Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗАКАЎКА́ЗСКІ СЕЙМ,

орган дзярж. улады ў Закаўказзі ў 1918. Скліканы Закаўказскім камісарыятам 23.2.1918 у г. Тбілісі з мэтай юрыдычна аформіць адрыў Закаўказзя ад Сав. Расіі. Уваходзілі дэпутаты, выбраныя ад Закаўказзя ва Устаноўчы сход, прадстаўнікі партый меншавікоў, дашнакоў, мусаватыстаў і інш. З.с. аб’явіў сябе заканад. органам Закаўказзя, у сак. 1918 санкцыяніраваў аддзяленне Закаўказзя ад Сав. Расіі. 9.4.1918 абвясціў незалежнасць Закаўказскай дэмакр. федэратыўнай рэспублікі. Кіраўнік А.Чхенкелі. 26.5.1918 распушчаны.

т. 6, с. 505

ЗАКВА́СКІ,

чыстыя культуры бактэрый (пераважна малочнакіслых), дражджэй або плесневых грыбоў, якія выклікаюць браджэнне і выкарыстоўваюцца ў вытв-сці ў асн. харчовых прадуктаў. Мікраарганізмы, якія ёсць у З., трапляючы ў натуральны субстрат (малако, сумесь мукі з вадой, сок вінаграду і інш.), размнажаюцца, выклікаюць малочнакіслае, прапіёнава-кіслае або спіртавое браджэнне і ўтвараюць араматычныя арган. рэчывы. З. ўжываюць для атрымання сыраквашы, ацыдафіліну, кумысу, кефіру, масла, некат. сартоў сыру, вінаграднага віна, кіслага хлеба, а таксама пры сіласаванні кармоў.

т. 6, с. 505

ЗАКІДНА́Я ТЭ́ХНІКА ў драўляным дойлідстве,

спосаб узвядзення будынкаў і збудаванняў з асобных праслаў, зробленых з бярвён, брусоў, плашак, дыляў, дошак і інш., канцы якіх устаўлены ў шулы (вертыкальна пастаўленыя бярвёны або брусы з пазамі). На тэр. Беларусі вядома ў жытлах з каменнага веку. У 16 — пач. 20 ст. выкарыстоўвалася пераважна ў гасп., вытв. і некат. грамадскіх будынках (хлявы, аборы, гумны, адрыны, корчмы, крамы, склады, бровары і інш.), агароджах. У сядзібнай забудове часам замест драўляных шулаў выкарыстоўваліся мураваныя слупы. Цяпер З.т. выкарыстоўваюць у гасп. пабудовах на вёсцы.

т. 6, с. 505

ЗА́КІНТАС, Закінф,

(Zakynthos), востраў у Іанічным м., самы паўднёвы ў групе Іанічных астравоў. Тэр. Грэцыі. Пл. 408 км2. Аддзелены ад п-ва Пелапанес пралівам Закінтас (шыр. каля 20 км). Зах. палова вострава гарыстая (вапняковы масіў выш. да 756 м), зараснікі маквісу і фрыганы; на У узгорыстая раўніна з садамі, вінаграднікамі, гаямі аліваў. Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 1000 мм за год. Радовішча асфальту. Гал. горад і порт Закінтас.

т. 6, с. 505

ЗАКЛА́Д,

гл. Залог.

т. 6, с. 505

ЗАКЛА́ДНІКІ,

цяглыя сяляне, якія пераходзілі ў залежнасць да феадалаў, каб пазбавіцца ад цяжкіх падаткаў і павіннасцей на карысць дзяржавы або злоўжыванняў ураднікаў. Яны трацілі асабістую свабоду, вымушаны былі плаціць феадалу натуральныя і грашовыя падаткі. Велікакняжацкія ўлады змагаліся супраць закладніцтва, бо яно змяншала колькасць дзярж. сялян і скарачала дзярж. даходы. У 15—16 ст. закладніцтва было пашырана у Полацкай зямлі.

