СІНХРАНІ́Я (ад грэч. synchronos адначасовы),
1) стан мовы на пэўным этапе яе гіст. развіцця як цэласнай, унутрана ўстойлівай сістэмы фанетычных, лексічных і граматычных элементаў (гл. Сістэма мовы); перыяд у развіцці мовы, вылучаны ўмоўна паводле прыкметы адсутнасці ў ім змен ці іх неістотнасці.
2) Вывучэнне мовы як сістэмы адносін, што функцыянуе ў пэўны момант яе гіст. развіцця. Паслядоўнае размежаванне С. і дыяхраніі (а таксама самі гэтыя тэрміны) прапанаваны Ф. дэ Сасюрам.
Літ.:
[Климов Г.А.] Проблема разграничения синхронии и диахронии // Общее языкознание: Методы лингвистич. исслед. М., 1973;
Соссюр Ф. де. Курс общей лингвистики // Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 406
СІНХРАТРО́Н [ад грэч. synchronos адначасовы + (элек)трон],
цыклічны рэзанансны паскаральнік зараджаных часціц (у асн. электронаў). Паскарэнне электронаў адбываецца ў высокачастотным эл. полі, частата якога нязменная, і ў магн. полі, напружанасць якога змяняецца ў часе. Пры гэтым часціцы рухаюцца па арбіце пастаяннага радыуса. З-за страт энергіі на сінхратроннае выпрамяненне электроны ў С. паскараюцца да 10 ГэВ. Выкарыстоўваецца для атрымання пучкоў рэлятывісцкіх электронаў і пазітронаў, а таксама мяккага рэнтгенаўскага выпрамянення.
т. 14, с. 406
СІНХРАТРО́ННАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
выпрамяненне эл.-магн. хваль зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў аднародным магн. полі з рэлятывісцкімі скарасцямі. Абумоўлена паскарэннем, звязаным са скрыўленнем траекторыі часціц (гл. Лорэнца сіла). Назіраецца ў сінхратроне (адсюль назва).
Характарызуецца шырокім дыяпазонам частот; мае эліптычную палярызацыю (гл. Палярызацыя святла) і шырокі неперарыўны спектр (гл. Спектры аптычныя) з максімумам у яго доўгахвалевай частцы. Найб. істотна для лёгкіх часціц. Страты энергіі электронаў на С.в. ўлічваюцца пры канструяванні сінхратронаў. Выпрамяненне звышновых зорак, квазараў, пульсараў і радыёгалактык мае сінхратронную прыроду. Вывучэнне інтэнсіўнасці і палярызацыі касм. С.в. дазваляе атрымаць інфармацыю аб канцэнтрацыі і энергет. спектры рэлятывісцкіх электронаў, велічыні і напрамку магн. поля ў аддаленых абласцях Сусвету. С.в. выкарыстоўваюць таксама пры вывучэнні структуры цвёрдага цела.
І.С.Сацункевіч.
т. 14, с. 406
СІНХРАФАЗАТРО́Н (ад грэч. synchronos адначасовы + фазатрон),
пратонны сінхратрон, цыклічны рэзанансны паскаральнік зараджаных часціц (у асн. пратонаў). Паскарэнне часціц у С. адбываецца ў высокачастотным эл. полі, частата якога змяняецца (у адрозненне ад сінхратрона) адначасова са зменамі напружанасці магн. поля так, каб радыус раўнаважнай арбіты часціц заставаўся нязменным. У кожным цыкле паскараецца да 1013 часціц На Серпухаўскім С. (Расія) пратоны паскараюцца да энергіі 76 ГэВ; на тэватроне (С. са звышправоднымі магнітамі; ЗША) — да 1 ТэВ. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях па ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц.
І.С.Сацункевіч.
т. 14, с. 406
СІНХРО́ННАЯ МАШЫ́НА,
звычайна 3-фазная электрычная пераменнага току машына, у якой вуглавыя скорасці вярчэння магн. поля і ротара аднолькавыя і кратныя частаце эл. току. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. вытв-сці, энергетыцы і інш.
