ГАЙТЫСО́ЛА
(Goytisolo) Хуан (н. 5.1.1931, г. Барселона, Іспанія),
іспанскі пісьменнік. З 1956 жыў у Францыі. Першы раман «Спрытнасць рук» (1954) — своеасаблівы маніфест пасляваен. пакалення. У творах 1950 — пач. 1960-х г. асэнсаванне вынікаў грамадз. вайны і франкізму (раман «Самота ў раі», 1955; трылогія «Прывіднае заўтра»; дакумент. аповесці «Палі Ніхара», «Чанка»; зб. апавяданняў «Каб жыць тут» і інш.). У рамане «Асаблівыя прыкметы» (1966), зб. эсэ «Хваставы вагон» (1967) даследаваў метамарфозы светаадчування інтэлігенцыі сучаснай Іспаніі. У раманах «Помста графа дона Хуліяна» (1970), «Хуан Беззямельны» (1975), «Макбара» (1980), «Сарацынскія хронікі» (1982) спробы развянчаць сац. міфы і стэрэатыпы нац. свядомасці. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Рус. пер. — Ловкость рук;
Прибой;
Цирк;
Остров. М., 1964;
Особые приметы. М., 1976;
Печаль в раю;
Возмездие графа дона Хулиана: Романы;
Хуан Безземельный;
Макбара: Отрывки из романов;
Эссе;
Воспоминания. М., 1989.
К.М.Міхееў.
т. 4, с. 440
ГАЙЦЮ́НІШСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры барока з элементамі абарончага дойлідства. Пабудавана, ў 1614 (паводле інш. звестак у 1633) у в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.) каля Гайцюнішскага дома-крэпасці як кальвінская капліца па фундацыі дачкі ўладальніка Гайцюнішак П.Нонхарта Зузаны. Стала сямейнай пахавальняй Нонхартаў і інш. уладальнікаў вёскі кальвінскай веры. Кампактны прамавугольны ў плане мураваны будынак з развітой апсідай быў накрыты вальмавым дахам, з трох бакоў умацаваны магутнымі контрфорсамі. Над уваходам на даху ўзвышалася вежачка-сігнатурка. Тарэц апсіды быў завершаны трохвугольным франтонам. Аконныя праёмы мелі лучковыя завяршэнні. Захаваліся руіны.
т. 4, с. 441
ГАЙЦЮ́НІШСКІ ДОМ-КРЭ́ПАСЦЬ,
Гайцюнішскі «замачак», помнік грамадзянскай архітэктуры пач. 17 ст. ў в. Гайцюнішкі (Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны ў 1613 уладальнікам вёскі, «каралеўскім будаўнічым», выхадцам з Нідэрландаў П.Нонхартам разам з інж. ван Дадэнам. Сіметрычны прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак накрыты вальмавым дахам, фланкіраваны па вуглах 4 круглымі вежамі, завершанымі шатрамі.
Цэнтр гал. фасада вылучаны 3-яруснай прамавугольнай вежай-брамай з мураваным ганкам на слупах (дабудаваны ў канцы 19 ст.). Фасады амаль не маюць арх. дэкору. Тоўстыя (каля 1,5 м) сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, вежаў — вокнамі-байніцамі. У інтэр’еры сцены мелі жывапісную размалёўку, ляпныя ўпрыгожанні і інш. аздобу. У 1970-я г. да ганка зроблена мураваная лесвіца, да дваровага фасада прыбудаваны 1-павярховы цагляны корпус.
У.М.Пярвышын.
т. 4, с. 441
ГАЙШУ́Н Іван Васілевіч
(н. 29.9.1946, в. Пятровічы Бабруйскага р-на),
бел. матэматык. Акад. АН Беларусі (1991, чл.-кар. з 1989), д-р фізіка-матэм. н. (1985), праф. (1992). Скончыў БДУ (1969). З 1969 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, з 1984 заг. лабараторыі, з 1985 намеснік дырэктара, з 1992 дырэктар гэтага ін-та. Навук. працы па дыферэнц. ураўненнях, працэсах кіравання і метадах матэм. мадэлявання. Распрацаваў агульныя прынцыпы даследавання ўстойлівасцей дынамічных сістэм, тэорыю ўраўненняў у поўных вытворных, метады даследавання сістэм кіравання ў функцыян. прасторах.
Тв.:
Вполне разрешимые многомерные дифференциальные уравнения. Мн., 1983;
Линейные уравнения в полных производных. Мн., 1989;
Многопараметрические системы управления. Мн., 1996.
М.У.Токараў.
т. 4, с. 441
ГАЙШЫ́Н,
Гейшын, вёска ў Васькавіцкім с/с Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл., на р. Сож. Цэнтр калгаса. За 12 км на Пд ад Слаўгарада, 80 км ад Магілёва, 52 км ад чыг. ст. Быхаў. 96 ж., 44 двары (1996).
У канцы 1830-х г. належаў Сапегам. У 2-й пал. 19 ст. мястэчка ў Старабыхаўскім пав. Магілёўскай губ. У 1897 Г. у Прапойскай вол. Быхаўскага пав.; 1060 ж., 161 двор, 3 млыны, 3 крупадзёркі, 3 кузні, нар. вучылішча, 12 крам, карчма, царква, 2 сінагогі, двойчы на год праводзіліся кірмашы. З 1924 цэнтр сельсавета Прапойскага (з 1945 Слаўгарадскі) р-на. У Вял. Айч. вайну ў 1943 Гайшын часткова спалілі ням.-фаш. акупанты. З 1961 у Васькавіцкім с/с. У 1970 337 ж., 132 двары.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля Гайшына брацкая магіла сав. воінаў. У выніку Чарнобыльскай катастрофы 1986 вёска апынулася ў зоне моцнага радыяцыйнага забруджання і падлягае адсяленню.
А.М.Філатава.
т. 4, с. 441
ГА́КЕЛЬ Якаў Якаўлевіч
(18.7.1901, Пецярбург — 30.12.1965),
савецкі акіянограф. Д-р геагр. н. (1950), прафесар. Удзельнік арктычнай экспедыцыі на «Сібіракове» (1932), «Чэлюскіне» (1934) і інш. Кіраваў складаннем першай батыметрычнай карты Арктычнага басейна. Яго імем названы падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне.
т. 4, с. 441
ГА́КЕЛЯ ХРЫБЕ́Т,
падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне, працяг Сярэдзінна-Атлантычнага хрыбта ў Арктычным бас. Падзяляе катлавіны Нансена і Амундсена. Даўж. больш за 1000 км; найменшая глыб. над хрыбтом 400 м. Названы ў гонар Я.Я.Гакеля.
т. 4, с. 441
ГАКІНА́ЕВА Лідзія Іларыёнаўна
(5.4.1905, в. Мязга Валагодскай вобл., Расія — 29.1.1990),
бел. дэрматавенеролаг. Д-р мед. н. (1963), праф. (1964). Скончыла 1-ы Ленінградскі мед. ін-т (1938). З 1946 працавала ў ім. У 1963—77 у Гродзенскім мед. ін-це. Навук. працы па піядэрміі, туберкулёзе скуры, абмене рэчываў у хворых на дэрматозы, па псарыязе.
т. 4, с. 441
ГАКХА́ЛЕ Гапал Крышна
(9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),
дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл. заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр. заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.
т. 4, с. 441
ГАЛ,
адзінка паскарэння ў сістэме СГС (сантыметр, грам, секунда). Абазначаецца гал. 1 гал = 1 см/с2. Названа ў гонар Г.Галілея. Выкарыстоўваецца ў гравіметрыі.
т. 4, с. 441