СІНТЭ́ТЫКА (ад грэч. synthetikos які аб’ядноўвае),
сінтэтычныя матэрыялы, атрыманыя шляхам сінтэзу якіх-н. рэчываў, таксама назва вырабаў з іх.
т. 14, с. 405
СІНТЭТЫ́ЧНАЕ ВА́ДКАЕ ПА́ЛІВА,
штучнае вадкае паліва, складаныя сумесі вуглевадародаў, атрыманыя з сыравіны нянафтавага паходжання. Вытв-сць С.в.п. ўзнікла ў пач. 20 ст. з-за адсутнасці ў некат краінах радовішчаў нафты; развіваецца з прычыны абмежаванасці яе запасаў.
Атрымліваюць тэрмахім. раскладаннем цвёрдага паліва (бурых і кам. вугалёў, гаручых сланцаў) ці газіфікацыяй паліва з наступным каталітычным ператварэннем сінтэз-газу (сумесь аксіду вугляроду з вадародам). Найб. пашыраны спосаб тэрмахім. раскладання — гідрагенізацыя, якую ажыццяўляюць пры т-ры 400—500 °C і ціску вадароду да 70 МПа; звадкаванне адбываецца ў выніку дэструкцыі арган. масы паліва і наступнага гідрыравання прадуктаў, што ўтварыліся (выхад вадкіх прадуктаў — каля 80% ад арган. масы цвёрдага паліва). Гл. таксама Паліва.
т. 14, с. 405
СІНТЭТЫ́ЧНЫХ СМОЛ І ПЛАСТЫ́ЧНЫХ МАС ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. палімераў і пластмас. Базавая сыравіна для іх вытв-сці — вуглевадароды нафтаперапрацоўкі.
У 1872 у ЗША выраблены цэлулоід (пластмаса са штучнага палімера нітрату цэлюлозы). У 1906—10 у Расіі і Германіі наладжаны выпуск матэрыялаў на аснове фенола-фармальдэгіднай смалы, у 1930-я г. ў ЗША, Германіі, СССР і інш. — полівінілхларыду, поліамідаў, полістыролу. Шырокае развіццё прам-сці пачалося пасля 2-й сусв. вайны; з 1950-х г. выпускаецца поліэтылен.
На Беларусі станаўленне прам-сці адбылося ў 1960-я г., калі пачаў працаваць Полацкі хім. камбінат. У 1975 на яго базе створана Наваполацкае вытворчае аб’яднанне «Палімір», дзе выпускаюць поліэтылен высокага ціску. Прадукцыя галіны вырабляецца на Гродзенскім вытворчым аб’яднанні «Азот» (капралактам), Магілёўскім вытворчым аб’яднанні «Хімвалакно» (дыметылтэрафталат, поліэтылентэрафталат), Лідскім лакафарбавым заводзе (алкідныя і поліэфірныя смолы, полівінілацэтатная дысперсія). Асн. спецыялізацыя галіны — вытв-сць палімераў для выпуску сінт. валокнаў, нітак, лакафарбавых матэрыялаў. У 1990 выраблена 751 тыс. т сінт. смол і пластмас (у т. л. 138 тыс. т поліэтылену), у 2000—480 тыс. т (у т. л. 109 тыс. т поліэтылену).
В.П.Сідоранка.
т. 14, с. 405
СІНТЭТЫ́ЧНЫХ ФАРБАВА́ЛЬНІКАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна хімічнай прамысловасці па вырабе сінт. фарбавальнікаў і прамежкавых прадуктаў для іх вытв-сці. Узнікла ў 1856, калі У.Г.Перкін атрымаў мавеін (анілінавы фарбавальнік) і арганізаваў яго прамысл. вытв-сць. Першапачаткова наз. анілінафарбавай. Найб. развіта ў ЗША, ФРГ, Японіі, Вялікабрытаніі.
Асн. сыравіна для вытв-сці фарбавальнікаў — араматычныя вуглевадароды, што атрымліваюць з каменнага вугалю і нафты — бензол, талуол, ксілолы, нафталін, антрацэн і інш., таксама неарган. злучэнні — кіслоты, шчолачы, солі і інш. Сінт. фарбавальнікі выкарыстоўваюцца для розных матэрыялаў (бавоўны, лёну, хім. валокнаў, скуры, футра і інш.), а таксама ў кіна-, фотапрам-сці, медыцыне, аналітычнай хіміі, лазернай тэхніцы і інш.
В.П.Сідоранка.
