Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ОХ,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак; казачны чараўнік у выглядзе барадатага чалавека. О. выскоквае з-пад зямлі да стомленага і галоднага бедняка, які прысеў на пень і моцна охнуў, корміць яго і прапануе сваю дапамогу. Дорыць герою чарадзейную табакерку, якая выконвае любыя пажаданні. Герой гэтай казкі перамагае злыя сілы і дамагаецца справядлівасці. Казкі падобнага тыпу запісаў М.Федароўскі. Сюжэт О. вядомы і інш. народам.

А.С.Фядосік.

т. 11, с. 459

О́ХАС-ДЭЛЬ-САЛА́ДА (Ojos dei Salado),

патухлы вулкан на Пд Цэнтр. Анд у Паўд. Амерыцы, у Аргенціне, паблізу мяжы з Чылі. Выш. 6880 м. Складзены з андэзітаў і туфаў. Зах. схілы пустынныя, усх. больш вільготныя, да выш. 3000 м укрыты трапічнымі лясамі, вышэй 5000 м — вечныя снягі.

т. 11, с. 459

О’ХІ́ГІНС ((O’Higgins) Бернарда) (20.8.1778, г. Чыльян, Чылі — 24.10.1842),

адзін з кіраўнікоў вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, дзярж. і ваен. дзеяч Чылі. Атрымаў адукацыю ў Перу, Вялікабрытаніі і Іспаніі. Чл. тайнай масонскай ложы «Лаўтара», якая стаяла за незалежнасць Ісп. Амерыкі. Дэпутат Нац. кангрэса (1811), чл. урадавай хунты (1811—13) Чылі. У 1813—14 галоўнакамандуючы чылійскімі войскамі. У кастр. 1814 далучыўся да аргенцінскіх войск на чале з Х.Сан-Марцінам. Сумесна з ім разбіў іспанцаў пры Чакабука (12.2.1817). Вярх. правіцель Чылі ў 1817—23. Падпісаў 18.2.1818 дэкларацыю пра незалежнасць Чылі. Ажыццявіў шэраг ліберальных рэформ, чым выклікаў незадаволенасць клерыкальных і кансерватыўных колаў краіны. У 1823 падаў у адстаўку і эмігрыраваў у Перу.

Літ.:

Разуваев В.В. Бернардо О’Хиггинс (грани личности) // Латин. Америка. 1986. № 10.

т. 11, с. 459

О́ХРЫД (Ohrid),

горад на ПдЗ Македоніі, горнакліматычны курорт і турыстычны цэнтр на Ахрыдскім воз. Каля 50 тыс. ж. (1999). Чыг. ст. Міжнар. аэрапорт. Харч. прам-сць. Гіст., маст. музеі. Рэшткі 6 ранневізант. базілік, замак цара Самуіла (11 ст.), царква св. Сафіі (9 — пач. 14 ст.) з фрэскамі 11, 12, 14 ст., інш. арх. помнікі 9—17 ст. Раён г. О. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Вядомы з 3 ст. да н.э. пад назвай Ліхнід. У 148 да н.э. заваяваны рымлянамі, адзін з гал. гарадоў на гандл шляху з узбярэжжа Адрыятычнага м. ў г. Канстанцінопаль. З канца 3 ст. н.э. цэнтр епіскапства. У 6 ст. заселены славянамі. У 861 пад сучаснай назвай увайшоў у склад Балгарыі, цэнтр слав. пісьменства. У 971—1018 сталіца Зах.-Балгарскага царства і рэзідэнцыя балг. патрыярха. З 1018 у складзе Візантыі, у 1018—1762 цэнтр Ахрыдскай, ці Балгарскай, аўтакефальнай архіепіскапіі. Пры Іване Асене II [1218—41] уключаны ў склад незалежнага Балгарскага царства. У 1334 заваяваны серб. царом Стэфанам Душанам, у 1394 — туркамі, заняпаў. Пасля 1-й Балканскай вайны адышоў да Сербіі (1913), з 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 каралеўства Югаславія). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (з 1945), з 1991 у незалежнай Македоніі.

т. 11, с. 459

ОШ,

горад у Кіргізіі, цэнтр Ошскай вобл., каля выхаду р. Акбура з перадгор’яў Алайскага хр. ў Ферганскую даліну. Вядомы з 9 ст. 239 тыс. ж. (1996). Чыг. станцыя. Прам-сць: лёгкая (баваўняныя і шаўковыя камбінаты, бавоўнаачышчальны з-д, швейная і абутковая ф-кі), харч. (мясная, малочная, вінаробная), маш.-буд., металаапрацоўчая. Пед. ін-т, 2 тэатры. Музеі: баваўнаводства і гіст.-краязн. запаведнік.

т. 11, с. 459

О́ШЭРАФ ((Osheroff) Дуглас Дзін) (н. 1.8.1945, г. Абердзін, штат Вашынггон, ЗША),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1982). Продкі па бацькоўскай лініі паходзілі з Беларусі. Скончыў Каліфарнійскі тэхнал. ін-т (1967). З 1972 у н.-д. фірме «Белтэлефон лаборатарыс», з 1987 праф. Стэнфардскага ун-та (у 1993—96 дэкан фіз. ф-та). Навук. працы па даследаванні ўласцівасцей рэчываў пры звышнізкіх т-рах, ядз. магнетызме. Адкрыў з’яву звышцякучасці вадкага гелію-3 (разам з Д.Лі, Р.Рычардсанам; 1972). Устанавіў існаванне лагарыфмічнай залежнасці эл. праводнасці тонкіх плёнак ад эл. поля і т-ры (1979). Эксперыментальна пацвердзіў наяўнасць упарадкавання ядз. спінаў цвёрдага ​3Не пры т-ры ніжэй за 10​−3 К (1980). Нобелеўская прэмія 1996 (разам з Лі, Рычардсанам).

Тв.:

Рус. пер. — Сверхтекучесть в ​3He: открытие и понимание // Успехи физ. наук. 1997. Т. 167, № 12.

М.М.Касцюковіч.

Д.Ошэраф.

т. 11, с. 459

О́Э (Кэндзабура) (н. 31.1.1935, Осе, Японія),

японскі пісьменнік. Скончыў Такійскі ун-т. Дэбютаваў у 1957. Зведаў моцны ўплыў Ф.Дастаеўскага, Л.Талстога, У.Фолкнера, Ж.П.Сартра. Асн. тэма яго твораў — моладзь у сучасным грамадстве. У раманах «Моладзь, якая спазнілася» (1962), «Асабісты вопыт» (1964), «Футбол 1860» (1967), «Агарнулі мяне воды да душы маёй» (т. 1—2, 1973), «Нататкі пінчранера» (1976), «Гульні равеснікаў» (1979) і інш. праблемы станаўлення асобы і ўзаемадачыненняў індывід. і масавай свядомасці, матывы паводзін і псіхалогія «падманутага пакалення», роля моладзі ў духоўным выратаванні грамадства і прычыны яе маральнай дэградацыі, пошукі нац. каранёў, суаднесенасць гіст. вопыту з сучаснасцю. Аўтар «Хірасімскіх нататкаў» (1966), аўтабіягр. рамана «Лісты да мілага мінулага» (1987). Нобелеўская прэмія 1994.

Тв.:

Рус. пер. — Объяли меня воды до души моей: Роман;

Рассказы. М., 1978;

Опоздавшая молодежь. Футбол 1860 г. М., 1990.

Е.А.Лявонава.

т. 11, с. 459