ІТАЛЬЯ́НСКІ ПАХО́Д СУВО́РАВА 1799,
баявыя дзеянні (крас.—жн.) рас. і аўстр. войск пад камандаваннем фельдмаршала А.В.Суворава супраць 2 франц. армій у Паўн. Італіі ў вайну 1798—1802 Францыі з 2-й антыфранц. кааліцыяй (Англія, Расія, Аўстрыя, Турцыя, Каралеўства абедзвюх Сіцылій). Распрацаваны Суворавым план кампаніі прадугледжваў разгром франц. армій паасобку. 26—28.4.1799 гал. сілы Суворава (больш за 40 тыс. чал.) разбілі франц. армію на чале з ген. Ж.В.Маро (каля 28 тыс. чал.) на р. Ада, занялі г. Мілан, у маі — Турын і Александрыю. 17—19 чэрв. войскі Суворава (каля 30 тыс. чал.) у сустрэчным баі на р. Трэбія разграмілі франц. армію ген. Ж.Макданальда (33—35 тыс. чал.), якая рухалася на дапамогу Маро з Сярэдняй і Паўд. Італіі. Разгром саюзнымі войскамі (43 тыс. чал., паводле інш. звестак, 50 тыс.) 35-тысячнай франц. арміі ген. Б.К.Жубера (забіты ў пач. бітвы, яго змяніў Маро) 15 жн. каля г. Нові і перамогі ВМФ Расіі ў ходзе Міжземнаморскага паходу Ушакова 1798—1800 прывялі да амаль поўнага вызвалення Італіі ад франц. панавання. Сувораў быў накіраваны ў Швейцарыю (гл. Швейцарскі паход Суворава 1799). У.Я.Калаткоў.
т. 7, с. 364
ІТАЛЬЯ́НЦЫ (саманазва італьяні),
народ, асн. насельніцтва Італіі (54,35 млн. чал.). Агульная колькасць 66,5 млн. чал. (1992). Жывуць таксама ў ЗША (8,5 млн. чал.), Аргенціне (1,35 млн. чал.), Францыі (1,1 млн. чал.), Канадзе, Аўстраліі, Бразіліі і інш. Этнаграфічныя групы: венецыянцы, п’емонтцы, тасканцы, ламбардцы, лігурыйцы, калабрыйцы, сіцылійцы і інш. Гавораць на італьянскай мове. Вернікі пераважна католікі.
т. 7, с. 365
ІТАПІКУРУ́ (Itapicuru),
Ітапекуру, рака на ПнУ Бразіліі. Даўж. каля 650 км, пл. бас. 46,5 тыс. км2. Пачынаецца ў хр. Сера-ду-Ітапікуру на паўн. ускраіне Бразільскага пласкагор’я, упадае ў заліў Сан-Жазе Атлантычнага ак. Жыўленне дажджавое. Паводкі ў сак.—маі. Сярэдні гадавы расход вады 470 м3/с. Ha І. — гарады Кашыяс (пачатак суднаходства), Кадо, Каруата.
т. 7, с. 365
ІТА́Р—ТАСС, Інфармацыйнае тэлеграфнае агенцтва Расіі,
цэнтральная дзярж. інфарм. служба. Створана ў 1962 на базе Тэлегр. агенцтва Сав. Саюза (ТАСС, засн. ў 1925, мела аддзяленні і карэспандэнцкія бюро больш як у 110 краінах). Збірае і забяспечвае інфармацыяй органы друку, радыёвяшчання і тэлебачання, урадавыя ўстановы і інш. арг-цыі ў Рас. Федэрацыі і за мяжой.
т. 7, с. 365
ІТАТЫА́Я (Itatiaia),
нацыянальны парк на ПдУ Бразіліі. Засн. ў 1937 для аховы прыродных ландшафтаў найвышэйшых вулканічных масіваў у раёне хр. Серада-Мантыкейра (г. Агульяс-Неграс выш. 2787 м). Пл. каля 12 тыс. га. Разнастайныя формы выветрывання, каньёнападобныя рачныя даліны з азёрамі. Саванна кампос, горны хваёвы і дажджавы трапічны лес з ліянамі, архідэямі, імхамі і папарацямі. У фауне касматая павукападобная малпа, грывасты воўк, даўгахвостая выдра, трохпальцы мураўед, гарпія, чорнагаловы папугай і інш. Біястанцыя бат. саду Рыо-дэ-Жанейра.