т. 14, с. 405
СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ КРЫШТАЛІ́,
крышталі, якія вырошчваюцца штучна ў лабараторных і заводскіх умовах. Маюць такую ж атамную будову, што і прыродныя крышталі, часта больш дасканалыя за іх паводле сваіх уласцівасцей. Аб’ёмныя і танкаплёначныя С.к. вырошчваюцца з газавай фазы, з раствораў і расплаваў (гл. Крышталізацыя, Эпітаксія). У прамысл. маштабах атрымліваюць С.к. п’еза- і сегнетаэлектрыкаў, паўправаднікоў, аптычных матэрыялаў і інш. Выкарыстоўваюцца ў якасці падложак у запамінальных прыстасаваннях, матэрыялаў для сцынтыляцыйных лічыльнікаў, штучных каштоўных камянёў і інш. Гл. таксама Сінтэз мінералаў.
т. 14, с. 405
СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ МА́СЛЫ,
вадкія арган. ці элементаарган. прадукты (крэмнійарганічныя вадкасці, эфіры фосфарнай, адыпінавай і інш. к-т, паліалкіленгліколі). Хімічна інертныя да металаў, гумы, фарбы і інш., малавыпаральныя; працаздольныя пры т-рах ад -100 да 400 °C. Выкарыстоўваюць змазачныя матэрыялы (гл. Змазачнае масла), цепланосьбіты, кампаненты пластычных змазак.
т. 14, с. 405
СІНТЭТЫ́ЧНЫЯ МО́ВЫ,
мовы, у якіх граматычныя значэнні выражаюцца формамі слоў: афіксамі («чыта-ю», «з-рабіць», «мах-а-ць» — «мах-ну-ць»), унутр. флексіяй («з-бір-аць» — «са-бр-аць»), націскам («засыпаць» — «засыпаць»), суплетыўнымі формамі («я» — «мне»), а не службовымі словамі, парадкам слоў, інтанацыяй (як у аналітычных мовах). Да С.м. належаць бел., стараж.-грэч., лац., стараж.-слав., ням., літ. і інш. мовы. Сінтэтычныя спосабы часткова выкарыстоўваюць і аналітычныя мовы. Гл. таксама Тыпалагічная класіфікацыя моў.
Літ.:
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980.
А.Я.Міхневіч.
т. 14, с. 405
СІНТЭТЫ́ЧНЫ ЎЛІК,
улік па ўзбуйненых эканамічных паказчыках у грашовым выражэнні, які паказвае дынаміку руху ўсіх аб’ектаў бухгалтарскага ўліку ў абагульненых вартасных паказчыках. Вядзецца ў разрэзе сінт. рахункаў бухгалтарскага ўліку, адзіны план якіх зацвярджаецца ў цэнтралізаваным парадку. Служыць для атрымання сумарных звестак аб гасп.-фін. дзейнасці прадпрыемства, установы, арг-цыі. Дае магчымасць правяраць узаемасувязь усіх гасп. аперацый і шляхам зверкі сінт. і аналітычнага ўліку кантраляваць дасканаласць і правільнасць іх адлюстравання ва ўліку. С.ў. карыстаюцца пры складанні і праверцы справаздачнасці. На прадпрыемствах (аб’яднаннях) з дапамогай С.ў. вызначаюць агульную наяўнасць асн. сродкаў, сыравіны і матэрыялаў, затраты на вытв-сць, стан разлікаў з пастаўшчыкамі і г.д.; у фін.-крэдытных установах — кантралююць выкананне бюджэту і крэдытныя аперацыі.
т. 14, с. 405
СІНУ́ЗІЯ (ад грэч. synusia сумеснае знаходжанне, згуртаванне),
прасторава і экалагічна адасобленая ч. расл. згуртавання (фітацэнозу), якая складаецца з відаў раслін адной або некалькіх экалагічна блізкіх жыццёвых форм. Паняцце «С.» ўвёў ням. геабатанік Х.Гамс (1918), які з батанікамі швед. Э.Дзю Рые і эст. Т.Ліпмаа распрацавалі т.зв. метад С., згодна з якім С. — зыходны аб’ект вывучэння расліннасці. С. адрозніваюцца ў марфал., фларыстычных, экалагічных і фітацэнатычных адносінах. У лясах умеранага пояса трапляюцца дзесяткі С., у т. л. ярусныя (дрэвы, кусты, кусцікі), эпіфітныя (лішайнікі, імхі, водарасці на ствалах), эпіфальныя (паразітычныя грыбы на лісці), эпіксільныя (грыбы на адмерлай драўніне), унутрыглебавыя (мікраарганізмы) і інш.
т. 14, с. 405