ДЫСМАРФАМА́НІЯ (ад дыс... + марфа... + манія),
псіхічнае расстройства, якое выяўляецца хваравітай упэўненасцю ў наяўнасці выдуманай фіз. заганы. Уласціва пераважна падлеткаваму ўзросту (як і дысмарфафабія) і тычыцца бачных участкаў цела, фігуры і палавых органаў. Часцей праяўляецца ў выглядзе звышцэнных ідэй або трызнення, звычайна суправаджаецца стараннай маскіроўкай сваіх перажыванняў, імкненнем да выпраўлення выдуманага дэфекту любым шляхам. Пры гэтым магчымы імкненне да самагубства, самапашкоджанне, розныя віды самалячэння.
т. 6, с. 294
ДЫСМАРФАФАБІ́Я (ад дыс... + марфа... + фобія),
назойлівы неўратычны страх, звязаны з рэальнай або ўяўнай фіз. заганай. У адрозненне ад дысмарфаманіі працякае звычайна без цяжкіх псіх. расстройстваў. Праяўляецца пераважна ў падлеткаў як часовая ўзроставая з’ява; большасць выпадкаў Д. прыпадае на перыяд палавога выспявання (хоць можа развівацца і ў дарослых людзей, зрэдку і ў дзяцей).
т. 6, с. 294
ДЫСМЕНАРЭ́Я (ад дыс... + грэч. mēn месяц + rheō цяку),
агульная назва расстройстваў менструальнага цыкла. Гл. таксама Альгадысменарэя.
т. 6, с. 294
ДЫ́СНЕЙ ((Disney) Уолт) (Эліяс Уолтэр; 15.12.1901, г. Чыкага, ЗША — 15.12.1966),
амерыканскі кінарэжысёр, мастак, прадзюсер. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Чыкага. У 1919—22 працаваў мастаком, з 1923 у Галівудзе. Здымаў кароткаметражныя мультфільмы з пастаяннымі персанажамі Алісай (1923—26) і Освальдам (1926—28), гукавыя (з 1928) пра мышаня Мікі Маўса і качаня Дональда Дака, поўнаметражныя фільмы «Беласнежка і сем гномаў» (1938), «Пінокіо» (1939), «Бэмбі» (1942), «Аліса ў краіне цудаў» (1951), «Спячая прыгажуня» (1958), «Мэры Попінс» (1965, засн. на сумяшчэнні акцёра і мультыплікацыі). З 1950 таксама прадзюсер дакумент. і маст. фільмаў, у т. л. для тэлебачання. Атрымаў 29 прэмій «Оскар». У 1955 у г.
Анахайм (Каліфорнія) адкрыў буйны тэматычны забаўляльны дзіцячы парк «Дыснейленд», дзе шэраг атракцыёнаў узнаўляе вобразы яго фільмаў.
т. 6, с. 294
ДЫСПАЗІТЫ́ЎНАСЦЬ (ад лац dispositivus які распараджаецца),
у цывільным працэсе магчымасць для розных удзельнікаў справы свабодна распараджацца сваімі матэрыяльнымі і працэсуальнымі правамі. Суд садзейнічае ім у рэалізацыі гэтых правоў і ажыццяўляе кантроль за законнасцю іх распарадчых дзеянняў: з мэтай аказання падтрымкі бакам і інш. удзельнікам справы, паколькі юрыд. недасведчанасць і інш. акалічнасці могуць ускладніць належную абарону імі сваіх правоў і інтарэсаў, і каб прадухіліць злоўжыванне ўдзельнікамі справы іх правамі.
т. 6, с. 294
ДЫСПАЗІ́ЦЫЯ (ад лац. dispositio размяшчэнне),
1) у ваен. справе да 20 ст. назва плана размяшчэння сухапутных войск для вядзення бою. У 18—19 ст. пісьмовы загад войскам, у якім ставіліся баявыя задачы; у 1912 у рус. арміі Д. заменена паняццем «баявы загад».
2) У ВМФ размяшчэнне караблёў на рэйдзе, базах, стаянках у адкрытым моры.
3) У праве састаўная ч. нормы права, што вызначае правілы паводзін, правы і абавязкі, якімі надзяляюцца ўдзельнікі праваадносін.
