Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КА́РЫ, лесавозы,

сані для перавозкі лесу і буд. матэрыялаў. Рабілі з масіўных, часцей натуральна выгнутых палазоў, якія трывала злучалі паміж сабой па капылах дубовымі вязамі, брускамі ці патоўшчанымі на канцах калодкамі. Спосаб укладкі бярвён залежаў ад даўжыні, канструкцыі К., мясц. тыпаў запрэжкі. Былі пашыраны да сярэдзіны 20 ст. Выйшлі з ужытку.

В.​С.​Цітоў.

т. 8, с. 112

КА́РЫ,

старажытны горад на ПнЗ Месапатаміі (цяпер г. Харан, Турцыя), паблізу якога 9.5.53 да н.э. адбылася бітва паміж рым. войскам М.​Краса (больш за 40 тыс. чал.) і парфянскім войскам пад камандаваннем Сурэны. Перавага парфян у конніцы прывяла да разгрому рым. авангарда і адступлення рымлян у К. 10 мая Крас забіты ў час перагавораў, а рэшткі рым. арміі (12—14 тыс. чал.) адступілі за р. Еўфрат.

Кары.

т. 8, с. 112

КАРЫ́БА (Kariba),

Элізабет, вадасховішча ў Замбіі і Зімбабве, на р. Замбезі. Пл. 4450 км², аб’ём 160,3 км³, даўж. 300 км. Створана ў 1958—63 з мэтай энергетыкі (ГЭС Карыба), ірыгацыі, суднаходства і барацьбы з паводкамі.

т. 8, с. 112

КАРЫ́БСКАЕ МО́РА (Caribbean Sea),

Караібскае мора, паўзамкнёнае мора Атлантычнага ак., паміж Цэнтр. і Паўд. Амерыкай і Вялікімі і Малымі Антыльскімі а-вамі. Абмывае берагі дзяржаў: Мексіка, Беліз. Гватэмала, Гандурас, Нікарагуа, Коста-Рыка, Панама, Калумбія, Венесуэла, Трынідад і Табага, Куба, Гаіці, Дамініканская Рэспубліка, Ямайка, Дамініка, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Грэнада, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Нідэрландаў.

На ПнЗ злучана Юкатанскім прал. з Мексіканскім зал., на ПнУ і У — пралівамі паміж Антыльскімі а-вамі з Атлантычным ак., на ПдЗ — штучным Панамскім каналам з Ціхім ак. Пл. 2777 тыс. км². Найб. глыб. 7090 м. Берагі месцамі гарыстыя, на асобных участках нізінныя; на З і каля Антыльскіх а-воў акаймаваны каралавымі рыфамі. Берагавая лінія моцна парэзаная; на З і Пд залівы Гандураскі, Дар’енскі, Венесуэльскі. Найб. астравы: Куба, Гаіці, Ямайка, Пуэрта-Рыка. Клімат трапічны, знаходзіцца пад уплывам пасатнай цыркуляцыі. Т-ра вады зімой 25 °C, летам 28 °C. Салёнасць каля 36‰. Прылівы няправільныя, паўсутачныя (да 1 м). Водзяцца акулы, лятучыя рыбы, марскія чарапахі і інш., трапляюцца кашалоты і гарбатыя кіты, на в-ве Ямайка — цюлені і ламанціны. Праз К.м. і Панамскі канал праходзіць найб. кароткі марскі шлях з Атлантычнага ў Ціхі ак. Гал. парты: Маракайба, Ла-Гуайра (Венесуэла), Картахена (Калумбія), Лімон (Коста-Рыка), Калон (Панама), Санта-Дамінга (Дамініканская Рэспубліка), Сант’яга-дэ-Куба (Куба).