т. 7, с. 365
І́ТКІНА (Марыя Лявонаўна) (н. 3.5.1932, г. Смаленск, Расія),
бел. спартсменка і трэнер (лёгкая атлетыка, бег). Засл. майстар спорту СССР (1960), засл. трэнер БССР (1971), засл. дз. фіз. культуры БССР (1973). Скончыла Бел. ін-т фіз. культуры (1957). Чэмпіёнка Еўропы ў бегу на 200 м і ў эстафеце 4 × 100 м (1954, Берн), у бегу на 400 м (1958, Стакгольм; 1962, Бялград). Бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы ў бегу на 200 м (1958, Стакгольм). Пераможца Кубка Еўропы ў бегу на 400 м (1965, г. Касель, ФРГ), матчаў СССР—ЗША (1957), СССР—ФРГ (1958), СССР—Англія (1962, 1964). Чэмпіёнка СССР у бегу на 100 м (1960—63), 200 м (1954, 1956—58, 1960—62), 400 м (1958—60, 1963—65), у эстафеце 4 × 100 м (1964). 11-разовая рэкардсменка свету, рэкардсменка СССР у бегу на 400 м. З 1967 трэнер Бел. савета «Дынама». З 1991 Прэзідэнт Бел. саюза спартсменаў.
т. 7, с. 365
І́ТРЫЙ (лац. Yttrium),
Y, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 39, ат. м. 88,9059, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе І. стабільны ізатоп 89Y. У зямной кары 2∙10−3% па масе. Вылучаны ў выглядзе аксіду фін. хімікам Ю.Гадалінам (1794) з мінералу, знойдзенага каля пас. Ітэрбю (адсюль назва Y, а таксама ітэрбію, тэрбію і эрбію), металічны атрыманы ў 1828 ням. хімікам Ф.Вёлерам.
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1528 °C, шчыльн. 4472 кг/м3. У паветры пакрываецца тонкай устойлівай плёнкай аксідаў. Лёгка ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, вадародам, азотам, серай, вугляродам, фосфарам. Атрымліваюць аднаўленнем бязводных галагенідаў І. літыем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць для легіравання сталі, чыгуну і сплаваў, як канстр. матэрыял для ядз. рэактараў; ітрыевыя гранаты — лазерныя матэрыялы ў радыёэлектроніцы.
т. 7, с. 365
ІТУРУ́П,
самы вялікі востраў у групе Курыльскіх астравоў, у Сахалінскай вобл. Расіі. Пл. 6725 км2, даўж. 200 км, шыр. ад 7 да 27 км. Размешчаны ў паўд. градзе, складаецца з вулканічных масіваў і горных кражаў. Выш. да 1634 м. Берагі высокія, стромкія. На ПнУ альховае драбналессе, у цэнтр. ч. пералескі курыльскай лістоўніцы, на ПдЗ — хваёва-шыракалістыя лясы з ліянамі. У падлеску зараснікі курыльскага бамбуку. На І. — г. Курыльск.
т. 7, с. 365
ІТЫКА́ВА,
горад у Японіі на в-ве Хонсю, у прэфектуры Тыба, прамысл. прыгарад Токіо. Чыг. вузел. 398 тыс. ж. (1985). Прам-сць: трансп. машынабудаванне, металургія, шэрсцепрадзільная, фармацэўтычная, харчовая.
т. 7, с. 365
ІТЫ́ЛЬ,
назва р. Волга ў сярэдневяковай араб. і перс. л-ры. Цяпер яе ўжываюць татары, башкіры, чувашы і некат. інш. цюркамоўныя народы.
т. 7, с. 365