т. 6, с. 294
ДЫСПАНСЕ́Р (франц. dispensaire ад лац. dispenso размяркоўваю),
лячэбна-прафілакт. ўстанова, аснова дзейнасці якой — ранняе выяўленне і лячэнне хворых, дынамічны нагляд і ажыццяўленне сан.-аздараўленчых мерапрыемстваў (гл. Дыспансерызацыя). На Беларусі першы (процітуберкулёзны) Д. адкрыты ў 1921 у Мінску. Папярэднікамі Д. (Мінск, Бабруйск) былі процітуберкулёзныя амбулаторыі (1910—11). На пач. 1997 у рэспубліцы дзейнічаюць Д.: процітуберкулёзныя (30), анкалагічныя (11), скурна-венералагічныя (34), псіханеўралагічныя (13), процівалляковыя (6), урачэбна-фізкульт. (10), наркалагічныя (11), кардыялагічныя (5), 2 спец. Д. для хворых пасля радыяцыйнага ўздзеяння ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
т. 6, с. 294
ДЫСПАНСЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад дынамічнага назірання за станам здароўя насельніцтва, які ўключае комплекс прафілакт., дыягнастычных і лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца дыспансерамі для ўмацавання здароўя і захавання працаздольнасці насельніцтва. Уключае пастаянны нагляд за станам здароўя асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, вывучэнне і аздараўленне ўмоў іх працы і быту, выяўленне і лячэнне хворых на пач. стадыях хвароб, правядзенне індывідуальнай і сац. прафілактыкі.
Адрозніваюць 2 формы Д.; здаровых асоб (дзеці, падлеткі, цяжарныя, спартсмены) і хворых (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавая хвароба, цукр. дыябет, новаўтварэнні і інш.). На Беларусі ўведзена ў 1919—21 як спосаб работы ўстаноў аховы маці і дзіцяці, з 1925—27 — прамысл. рабочых.
Літ.:
Демченкова Г.З., Полонский М.Л. Теоретические и организационные основы диспансеризации населения. М., 1987.
Э.А.Вальчук.
т. 6, с. 294
ДЫСПЕПСІ́Я (ад дыс... + грэч. pepsis страваванне),
парушэнні стрававання. Тэрмін «Д.» захаваўся пераважна для вызначэння сіндромаў парушэння функцыі кішэчніка — гніласная Д. і брадзільная Д. У аснове брадзільнай Д. ляжыць павышаная маторыка тонкага кішэчніка. У выніку частка вугляводаў ежы не ператраўляецца і не засвойваецца. Праяўляецца ўздуццем і распіраннем жывата, бурчаннем і пераліваннем, колікападобнымі болямі, газамі, вадкім ці кашкападобным стулам. Гніласная Д. — вынік гніення ў тоўстым і часткова тонкім кішэчніку. Праяўляецца паносамі (вадкія, цёмнага колеру, непрыемнага паху). Д. дзіцячая — вострая хвароба стрававальна-кішачнага тракту з расстройствам стрававання ў дзяцей першага года жыцця (8—9 месяцаў). Найчасцей бывае пры штучным і мяшаным кармленні. Пры простай Д. стул вадкі, часты, зялёнага колеру з камячкамі (6—8 разоў за суткі), уздуцце жывата, колікападобныя болі. Таксічная Д. — цяжкая форма захворвання з глыбокім парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і функцый многіх органаў і сістэм. Праяўляецца рвотай і вадзяністым (да 15 разоў за суткі) стулам. Ад вял. страты вады змяншаецца маса цела, развіваецца эксікоз (абязводжванне), назапашваюцца таксічныя прадукты абмену, што пашкоджвае цэнтр. нерв., вегетатыўную, сардэчна-сасудзістую сістэмы, парушае кровазварот, дыханне, функцыі печані і нырак. Бывае ў аслабленых, хворых на дыятэз і дыстрафію дзяцей. Лячэнне: водна-чайная дыета, дазіраванае харчаванне, ферменты, вітаміны, антыбіётыкі, сімптаматычныя сродкі.
Р.У.Дэрфліо.
т. 6, с. 295