ІСТЭРЫ́Я (ад грэч. hystera матка; стараж. грэкі прыпісвалі І. матачнай хваробе і лічылі яе ўласцівай толькі жанчынам),
форма неўрозу, які выяўляецца псіхічнымі, саматычнымі, неўралагічнымі і вегетатыўнымі расстройствамі. Найчасцей бывае ў жанчын маладога ўзросту; хварэюць і мужчыны. Прычыны: псіхатраўмы, невырашальныя душэўныя канфлікты (пры пэўных рысах характару, псіхічным інфантылізме, дэфектах выхавання). Праяўляецца прыпадкамі (слёзы, смех, крыкі, сутаргі), парушэннем адчувальнасці (да болю, холаду і інш.), істэрычнымі паводзінамі (празмерны эгаізм, рэзкія перамены настрою). Хворы адчувае боль і непрыемны стан у розных ч. цела (асабліва ў вобласці сэрца), ком у горле, парушэнне слінавыдзялення, успушванне жывата, моташнасць, ірвоту, запоры і паносы. Бываюць істэрычныя парэзы і паралічы, парушэнне мовы. Такі стан нагадвае эпілептычныя прыпадкі (гл.Эпілепсія). Адрозненне ў тым, што істэрычным прыпадкам хворы хоча выклікаць спагаду да сябе (пры адсутнасці гледача прыпадку можа не быць). У дзяцей да года І. выяўляецца простымі і аднабаковымі істэрычнымі прыпадкамі (дзіця падае, крычыць, плача), якія ўскладняюцца з узростам. Лячэнне: псіхатэрапія, унушэнне (сугестыя), гіпноз, медыкаментознае, агульнаўмацавальныя сродкі.
Літ.:
Шанько Г.Г. Наши нервы и наши болезни: Для здоровых и больных. Мн., 1996;
Карвасарский Б.Д. Неврозы. 2 изд. М., 1990;
Антонов И.П., Шанько Г.Г. Судорожные состояния у детей. Мн., 1970.
горад у цэнтр.ч. Ірана, на р. Заендэруд. Адм. ц. астана (адм. адзінкі) Ісфахан. Вядомы з ант. часоў. 1,9 млн.ж. (1997). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Другі (пасля Тэгерана) гандл.-прамысл. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст. (пераважна шарсцяная), харчасмакавая (у асноўным цукр., тытунёвая), гарбарна-абутковая, цэм., шкляная, нафтаперапр., хімічная. Старадаўні цэнтр дыванаткацтва і сярэдневяковай маст. мініяцюры. Ун-т. Тэатры, музеі (у т. л. гісторыка-краязнаўчы). Шматлікія арх. помнікі 8—18 ст., у тым ліку уключаныя ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай спадчыны: Саборная мячэць (9 ст.), мінарэты і маўзалеі (12—16 ст.), плошча Мейдане-Шах з навакольнымі будынкамі (16—17 ст.) і інш.
Сфарміравалася на мяжы 16 і 17 ст. у г.Ісфахан (Іран). Заснавальнік стылю Рэза Абасі. Для І.ш. характэрны каліграфічна дакладны віртуозны малюнак з лёгкай падфарбоўкай, пластычная аб’ёмнасць і лёгкасць фігур, найтанчэйшая прапрацоўка дэталей. Для яе майстроў уласцівы спробы надаць мініяцюры новы змест, далучыць да станковага жывапісу (мініяцюры на асобных аркушах, якія збіралі ў альбомы). З 1670-х г.
пад уплывам еўрап. жывапісу ў творах І.ш. з’явіліся элементы святлоценявой мадэліроўкі, лінейнай і паветр. перспектывы ў выявах пейзажных фонаў. Да 18 ст. гэты «еўрапеізаваны» кірунак стаў асноўным.
бел. кампазітар. Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1982, клас Ц.Хрэннікава). Выкладчыца муз. школ у Мінску. Сярод твораў: камерная опера «Дзіцячыя сны» на лібрэта В.Шлеянкова (1993), «Канцэрт-дзейства» на словы Сімяона Полацкага для мяшанага хору (1991), кантата «Дзеці народаў свету» (1988), хар. дзействы на духоўныя вершы С.Ясеніна (са Шлеянковым, 1992), «Нябесны Іерусалім» (на яўр. духоўныя тэксты, 1992); сімфонія № 1 (1982), «Сімфонія напеваў» (1986) для сімф.арк.; камерна-інстр. музыка, у т. л. трыо, квінтэт, санаты, творы для фп. (прэлюдыі-карціны «Памяці А.Друкта», 1989—91; Таката, 1993); канцэрты для хору a capella «Рубаі Умара Хаяма» (1989), «Купалінка» (1988) і на вершы Ясеніна (1991, абодва са Шлеянковым) і інш. Аўтар тэарэтычных прац па пытаннях імправізацыі, кампазіцыі і сальфеджыо.
