Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НІЧКО́Ў (Барыс Уладзіміравіч) (н. 24.9.1938, г. Екацярынбург, Расія),

бел. музыкант-габаіст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1999). Скончыў Уральскую кансерваторыю (Свярдлоўск, 1961). У 1960—66 саліст Дзярж. нар. аркестра Беларусі, аркестраў Бел. тэлебачання і радыё, Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1967 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі [у 1981—91 (з перапынкам) заг. кафедры, у 1986—91 прарэктар, з 1987 праф.]. Яго выканальніцкай манеры характэрны прыгажосць гуку, тэхн. дасканаласць. Арганізатар і маст. кіраўнік ансамбля салістаў Дзярж. аркестра сімфанічнай і эстр. музыкі Беларусі (з 1993). Аўтар кн. «Народныя духавыя інструменты ў музычнай культуры Беларусі» (1981). Лаўрэат Рэсп. конкурсу выканаўцаў на духавых інструментах (1963). Сярод вучняў Л.Каліноўскі, Ю.Лікін, І.Ляшчышын, Л.Мурашка, С.Сяргеенка.

Л.А.Сівалобчык.

т. 11, с. 354

НІЧЫ́ПАР (Генрыета Валянцінаўна) (н. 26.12.1941, г.п. Чаркаскае Вольскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай хіміі. Д-р хім. н. (1990). Скончыла БДУ (1964). З 1964 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1992 у Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем Нац. АН Беларусі. Навук. працы па кінетыцы тэрмічнага і радыяцыйна-тэрмічнага раскладання аксідаў азоту і серы, а таксама хлорвытворных вуглевадародаў у паветры, распрацоўцы тэарэт. асноў радыяцыйнага метаду ачысткі газавых выкідаў прамысл. прадпрыемстваў і ЦЭС ад шкодных прымесей.

Тв.:

Физико-химические и теплофизические свойства растворов на основе четырехокиси азота. Мн., 1981 (у сааўт.);

Кинетика и механизм термических и радиационно-термических процессов в теплоносителе N2O4—NO. Мн., 1989 (разам з В.Б.Несцярэнкам).

т. 11, с. 354

НІЧЫПАРО́ВІЧ (Уладзімір Іванавіч) (2.3.1900, г.п. Багародскае Загорскага р-на Маскоўскай вобл. — 31.1.1945),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, ген.-м. (1943). З 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі, удзельнік грамадз. вайны 1918—20. З 1924 у БВА. З пач.

Вял. Айч. вайны на фронце, камандзір дывізіі, удзельнік Мінскага патрыят. падполля, адзін з ініцыятараў стварэння і камандзір 208-га партыз. атрада. З крас. 1942 камандзір Клічаўскага партыз. злучэння, з вер. нам. камандзіра 4-га гв. кав. корпуса. У 1943 арыштаваны органамі КДБ СССР. Рэабілітаваны ў 1952.

т. 11, с. 354

НІЧЫПАРЭ́НКА (Павел Іванавіч) (н. 31.8.1916, г. Чыгірын Чаркаскай вобл., Украіна),

расійскі выканаўца на балалайцы, дырыжор, педагог. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1989). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1949). Выступаў з 1935. У 1949—51 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Аркестра нар. інструментаў Ленінградскага радыёкамітэта. У 1952—87 саліст Масканцэрта. З 1959 выкладае ў Рас. акадэміі музыкі (з 1976 праф.). Распрацаваў новыя прыёмы ігры на балалайцы (т.зв. гітарная тэхніка). Яго выкананне вылучаецца віртуознасцю, маст. завершанасцю, тонкасцю апрацоўкі дэталей. Аўтар рэдакцый твораў для балалайкі. 1 -я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў на нар. інструментах (1939). Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 11, с. 355

НІШ (Niš),

горад у Югаславіі, у Рэспубліцы Сербія, на р. Нішава. Каля 300 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: маш.-буд., харчасмакавая, тэкст., хімічная. Ун-т. Музей. Рэшткі стараж.-рым. крэпасці, базілік 4—5 ст. Арх. помнікі 16—18 ст. За 10 км на ПдУ — курорт Нішка-Баня. Паблізу руіны рым.-візант. г. Медыяна.

