О́ХРЫД (Ohrid),
горад на ПдЗ Македоніі, горнакліматычны курорт і турыстычны цэнтр на Ахрыдскім воз. Каля 50 тыс. ж. (1999). Чыг. ст. Міжнар. аэрапорт. Харч. прам-сць. Гіст., маст. музеі. Рэшткі 6 ранневізант. базілік, замак цара Самуіла (11 ст.), царква св. Сафіі (9 — пач. 14 ст.) з фрэскамі 11, 12, 14 ст., інш. арх. помнікі 9—17 ст. Раён г. О. уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Вядомы з 3 ст. да н.э. пад назвай Ліхнід. У 148 да н.э. заваяваны рымлянамі, адзін з гал. гарадоў на гандл шляху з узбярэжжа Адрыятычнага м. ў г. Канстанцінопаль. З канца 3 ст. н.э. цэнтр епіскапства. У 6 ст. заселены славянамі. У 861 пад сучаснай назвай увайшоў у склад Балгарыі, цэнтр слав. пісьменства. У 971—1018 сталіца Зах.-Балгарскага царства і рэзідэнцыя балг. патрыярха. З 1018 у складзе Візантыі, у 1018—1762 цэнтр Ахрыдскай, ці Балгарскай, аўтакефальнай архіепіскапіі. Пры Іване Асене II [1218—41] уключаны ў склад незалежнага Балгарскага царства. У 1334 заваяваны серб. царом Стэфанам Душанам, у 1394 — туркамі, заняпаў. Пасля 1-й Балканскай вайны адышоў да Сербіі (1913), з 1918 у складзе Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 каралеўства Югаславія). Пасля 2-й сусв. вайны ў складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі (з 1945), з 1991 у незалежнай Македоніі.
т. 11, с. 459
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)