у цывільным працэсе грамадзянін або юрыд. асоба, якая звяртаецца з іскам у суд, арбітраж, гаспадарчы або трацейскі суды за абаронай свайго парушанага або аспрэчваемага права ці ахоўваемага законам інтарэсу.
адэкватнае адлюстраванне аб’ектыўнай рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Адрозніваюць І. абсалютную і адносную. Абсалютная — поўныя (вычарпальныя) веды пра вывучаемы прадмет, якія не могуць быць абвергнуты наступным развіццём пазнання;адносная — няпоўныя (абмежаваныя аб’ектыўнымі і суб’ектыўнымі абставінамі) веды пра той жа прадмет. Гэтыя І. дыялектычна ўзаемазвязаны; абсалютная складаецца з адносных, у кожнай адноснай змяшчаецца «часцінка» абсалютнай І. Практыка пераконвае, што чалавецтва не ў стане пазнаць абсалютную І., але пастаянна набліжаецца да яе, да раскрыцця сутнасці быцця. Такім чынам, І. — дыялект. працэс, што ідзе ў кірунку ўсё большай паўнаты адлюстравання аб’екта і пераадольвае на сваім шляху памылковыя погляды. Найважнейшая праблема — адмежаванне І. ад памылак, пошук крытэрыя І. Яе імкнуліся знайсці ант. філосафы, не знайшоўшы такога рашэння, яны схіляліся да агнастыцызму і скептыцызму. Аб’ектыўныя ідэалісты разглядалі І. як вечныя, абсалютныя ўласцівасці ідэальных аб’ектаў (Платон), як божае адкрыццё (Аўгусцін). Суб’ектыўныя ідэалісты разумеюць І. як згоду мыслення з яго апрыёрнымі формамі (І.Кант), як найб. простую ўзгодненасць адчуванняў (Э.Мах, Р.Авенарыус), форму псіхал. стану асобы (экзістэнцыялісты) і г.д.Дыялект. матэрыялізм зыходзіць з аб’ектыўнасці зместу І., прызнае ў якасці гал. крытэрыя І. сац.-гіст. практыку людзей.
бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс.км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Хульскага запаведніка. На беразе — магіла М.М.Пржавальскага. Турызм.
горная катлавіна на Пн Цянь-Шаня, у Кыргызстане. Абмежавана з Пнхр. Кюнгёй-Ала-Тоо, з Пдхр. Тэрскей-Ала-Тоо. Дно занята воз.Ісык-Куль. Даўж. 240 км, шыр. да 90 км. Уяўляе сабой сінклінальны праг ш, ускладнены разломамі. Вял. сейсмічнасць. На У радовішчы каменнага вугалю (Джэргалан), на ПдУ — тэрмальны мінер. крыніцы (Джэты-Агуз, Ак-Суу). У рэльефе перадгорнай раўніны вылучаюцца азёрныя тэрасы, перадгорныя і ўнутрыкатлавінныя ўзвышшы. Схілы гор з цяснінамі. Да возера з гор цякуць шматлікія рэкі (больш за 50). У зах.ч. катлавіны клімат засушлівы (менш за 200 мм ападкаў за год), ландшафты пустынныя і паўпустынныя; ва ўсх.ч. ападкаў да 500 мм (у гарах да 800 мм), пераважаюць стэпы, на схілах гор — лясы з цяньшанскай елкі, вышэй — субальпійскія і альпійскія горныя лугі, вышэй 3500 м — ледавікі і снежнікі. Важны збожжавы і жывёлагадоўчы раён. У прыбярэжнай паласе група бальнеакліматычных курортаў. У межах катлавіны Ісык-Кульскі запаведнік.
ІСЫ́К-КУ́ЛЬСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК У Ісык-Кульскай вобл., Кыргызстан, ва ўсх.ч. Цянь-Шаня. Засн. ў 1948 (у сучасных межах з 1976) для аховы месцаў гнездавання і зімовак вадаплаўных і водна-балотных птушак. Пл. больш за 17 тыс.га, з іх 15 тыс.га прыпадае на акваторыю воз. Ісык-Куль (у т. л. водна-балотныя ўгоддзі міжнар. значэння). Запаведнік складаецца з 9 адасобленых участкаў вакол возера. На ўвільготненых месцах звычайныя густыя зараснікі абляпіхі, талу, тамарыску, барбарысу і карагачу, падводныя лугі харавых водарасцей. У фауне стэпавы тхор, ласка, барсук і інш., акліматызавана андатра, у гарах — марал, горны казёл, трапляецца снежны барс, з птушак — фазан, арлан-белахвост, белая чапля, чырвананосы нырэц, лысуха, лебедзь-шыпун. Запаведнік уключаны ў праграму «Чалавек і біясфера».
...ІТ (ЫТ) (грэч. itis), суфікс, які выкарыстоўваецца для ўтварэння назоўнікаў — назваў запаленчых захворванняў або працэсаў, напр., артрыт, гідрадэніт.