Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

каларыйнасць

т. 7, с. 453

каларыметр

т. 7, с. 453

каларыметрыя

т. 7, с. 453

каларыт

т. 7, с. 453

КАЛАРЫ́ФЕР (ад лац. calor цяпло + fero нясу),

цеплаабменны апарат (прылада) для награвання паветра ў сістэмах паветр. ацяплення, вентыляцыі і сушкі. Бываюць паравыя, вадзяныя, эл. і агнёва-паветраныя. К., у якіх паветра награецца парай або гарачай вадой, бываюць пласціністыя (радыятары), са спіральна-стужачнымі і накатнымі рэбрамі. У К. паветра награецца, абцякаючы каналы, дзе цыркулююць гарачыя газы, вада або пара. Рух паветра можа стварацца вентылятарам. Гл. таксама Паветрападагравальнік.

т. 7, с. 454

КА́ЛАС (Callas; сапр. Калаерапулу) Марыя

(3.12.1923, Нью-Йорк — 16.9.1977),

грэчаская спявачка (сапрана). Вучылася ў Афінскай кансерваторыі. Дэбютавала ў Афінах (1938). З 1950 салістка буйнейшых оперных т-раў свету «Ла Скала» (Мілан), «Ковент-Гардэн» (Лондан), опернага т-раў Чыкага, «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодала голасам вял. дыяпазону, выключным артыстызмам, майстэрствам бельканта. Сярод партый: Медэя («Медэя» Л.​Керубіні), Лючыя, Ганна Балейн («Лючыя ды Ламермур», «Ганна Балейн» Г.​Даніцэці), Норма, Аміна, Імагена («Норма», «Самнамбула», «Пірат» В.​Беліні), Віялета («Травіята» Дж.​Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.​Пучыні), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні, Кармэн («Кармэн» Ж.​Бізэ). З 1982 у Афінах праводзіцца Міжнар. конкурс вакалістаў імя К. Здымалася ў кіно («Медэя», 1969), займалася рэж. дзейнасцю.

Літ.:

Мария Каллас: Биография. Статьи. Интервью: Пер. с англ. и итал. М., 1978.

М.Калас у ролі Разіны.

т. 7, с. 454

«КАЛАСКІ́»,

бел. часопіс для дзяцей. Выдаваўся ў 1952—61 у Мюнхене (Германія) на бел. мове штомесячна як дадатак да газ. «Бацькаўшчына». Рэдактар — З.​Станкевіч. Меў 8 (часам 16) старонак кніжнага фармату. Друкаваў казкі, творы Я.​Коласа, Я.​Купалы, М.​Багдановіча, З.​Бядулі, Н.​Арсенневай, загадкі, прыказкі, матэрыялы на рэліг. і гіст. тэмы, інфармаваў пра асн. падзеі з Беларусі, змяшчаў малюнкі, ілюстрацыі, фотаздымкі.

А.​С.​Ляднёва.

т. 7, с. 454

КАЛАСНЕ́Ц (Bromopsis),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах зямнога шара. На Беларусі — 4 віды К.: безасцюковы (B. inermis), Бенякена (B. benekenii), прамы (B. erecta), берагавы (B. riparia).

Шматгадовыя травяністыя расліны з паўзучымі падземнымі парасткамі або без іх. Сцябло прамое ці прыўзнятае выш. 60—150 см. Лісце чаргаванае, шырокалінейнае, плоскае, шурпатае. Суквецце — раскідзістая мяцёлка. Каласкі 3—12-кветныя. Ніжнія кветкавыя лускавінкі часам з прамым або адагнутым кароткім асцюком. Цвіце ў чэрв. — ліпені. Плод — зярняўка з баразёнкаю. Кармавая расліна. Выкарыстоўваецца ў травасумесях для стварэння культ. сенажацей і пашы, на землях, схільных да ветравой эрозіі.

Каласнец безасцюковы.

т. 7, с. 454

КАЛАСНЯ́К (Leymus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў нетрапічных краінах Паўн. паўшар’я і Паўд. Амерыкі, часткова ў гарах тропікаў. На Беларусі расце К. пясчаны (L. arenarius). Рэдкі заносны від. Трапляецца пераважна ў паўд.-зах. раёнах на пясках у хвойніках, населеных пунктах і інш.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. 80—120 см з доўгім паўзучым карэнішчам. Сцёблы прамыя, моцныя, тоўстыя, аблісцелыя. Лісце цвёрдае, буйное, шырокалінейнае з шызым налётам. Суквецце — густы колас. Каласкі ланцэтныя, 4—6-кветныя, безасцюковыя. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Плод — падоўжаная жалабатая зярняўка. Кармавая, харч., дэкар. расліна.

Каласняк галінасты.

т. 7, с. 454

КАЛАСО́ЎНІК (Bromus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 25 відаў. Пашыраны ў краінах Міжземнамор’я, у нетрапічных паясах Еўразіі і Афрыкі. На Беларусі 6 дзікарослых К.: аржаны (B. secalinus), мяккі (B. mollis), палявы (B. arvensis), гронкавісты (B. commutatus), растапыраны (B. squarrosus), японскі (B. japonicus); інтрадукаваны К. дрыжнікападобны (B. briziformis). Растуць на палях, лугах, уздоўж дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 см. Сцябло — саломіна. Лісце з замкнёнымі пазухамі. Суквецце — мяцёлка з буйных шматкветкавых (6—20 кветак) каласкоў. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны. К. аржаны — пустазелле пасеваў азімых культур.

Каласоўнік безасцюковы.

т. 7, с. 454