Асн. часткі: статар з абмоткай пераменнага току і ротар з абмоткай узбуджэння (сілкуецца пастаянным токам ад спец. ўзбуджальніка або праз выпрамнікі). Работа С.м. засн. на ўзаемадзеянні магн: поля, якое ствараецца абмоткай узбуджэння, з пераменным токам у абмотцы статара. Падзяляюцца на сінхронныя генератары, сінхронныя электрарухавікі і сінхронныя кампенсатары (працуюць у рэжыме рухавіка без нагрузкі на вал, выкарыстоўваюцца для павышэння магутнасці каэфіцыента і рэгулявання напружання ў канцы ці ў прамежкавых пунктах ЛЭП; гл. таксама Кампенсатар).
У.М.Сацута.
т. 14, с. 407
СІНХРО́ННЫ ГЕНЕРА́ТАР,
электрычная сінхронная машына, якая працуе ў генератарным рэжыме. Мех. энергія, якая пераўтвараецца С.г. у энергію пераменнага току, падаецца на ротар ад першаснага рухавіка — турбіны, рухавіка ўнутр. згарання і інш. С.г. з прыводам ад паравой або газавай турбіны наз. турбагенератарам, з прыводам ад гідраўл. турбіны — гідрагенератарам. Генератары дызельных электрастанцый прыводзяцца ў дзеянне дызельным рухавіком. Адрозніваюць 1- і 3-фазныя С.г. агульнапрамысл. і спец. прызначэння. Магутнасць да 1 ГВт і вышэй.
т. 14, с. 407
СІНХРО́ННЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
электрычная сінхронная машына, якая працуе ў рэжыме рухавіка. У С.э. магн. поле статара і ротар маюць аднолькавую частату вярчэння n, якая знаходзіцца ў строгіх суадносінах да частаты эл. току ƒ : n = 60ƒ/p, дзе p — колькасць пар полюсаў. Выкарыстоўваюцца ў прамысл. устаноўках, сістэмах аўтаматыкі, кінаапаратуры, быт. і інш. прыладах, якія патрабуюць пастаяннай вуглавой скорасці. Магутнасць ад долей вата да некалькіх дзесяткаў мегават.
У параўнанні з асінхронным электрарухавікам С.э. мае больш высокі магутнасці каэфіцыент і перагрузачную здольнасць. Аднак з-за неабходнасці сілкавання абмоткі ўзбуджэння ад генератара пастаяннага току ці статычнага ўзбуджальніка (іоннага, паўправадніковага выпрамніка), а таксама з-за асаблівасцей пуску (разгону да намінальнай вуглавой скорасці) часта не можа канкурыраваць з асінхронным рухавіком. Ротар С.э. малой магутнасці выконваецца ў выглядзе пастаяннага магніта, без абмоткі ўзбуджэння. Вял. ціхаходныя С.э. маюць яўнаполюсны ротар, высокаскарасныя — наяўнаполюсны. У С.э. малой магутнасці з-за адсутнасці абмоткі ўзбуджэння рэактыўны момант з’яўляецца асноўным, таму яны наз. рэактыўнымі. У пераўзбуджаным стане С.э. можа аддаваць рэактыўную энергію ў сетку — працаваць у рэжыме сінхроннага кампенсатара.
У.М.Сацута.
т. 14, с. 407
СІНЦЫ́ТЫЙ (да грэч. syn разам + kytos клетка),
тып жывёльнай і расліннай тканкі з няпоўным размежаваннем адросткавых клетак. Клеткі С. размешчаны ў прасторы ў выглядзе трохмернай сеткі. У арганізме чалавека існуе адзіны «сапраўдны» С. — ч. сперматагенных элементаў у семянных семенных* канальцах яечка. У раслін С. наз. сімпласт — шмат’ядзерны пратапласт арганізма, які не мае клетачнай будовы.
А.С.Леанцюк.
т. 14, с. 407
СІНЧЖУНХО́Й (Таварыства адраджэння Кітая),
першая кіт. рэв. арг-цыя, створаная ў 1894 г. Сунь Ятсенам у Ганалулу (Гавайскія а-вы). У 1895 яе суполкі ўзніклі ў Сянгане (Ганконгу) і Гуанчжоў; налічвалі каля 300 чал. Ставіла за мэту скінуць маньчжурскую дынастыю Цын і адрадзіць кіт. нац. кіраванне. У 1895 і 1900 арганізавала няўдалыя паўстанні на Пд Кітая. У 1905 чл. С. далучыліся да партыі Тунмэнхой.
т. 14, с. 407