световые приборы. М., 1975;

Светотехника и инфракрасная техника. Т. 6. Физика, техника и перспективы развития источников света массового применения. М., 1989;

Гуторов М.М. Основы светотехники и источники света. 2 изд. М., 1983;

Степанцов В.П. Светотехническое оборудование в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1987;

Трембач В.В. Световые приборы. 2 изд. Мн., 1990.

В.​В.​Валяўка, У.​М.​Сацута.

Некаторыя з асноўных крыніц святла ў гістарычным развіцці святлатэхнікі: 1 — факелы (з тлушчам і маслам); 2 — масляны свяцільнік у выглядзе лодкі (Стараж. Грэцыя, 5 ст. да н.э.); 3 — масляная бронзавая лямпа (Рым, 1 ст. н.э.); 4 — свяцільнік з гнуткай свечкай; 5 — люстра-падсвечнік (панікадзіла, 15 ст.); 6 — масляная лямпа з асобным рэзервуарам; 7 — газная лямпа (пач. 19 ст.); 8 — газавы ражок; 9 — ацэтыленавая лямпа; 10 — газанапальны ліхтар вулічнага асвятлення (канец 19 ст.).

т. 14, с. 277

СВЯТЛАФІ́ЛЬТР,

прылада, якая змяняе энергію аптычнага выпрамянення (святла), а таксама яго спектральны састаў з мэтай вылучэння асобных участкаў спектра.

Прынцып работы С. грунтуецца на з’явах паглынання святла (абсарбцыйныя С.), інтэрферэнцыі святла (інтэрферэнцыйныя С.), дысперсіі святла (дысперсійныя фільтры), палярызацыі святла (палярызацыйныя С.) і інш. Найб. пашыраны абсарбцыйныя С., вырабленыя з каляровага аптычнага шкла. Адрозніваюцца пастаянствам спектральных характарыстык, устойлівасцю да ўздзеянняў святла і т-ры, высокай аптычнай аднароднасцю. Выкарыстоўваюцца ў каляровай фатаграфіі, пры падводнай кіназдымцы, святлатэхніцы, фотаметрыі, колераметрыі, ультрафіялетавай, інфрачырвонай і люмінесцэнтнай мікраскапіі і інш.

т. 14, с. 277

СВЯТЛАФО́Р (ад святло + грэч. phoros які нясе),

светлавое сігнальнае прыстасаванне для рэгулявання руху на вуліцах, аўтадарогах і чыгунцы.

Адрозніваюць С. каляровыя з сігналамі — зялёным, жоўтым, чырвоным, а таксама сінім, месяцова-белым (на чыгунках); пазіцыйныя — сігналізуюць размяшчэннем аднакаляровых агнёў; камбінаваныя — спалучаюць сігналізацыю колерам і размяшчэннем агнёў. Першае прыстасаванне святлафорнага тыпу ўстаноўлена ў Лондане (1868), трохкаляровы эл. С. — у Нью-Йорку (1918), Маскве (1930). З 1933 мелі ручное пераключэнне сігналаў, з 1951 — аўтаматычнае. На чыгунцы С. выкарыстоўваецца з пач. 20 ст. (выцесніў семафор).

Святлафоры: 1 — з вертыкальным, 2 — з гарызантальным размяшчэннем сігналаў; 3 — з дадатковай секцыяй; 4 — рэверсіўны; 5 — пешаходны; 6 — для рэгулявання руху трамваяў.

т. 14, с. 277

СВЯТЛАЦЕ́НЬ у жывапісе і графіцы,

размяшчэнне розных па яркасці колераў або адценняў аднаго колеру, што дае магчымасць успрымаць адлюстраваны аб’ект аб’ёмным у святлопаветраным асяроддзі; перадача С. — адзін з асн. прынцыпаў рэаліст. мастацтва. Градацыі С. (ад найб. яркасці да глыбокага ценю) залежаць ад характару асвятлення, спецыфікі аб’ёмнай формы прадмета, яго фактуры, стану атмасферы. Для дакладнага ўзнаўлення натуры С. выкарыстоўвалі ўжо ант. жывапісцы. С. і яе тэорыю распрацоўвалі мастакі Адраджэння (А.​Мантэнья, Мазачыо, Мікеланджэла, М.​Караваджа, асабліва Леанарда да Вінчы), і з таго часу С. шырока выкарыстоўваецца жывапісцамі і графікамі як адзін са сродкаў, што вызначае эмацыянальную выразнасць твора.

М.​А.​Міронаў.

т. 14, с. 277

СВЯТЛІ́ЦА,

светлы чысты пакой, прызначаны звычайна для прыёму гасцей. Здаўна вядомы ў Расіі, Польшчы і інш. краінах Еўропы. На Беларусі дакумент. звесткі пра С. вядомы з 16 ст. С. існавалі ў жылых дамах і замках, верхніх ярусах брам, лазнях, корчмах і аўстэрыях. Гэта былі вял. жылыя пакоі з кафлянымі грубкамі і камінамі, часам афармляліся шпалерамі. У сял. жыллі вядомы з 19 ст.

