ДЫСПАНСЕРЫЗА́ЦЫЯ,
метад дынамічнага назірання за станам здароўя насельніцтва, які ўключае комплекс прафілакт., дыягнастычных і лячэбна-аздараўленчых мерапрыемстваў. Ажыццяўляецца дыспансерамі для ўмацавання здароўя і захавання працаздольнасці насельніцтва. Уключае пастаянны нагляд за станам здароўя асоб, якія знаходзяцца на дыспансерным уліку, вывучэнне і аздараўленне ўмоў іх працы і быту, выяўленне і лячэнне хворых на пач. стадыях хвароб, правядзенне індывідуальнай і сац. прафілактыкі.
Адрозніваюць 2 формы Д.; здаровых асоб (дзеці, падлеткі, цяжарныя, спартсмены) і хворых (хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, язвавая хвароба, цукр. дыябет, новаўтварэнні і інш.). На Беларусі ўведзена ў 1919—21 як спосаб работы ўстаноў аховы маці і дзіцяці, з 1925—27 — прамысл. рабочых.
Літ.:
Демченкова Г.З., Полонский М.Л. Теоретические и организационные основы диспансеризации населения. М., 1987.
Э.А.Вальчук.
т. 6, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)