т. 8, с. 112

КАРЫ́БСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае Вялікія Антыльскія (Куба, Гаіці, Пуэрта-Рыка, Ямайка), Багамскія, Малыя Антыльскія а-вы, Трынідад; уваходзіць у біягеаграфічнае царства Неагею. Флора прадстаўлена пераважна трапічнымі лясамі, ёсць і інш. фармацыі расліннасці. Фауна тыповая для астравоў. Наземных млекакормячых мала (6 родаў). Эндэмічнае сям. шчыліназубаў з 2 відамі. З грызуноў нутрыевыя і загуці. Трапляюцца астраўны апосум і янот. Многа рукакрылых (24 роды, з іх 4 эндэмічныя): вампіры (14 родаў), пладаедныя, рыбаедныя, лісцяносыя, лістабародыя і інш. У арнітафауне 150 родаў, з іх 38 эндэмічных, у т. л. сям. тодзі (пляскатадзюбы) з атр. ракшападобных. Сярод калібры, трагонаў, зязюль, тыранаў і інш. каля 25% эндэмікаў. Найбольш эндэмікаў на Ямайцы. Сярод паўзуноў некалькі відаў чарапах, 2 віды кракадзілаў (адзін эндэмічны на Кубе), шматлікія яшчаркі (22 роды, з іх 7 эндэмічных, у т. л. рыючыя амфісбены), змеі (19 родаў з 4 эндэмічнымі відамі). З амфібій трапляюцца жабы (5 родаў, у т. л. квакшы, паўднёваамер. свістуны і кароткагаловыя жабы — эндэмікі Кубы). Сярод прэснаводных рыб — панцырны шчупак (на Кубе), хромісы, жывародныя і яйцародныя карпазубыя (на Гаіці і Кубе), гамбузія. Разнастайнасць насякомых невялікая. Шмат наземных малюскаў, паходжанне якіх мае сувязі з афр. і азіяцкімі відамі. Натуральныя ландшафты вобласці моцна парушаны дзейнасцю чалавека, таму многія віды жывёл зніклі або на мяжы знікнення.

Да арт. Карыбская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі фауны: 1 — апосум; 2 — хутыя конга; 3 — шчыліназуб; 4 — каршун кручкадзюбы; 5 — дрэвалаз сурынамскі; 6 — лоры таіцянскі; 7 — перасмешнік карычневы; 8 — чарапаха кайманавая; 9 — аспід каралавы; 10 — хроміс дымідыятус; 11 — скалярыя; 12 — панцырнік даўгарылы.

т. 8, с. 113

КАРЫ́БСКІЯ А́НДЫ (Cordillera de los Andes Caribes),

горы на Пн Венесуэлы ў Паўд. Амерыцы. Даўж. каля 800 км. Складаюцца з Берагавой Кардыльеры (выш. да 2765 м) і ўнутранага хр. Серанія-дэль-Інтэр’ёр (выш. да 2600 м). Утвораны з метамарфічных парод з гранітнымі інтрузіямі ў восевай зоне. паўд. ч. — з эфузіўных і асадачных парод, у мезакайназоі. Каля паўд. падножжа радовішчы нафты і газу. Хрыбты раздзелены падоўжнай тэктанічнай катлавінай, у межах якой знаходзіцца воз. Валенсія і даліна р. Туй. Землетрасенні. На схілах ксерафітныя лясы і хмызнякі, вышэй за 900—1000 м горныя лістападныя і вечназялёныя лясы. Некалькі нац. паркаў.

т. 8, с. 114

КАРЫ́БСКІЯ АСТРАВЫ́,

тое, што Наветраныя астравы.

т. 8, с. 114

КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,

спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш. Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).

т. 8, с. 113

КАРЫ́БСКІ КРЫ́ЗІС 1962, Кубінскі крызіс,

канфлікт паміж ЗША і СССР вакол Кубы; адзін з найб. небяспечных для міжнар. міру эпізодаў «халоднай вайны». Выкліканы тайным размяшчэннем з чэрв. 1962 сав. ядз. ракет сярэдняй далёкасці на в-ве Куба. 16.9.1962 амер. разведвальны самалёт У-2 выявіў сав. ракеты на Кубе. Прэзідэнт Дж.Ф.Кенэдзі абвясціў марскую блакаду вострава (ажыццяўлялася 24.10—21.11.1962 сіламі 183 караблёў ВМС ЗША) і запатрабаваў ад СССР вывесці ракеты з Кубы. Абодва бакі прывялі ў стан баявой гатоўнасці свае стратэг. ядз. сілы, што пагражала выбухам ядз. вайны ў свеце. СССР пагадзіўся на вывад ракет у абмен на гарантыі бяспекі для Кубы і абяцанне вывесці амер. ракеты з Турцыі. Дагаворы аб гэтым дасягнуты ў канцы кастр.пач. ліст. 1962 на сав.-амер. перагаворах з удзелам кубінскіх прадстаўнікоў і ген. сакратара ААН. У выніку К.к. была наладжана пастаянная прамая тэлеф. ўрадавая сувязь («гарачая лінія») паміж Масквой і Вашынгтонам.

т. 8, с. 113

КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),

князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл. Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.

т. 8, с. 114