ДЫСПЛЕ́Й (ад англ. display паказваць, узнаўляць),
прылада для візуальнага адлюстравання алфавітна-лічбавай і графічнай інфармацыі ў дыялогавым рэжыме работы чалавека з ЭВМ. Адрозніваюць алфавітна-лічбавыя, вектарныя і растравыя Д.; чорна-белага і каляровага адлюстравання; малога, сярэдняга і высокага раздзялення. Д. уваходзіць у склад персанальнай ЭВМ або далучаецца да ЭВМ з дапамогай ліній сувязі.
Д. мае экран (электронна-прамянёвыя трубкі, вадкакрышталічны або інш), генератар сімвалаў і ліній, пульт кіравання з клавіятурай, запамінальнае прыстасаванне і блокі сувязі са знешнімі крыніцамі інфармацыі, таксама можа мець сродкі адваротнай сувязі («мыш», светлавы аловак і інш.) для аператыўнай карэкцыі інфармацыі на экране. Алфавітна-лічбавы Д. адлюстроўвае інфармацыю з дапамогай зададзенага набору сімвалаў (на экране да 24 радкоў тэксту па 80 сімвалаў у радку). Вектарны Д. — спецыялізаваны Д. для адлюстравання графічнай інфармацыі ў выглядзе адрэзкаў ліній (вектараў). Найб. дасканалы растравы Д., адлюстроўвае інфармацыю ў выглядзе мазаікі святлівых пунктаў (элементаў відарысу), інфармацыя пра кожны элемент захоўваецца ў апорнай памяці Д., ад аб’ёму якой залежыць яго раздзяляльная здольнасць. Выкарыстоўваецца як выхадная прылада (тэрмінал) выліч. сістэм і сетак, а таксама ў аўтаматызаваных сістэмах праектавання, кіравання, інфармацыйна-пошукавых сістэмах, сістэмах перадачы даных і інш.
М.П.Савік.
т. 6, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)