ДЫСПЕТЧАРЫЗА́ЦЫЯ (ад англ. dispatch хутка выконваць),
цэнтралізацыя (канцэнтрацыя) аператыўнага кантролю і кіравання на энергет., прамысл. і інш. прадпрыемствах, заснаваная на выкарыстанні сучасных сродкаў перадачы і апрацоўкі інфармацыі. Забяспечвае ўзгодненую работу асобных звёнаў кіруемага аб’екта з мэтай павышэння тэхніка-эканам. паказчыкаў і рацыянальнага выкарыстання вытв. магутнасцей.
т. 6, с. 296
ДЫСПЛЕ́Й (ад англ. display паказваць, узнаўляць),
прылада для візуальнага адлюстравання алфавітна-лічбавай і графічнай інфармацыі ў дыялогавым рэжыме работы чалавека з ЭВМ. Адрозніваюць алфавітна-лічбавыя, вектарныя і растравыя Д.; чорна-белага і каляровага адлюстравання; малога, сярэдняга і высокага раздзялення. Д. уваходзіць у склад персанальнай ЭВМ або далучаецца да ЭВМ з дапамогай ліній сувязі.
Д. мае экран (электронна-прамянёвыя трубкі, вадкакрышталічны або інш), генератар сімвалаў і ліній, пульт кіравання з клавіятурай, запамінальнае прыстасаванне і блокі сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі, таксама можа мець сродкі адваротнай сувязі («мыш», светлавы аловак і інш.) для аператыўнай карэкцыі інфармацыі на экране. Алфавітна-лічбавы Д. адлюстроўвае інфармацыю з дапамогай зададзенага набору сімвалаў (на экране да 24 радкоў тэксту па 80 сімвалаў у радку). Вектарны Д. — спецыялізаваны Д. для адлюстравання графічнай інфармацыі ў выглядзе адрэзкаў ліній (вектараў). Найб. дасканалы растравы Д., адлюстроўвае інфармацыю ў выглядзе мазаікі святлівых пунктаў (элементаў відарысу), інфармацыя пра кожны элемент захоўваецца ў апорнай памяці Д., ад аб’ёму якой залежыць яго раздзяляльная здольнасць. Выкарыстоўваецца як выхадная прылада (тэрмінал) выліч. сістэм і сетак, а таксама ў аўтаматызаваных сістэмах праектавання, кіравання, інфармацыйна-пошукавых сістэмах, сістэмах перадачы даных і інш.
М.П.Савік.
т. 6, с. 296
ДЫСПНО́Э (ад дыс... + грэч. pnoē дыханне),
расстройства вонкавага дыхання. Выяўляецца рознай ступенню парушэння частаты, амплітуды і рытму дыхальных рухаў ад лёгкіх (на мяжы фізіял. варыяцый) да цяжкіх (задышка, дыханне перыядычнае, апноэ і інш.). Першаснае Д. ўзнікае як праяўленне дэфектаў у сістэме рэгуляцыі дыхання або выканаўчых органаў дыхання; другаснае — як ускладненне інфекц., абменных або траўматычных пашкоджанняў дыхальнага цэнтра, нерв. шляхоў, бронхалёгачнага апарату, грудной клеткі, дыяфрагмы.
т. 6, с. 296
ДЫСПРАПО́РЦЫІ ў эканоміцы,
незбалансаванасць у развіцці асобных галін, узаемазвязаных фаз вытв-сці, якая спараджае парушэнне норм ходу працэсу ўзнаўлення. Адрозніваюць асобныя Д., якія маюць лакальны і кароткатэрміновы характар, і агульныя Д., звязаныя з узрушэннем усёй эканомікі. Вял. значэнне для ўзнікнення і развіцця дыспрапарцыянальнасці мае стан спажывання ў дадзеным грамадстве, яго ўзгадненне з вытв-сцю і плацежаздольным попытам, што абумоўлена адносінамі ўласнасці. Д. паяўляюцца як парушэнне аб’ектыўна неабходнай сувязі паміж вытв-сцю і спажываннем.
