Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

І́СТБАРН (Eastbourne),

горад і прыморскі кліматычны курорт у Вялікабрытаніі. На Пд ад Лондана і У ад Брайтана, на беразе прал. Ла-Манш. Вызначаецца мяккім марскім кліматам, спрыяльным для тэрапіі нерв. расстройстваў. Адзін з першых гарадоў у Вялікабрытаніі, дзе з 19 ст. пачалося эксперым. ландшафтнае буд-ва месца правядзення шматлікіх канферэнцый, у т. л. міжнародных.

т. 7, с. 347

ІСТМІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ, Істміі,

у Стараж. Грэцыі святы і спаборніцтвы ў гонар Пасейдона. Праходзілі на Істме (цяпер Карынфскі перашыек), верагодна з 582 да н.э. адзін раз у 2 ці 4 гады. Паводле міфа, засн. Тэсеем. Праводзіліся гімнастычныя, конныя, пазней муз. і паэт. спаборніцтвы. Пераможцу ўзнагароджвалі вянком з сельдэрэю ці хвоі, у які ўпляталася галінка пальмы. На час І.г. у Грэцыі абвяшчаўся «свяшчэнны мір», не вяліся ваен. дзеянні. Да ўдзелу ў І.г. не дапускаліся арганізатары Алімпійскіх гульняў — элейцы.

т. 7, с. 347

ІСТО́МІНА (Аўдоцця Ільінічна) (17.1.1799, С.-Пецярбург — 8.7.1848),

руская балерына. Скончыла Пецярбургскае тэатр. вучылішча (1815, педагог Ш.Дзідло і інш.). Вучаніцай дэбютавала ў партыі Галатэі («Ацыс і Галатэя» К.​Каваса). У 1816—36 салістка (да 1829 вядучая танцоўшчыца) пецярбургскага Вял. т-ра. Валодала моцным тэмпераментам, віртуознай тэхнікай, бездакорным пачуццём стылю, сцэн. абаяльнасцю. Стварыла яркія разнапланавыя вобразы (ад камічных да глыбока трагічных). Сярод лепшых партый: Флора, Чаркешанка («Зефір і Флора», «Каўказскі нявольнік, або Цень нявесты» Каваса), княжна Людміла («Руслан і Людміла» Ф.​Шольца; паст. ўсіх Дзідло), царыца Сумбека («Сумбека, або Заваяванне Казанскага царства» Л.​Санэ).

Літ.:

Эльяш Н. Авдотья Истомина. Л., 1971.

т. 7, с. 347

Істомін Юрый Пятровіч

т. 18, кн. 1, с. 395

ІСТО́ПКА,

гл. Варыўня.

т. 7, с. 347

ІСТР (ístros),

старажытнагрэчаская назва ніжняга цячэння р. Дунай (з 8 ст. да н.э.).

т. 7, с. 348

І́СТРУ ((Istru) Багдан) (сапр. Бадароў Іван Спірыдонавіч; 13.4.1914, в. Піструены Лазоўскага р-на, Малдова — 25.3.1993),

малдаўскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Малдовы (1982). Чл.-кар. АН Малдовы (1984). Скончыў Вышэйшае пед. вучылішча ў г. Ясы (1931). Друкаваўся з 1936. У кнігах вершаў і паэм «Заклінанне» (1937), «Голас Радзімы» (1946), «Ад берага да берага» (1958), «Боль ценяў» (1968), «Тысячы галасоў» (1971), «Татарбунар» (1974), апавяданняў «Шлях да святла» (1947) і інш. адлюстраваў найб. важныя гіст. вехі жыцця малд. народа. Аўтар нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў. На бел. мову асобныя творы І. пераклаў А.​Лойка.

Тв.:

Рус. пер. — Избр.: Стихотворения и поэмы. М., 1976.

т. 7, с. 348

І́СТРЫЯ (Istria),

паўвостраў паміж зал. Трыесцкім і Рыекскім Адрыятычнага м., у Харватыі, Славеніі і Італіі. Выступае ў мора амаль на 100 км. Пл. 3,7 тыс. км². Вапняковае пакатае плато ўздымаецца з ПдЗ на ПнУ. Выш. 100—600 м, найб. — 1396 м (г. Учка). Развіты карст. Клімат міжземнаморскі. Бедная міжземнаморская расліннасць (травы, шыбляк). Буйныя гарады: Трыест (Італія), Пула (Харватыя).

т. 7, с. 348

ІСТЫСУ́,

бальнеалагічны і горнакліматычны курорт у Азербайджане. Размешчаны на паўн.-зах. схілах Карабахскага нагор’я, у глыбокай цясніне каля прытока Куры, на выш. амаль 2000 м.

Тэрмальныя мінер. воды (крыніцы вядомыя з 12 ст), горнае паветра, устойлівы мяккі клімат, інтэнсіўная сонечная радыяцыя ствараюць умовы для лячэння хвароб страўніка, кішэчніка, жоўцевых шляхоў, печані, нырак, парушэнняў абмену рэчываў і інш. Крыніцы халодных радонавых вод выкарыстоўваюць пры хваробах перыферычнай нерв. сістэмы, сасудаў і сэрца, органаў руху і апоры.

т. 7, с. 348

ІСТЭ́БЛІШМЕНТ (ад англ. establishment устанаўленне, заснаванне; установа),

1) дзяржаўныя, эканам., грамадска-паліт. ін-ты і арг-цыі, якія валодаюць уладай і ўплывам у грамадстве, а таксама групы і асобы, якія займаюць асн. пазіцыі ў гэтых ін-тах і арг-цыях.

2) Трывалае, устойлівае становішча ў грамадстве.

т. 7, с. 348