Ю.​А.​Якімовіч.

т. 14, с. 278

СВЯТЛІ́ЦКІ (Рыгор Пятровіч) (27.9.1872, Кіеў — 28.6.1948),

украінскі жывапісец. Нар. маст. Украіны (1946). Вучыўся ў Кіеўскай рысавальнай школе М.​Мурашкі (1889—93), Пецярбургскай АМ (1893—1900). З 1947 праф. Кіеўскага маст. ін-та. Быў блізкі да перасоўнікаў. Сярод твораў: «Хата Марусі» (1918), «Пераход багунцаў цераз Дняпро» (1928), «Калгас цвіце» (1935), «П.​І.​Чайкоўскі на Украіне» (1939), «Аблокі» (1947) і інш.

Р.Святліцкі. Хата Марусі. 1918.

т. 14, с. 278

СВЯТЛІ́ЧНЫ (Цімафей Іванавіч) (1.5.1917, с. Святлічнае Залачаўскага р-на Харкаўскай вобл., Украіна — 26.6.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). На фронце з 1942. Разлік «кацюшы» на чале з сяржантам С. вызначыўся 26.6.1944 каля в Кажамякі Сенненскага р-на Віцебскай вобл., дзе агнём з устаноўкі, стралк. зброі і гранатамі на працягу 6 гадзін знішчыў 13 аўтамашын з ваен. грузам, 4 гарматы і шмат жывой сілы праціўніка, што прарываўся з віцебскага «катла»; загінуў у гэтым баі. На месцы бою помнік.

т. 14, с. 278

СВЯТЛО́,

электрамагнітнае выпрамяненне, якое ўспрымаецца чалавечым вокам, з даўжынямі хваль λ ад -400 нм (фіялетавае) да -750 нм (чырвонае). Часта ў паняцце С. ўключаюць таксама эл.-магн. хвалі ультрафіялетавага (λ -400 гм) і інфрачырвонага (λ > 750 нм) дыяпазонаў. Скорасць распаўсюджвання С. ў вакууме каля 300 тыс. км/с (гл. Скорасць святла).

Паводле ўяўленняў квантавай механікі, С. мае дваістую (карпускулярна-хвалевую) прыроду, уласцівую мікрааб’ектам. Пры дыфракцыі святла, інтэрферэнцыі святла і інш. з’явах, звязаных з распаўсюджваннем С., выяўляюцца яго хвалевыя ўласцівасці. Карпускулярнай (фатоннай) прыродай С. тлумачацца фотаэфект, фоталюмінесцэнцыя і інш. з’явы, абумоўленыя яго ўзаемадзеяннем з рэчывам. С. аказвае на рэчывы розныя ўздзеянні: мех. (ціск святла), хім. (фотахімічныя рэакцыі) эл. (напр., фотаэфект), цеплавое і інш. Гл. таксама Паглынанне святла, Пераламленне святла, Рассеянне святла, Рэфракцыя святла і інш.

Літ.:

Гл. да арт. Оптыка.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ фатаграфічная,

здольнасць фотаматэрыялу рэагаваць на аптычнае выпрамяненне (святло); колькасная мера такой здольнасці. Выражаецца ва ўмоўных адзінках і служыць для правільнага вызначэння экспазіцыі пры фотаздымцы і друку. Вызначаецца па пэўнай шчыльнасці фотаслоя, атрыманай пры зададзеных умовах экспанавання фотаматэрыялу і яго хім.-фатагр. апрацоўкі. У розных краінах існуюць розныя метады вызначэння сістэм С. фотаматэрыялаў.

т. 14, с. 278

СВЯТЛОАДЧУВА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ ў фота- і кінатэхніцы,

матэрыялы для здымкі і друкавання відарысаў аптычных. Маюць адчувальныя да святла слаі, нанесеныя на празрыстую ці непразрыстую падложку. У якасці святлоадчувальных рэчываў (гл. Святлоадчувальнасць) выкарыстоўваюцца галоідныя солі серабра (браміды, хларыды, ёдыды).

Падзяляюцца на чорна-белыя і каляровыя (гл. Колерафатаграфічныя матэрыялы), негатыўныя (для фота- і кіназдымкі), пазітыўныя (для атрымання пазітыўных відарысаў з негатываў) і абарачальныя (у выніку спец. апрацоўкі даюць пазітыўны відарыс — слайд). У залежнасці ад віду падложкі, на якую нанесена фатаграфічная эмульсія, адрозніваюць фотапласцінкі (падложка — шкло), плёнкі і паперу фатаграфічную. Гл. таксама Фатаграфічныя матэрыялы.

т. 14, с. 278