т. 6, с. 296
ДЫСПРАПО́РЦЫЯ (ад дыс... + прапорцыя),
адсутнасць прапарцыянальнасці, суразмернасці; неадпаведнасць паміж часткамі цэлага, з’явамі, працэсамі, падзеямі.
т. 6, с. 296
ДЫСПРО́ЗІЙ (лац. Dysprosium),
Dy, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 66, ат. м. 162,50, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 156, 158, 160—164. У зямной кары 5—10−4% па масе. Адкрыў франц. хімік П.Э.Лекок дэ Буабадран у 1886.
Мяккі серабрыста-белы метал, ніжэй за 1384 °C устойлівы α-Dy (шчыльн. 8559 кг/м³), вышэй пераходзіць у β-Dy (шчыльн. 8660 кг/м³), tпл 1409 °C. У паветры акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі). Узаемадзейнічае з вадой, з мінер. кіслотамі (акрамя плавікавай) утварае солі Dy (III), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі, вугляродам, фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. магнітных сплаваў.
Літ.:
Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 2. С. 66.
т. 6, с. 296
ДЫ́СПУТ (ад лац. disputo разважаю, спрачаюся),
публічная спрэчка на навук., літ. і інш. тэмы. Гл. таксама Дыскусія.
т. 6, с. 296
ДЫСТАНЦЫ́ЙНАЕ ВЫМЯРЭ́ННЕ вымярэнне фіз. велічынь
(параметраў) на адлегласці. Велічыні, што вымяраюцца, з дапамогай вымяральных пераўтваральнікаў (датчыкаў) пераўтвараюцца ў кадзіраваныя сігналы, якія перадаюцца па правадных, радыё-, радыёрэлейных, аптычных (у т. л. лазерных),
акустычных і інш. лініях сувязі, на прыёмным канцы рэгіструюцца, расшыфроўваюцца (рознымі дэшыфратарамі) і запісваюцца ў прыдатнай для далейшага выкарыстання форме. Д.в. прымяняюцца ў выпадках, калі цяжка або немагчыма рабіць вымярэнні з дапамогай прылад, устаноўленых непасрэдна на месцы замеру. Гл. таксама Тэлевымярэнне.
т. 6, с. 297
ДЫСТАНЦЫ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ кіраванне на адлегласці апаратамі, машынамі, тэхн. сістэмамі (напр., рухавікамі, тармазамі, выключальнікамі і інш.).
Бывае мех., пнеўматычнае, эл., радыётэхн. і інш.; мае схемы кіравання, блакіроўкі (забяспечваюць паслядоўнасць аперацый кіравання) і сігналізацыі (паказваюць становішча асобных элементаў абсталявання і кантралююць пашкоджанні ў ланцугах), каналы сувязі і тэхн. прылады (маніпулятары, робаты, радыёэлектронныя, эл.-магн. і інш. прыстасаванні). Выкарыстоўваецца пры цэнтралізацыі кіравання вытв. працэсамі ў хім. прам-сці, нафтавых і газавых промыслах, электраэнергетыцы, на транспарце (у т. л. чыг. і трубаправодным) і інш., для кіравання палётамі ракет і касм. апаратаў, у ваен. справе, а таксама ва ўмовах, небяспечных для чалавека (напр., з-за высокай т-ры, забруджанага асяроддзя, небяспечных выпрамяненняў і інш.). Гл. таксама Тэлемеханіка, Тэлекіраванне.
М.П.Савік.
т. 6, с. 297
ДЫСТА́НЦЫЯ (ад лац. distantia адлегласць),
1) адлегласць, прамежак паміж чым-небудзь («захоўваць Д.», «бег на кароткія Д.»).
2) У ваеннай справе — адлегласць па глыбіні паміж вайскоўцамі, гарматамі, машынамі, падраздзяленнямі, караблямі ў страі, баявым парадку.
3) На чыгунцы — адм.-тэхн. адзінка розных галін чыг. гаспадаркі. Адрозніваюць Д.: пуці, сігналізацыі і сувязі, грамадзянскіх збудаванняў і інш. Д. ажыццяўляюць нагляд за станам тэхн. сродкаў і праводзяць адпаведныя іх прызначэнню работы (рамонт чыг. пуцей, пагрузка грузаў і інш.).
т. 6, с. 297