т. 6, с. 505

ЗАКЛА́ДНІЦТВА,

пераход дзярж. цяглых людзей да феадалаў у Рус. дзяржаве 13 — пач. 18 ст. Каб пазбавіцца цяжкіх дзярж. падаткаў і павіннасцей, збяднелыя сяляне і гараджане дамаўляліся («закладваліся») з феадаламі перайсці да іх, калі будуць зменшаны павіннасці. Пры гэтым закладнікі трацілі асабістую свабоду і траплялі ў залежнасць да феадала. Упершыню З. ўпамінаецца ў дагаворнай грамаце 1266 Ноўгарада з цвярскім князем. Урад, не задаволены памяншэннем даходаў ад скарачэння цяглых сялян, Судзебнікам 1550 забараніў гандл. людзям «закладвацца» за манастыры, а ў 1584 — свецкім феадалам прымаць закладнікаў. Пастановы 1619, 1638 абавязалі закладнікаў вярнуцца на старыя месцы. З. фармальна забаронена Саборным улажэннем 1649, аднак існавала да пач. 18 ст. Дакументы 15—16 ст. сведчаць пра існаванне З. і на Полацкай зямлі.

т. 6, с. 505

ЗАКЛЁПАЧНАЕ ЗЛУЧЭ́ННЕ,

нераздымнае злучэнне дэталей з дапамогай заклёпак (метал. стрыжняў з закладнымі галоўкамі). Робіцца ўнахлёстку, устык з адной або двума накладкамі. Выкарыстоўваецца ў канструкцыях, якія працуюць ва ўмовах ударных і вібрацыйных нагрузак, для змацавання дэталей, якія не зварваюцца або не дапускаюць награвання, і інш. З.з. выцясняюцца больш эканамічнымі зварнымі і клеявымі злучэннямі.

Заклёпачнае злучэнне: а — схема злучэння (1, 2 — замыкальная і закладная галоўкі; 3 — стрыжань заклёпкі, 4 — дэталі, якія злучаюцца); б — пашыраныя тыпы заклёпак (1—3 — з патайной, паўпатайной, плоскай галоўкамі; 4 — канічная з падгалоўкам).

т. 6, с. 505

ЗАКЛІ́ЧКІ,

абрадавыя песні магічнай функцыі са зваротам да аб’екта клічу. Найчасцей аб’ектам звароту выступалі поры года, святы (Вясна, Каляда, Купала), стыхіі, прыродныя з’явы (сонца, дождж, хмара), прадстаўнікі жывёльнага і расліннага свету. Заклінальны характар гэтых песень родніць іх з замовамі. Інтанацыя клічу найб. выразная ў вясновых З. Звароты да вясны ў першай страфе, дапоўненыя выгукамі «Гу!» ў канцы кожнай страфы, найб. поўна выяўляюць функцыян. прызначэнне гэтых З. Страта магічнай функцыі прывяла да пераходу некат. З. у дзіцячы фальклор.

Літ.:

Барташэвіч Г.А. Вершаваныя жанры беларускага дзіцячага фальклору. Мн., 1976;

Довженок Г.В. Український дитячий фольклор: (Віршовані жанри). Київ, 1981;

Мельников М.Н. Русский детский фольклор. М., 1987.

Г.А.Барташэвіч.

т. 6, с. 505

ЗАКЛЮ́ЧНЫ АКТ НАРА́ДЫ ПА БЯСПЕЦЫ І СУПРАЦО́ЎНІЦТВЕ Ў ЕЎРО́ПЕ, Хельсінкскі акт. Падпісаны 1.8.1975 у Хельсінкі кіраўнікамі урадаў 33 еўрап. дзяржаў, а таксама ЗША і Канады. У ім зафіксаваны дамоўленасці, дасягнутыя на Нарадзе па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, у т.л. 10 прынцыпаў узаемаадносін паміж дзяржавамі ( т.зв. Кодэкс мірнага суіснавання): суверэнная роўнасць, павага правоў, уласцівых суверэнітэту; непрымяненне сілы ці пагрозы сілай; непарушнасць граніц; тэр. цэласнасць дзяржаў; мірнае ўрэгуляванне спрэчак; неўмяшанне ва ўнутр. справы; павага правоў чалавека і асн. свабод; раўнапраўе і права народаў самастойна вызначаць свой лёс; супрацоўніцтва паміж дзяржавамі; добрасумленнае выкананне абавязкаў па міжнар. праве.

Л.М.Драбовіч.

т. 6, с. 505