т. 11, с. 355

НІ́ША (ад франц. niche гняздо) у архітэктуры, паглыбленне ў сцяне будынка ці збудавання для пластычнага ўзбагачэння фасадаў і інтэр’ераў, аблягчэння канструкцыі, устаноўкі статуй, ваз і інш. Бываюць прамавугольныя, лучковыя, арачныя, круглыя, паўцыркульныя, складанай формы, без абрамленняў або ўпрыгожаныя прафіляванымі архівольтамі, сандрыкамі і інш. Н. ў ваеннай справе — заглыбленне ў сценцы акопа, траншэі і інш. для захоўвання боепрыпасаў, харчавання, аховы ваеннаслужачых ад паражальных сродкаў і непагоды. У слабых грунтах сценкі і столь Н. часам абшываюць дошкамі ці падручным матэрыялам.

Ніша.
Ніша ў сценцы траншэі.

т. 11, с. 355

НІШАПУ́РСКІЯ ГО́РЫ На ПнУ Ірана, паўд. паласа Туркмена-Харасанскіх гор. Даўж. каля 350 км, выш. да 3314 м (г. Кенгзошк). Складаюцца з асобных хрыбтоў, падзеленых шырокімі далінамі. Складзены з вапнякоў і пясчанікаў з выхадамі інтрузій з парфіраў і гранітаў. Участкі бедленду. Тэрмальныя крыніцы, радовішча бірузы. Перадгорныя пустыні змяняюцца з вышынёй паўпустынямі і горнымі стэпамі.

т. 11, с. 355

НІ́ША ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ,

функцыянальнае месца віду ў экасістэме (біяцэнозе), якое вызначаецца яго біятычным патэнцыялам і сукупнасцю фактараў знешняга асяроддзя, да якіх ён прыстасаваны. Паняццем «Н.э.» пачалі карыстацца ў пач. 20 ст. (амер. біёлаг Дж.Грынел, 1917). Н.э. ўяўляе сабой сукупнасць умоў жыцця ўнутры экасістэмы, якая адпавядае патрабаванням віду да асяроддзя; спецыфічны спосаб выкарыстання фіз. прасторы пражывання віду (прасторавая ніша, або мікрастацыя); адлюстроўвае функцыян. ролю («прафесію»), пераважна кармавыя ўзаемаадносіны ў згуртаванні (трафічная ніша) і становішча віду адносна градыентаў знешніх фактараў (мнагамерная, або гіперпрасторавая ніша). Часам паняцце «Н.э.» памылкова атаясамліваюць з паняццем «месцапражыванне».

т. 11, с. 355

НІ́ШКЕ, Нішке-паз, Верэпаз,

у мардоўскай (эрзя) міфалогіі вышэйшы бог, які стварыў неба і зямлю, запусціў у сусв. акіян трох рыб, на якіх трымаецца зямля, насадзіў лясы, стварыў чалавечы род (эрзю),’ загадаў мужчынам займацца земляробствам, а жанчынам — хатняй работай. Яго малілі аб ураджаі, здароўі людзей і жывёлы, паміналі ў замовах.

т. 11, с. 355

НІШТА́ЦКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1721,

дагавор паміж Расіяй і Швецыяй, які завяршыў Паўночную вайну 1700—21. Падпісаны 10.9.1721 у г. Ніштат (цяпер Уусікаўпункі, Фінляндыя). Паводле Н.м.д. да Расіі адыходзілі Ліфляндыя з Рыгай, Эстляндыя з Рэ́велем (цяпер Талін) і Нарвай, ч. Карэліі з Кексгольмам (цяпер Прыазёрск), Інгерманландыя (Іжорская зямля, дзе на р. Нява пабудаваны С.-Пецярбург), Маандзунскія а-вы і інш. прыбалтыйскія землі да мяжы Курляндскага герцагства. Расія вяртала Швецыі занятую рас. войскамі Фінляндыю і выплачвала ёй у якасці кампенсацыі за страчаныя землі 2 млн. яфімкаў (сярэбраных рублёў). Аднаўляўся гандаль паміж дзвюма краінамі; Швецыя атрымлівала права штогод бяспошлінна купляць у Расіі і вывозіць з яе на 50 тыс. руб. хлеба. Н.м.д. замацаваў за Расіяй выхад да Балтыйскага м.

т. 11, с. 355