КАРО́ТКАЕ ЗАМЫКА́ННЕ,
злучэнне токаправодных частак эл. ланцуга праз малое (блізкае да нуля) супраціўленне. Парушае работу эл. апарата (устаноўкі), небяспечнае для людзей.
Бывае 2- і 3-фазнае; аднафазнае — на зямлю або корпус (злучэнне праваднікоў эл. устаноўкі з прадметамі, што маюць нулявы патэнцыял); міжвітковае (злучэнне накоратка аднаго або некалькіх віткоў абмоткі эл. апарата ці эл. машыны); перамежнае (пачаргова ўзнікае і знікае, напр., паміж правадамі, якія разгойдваюцца). Прычыны К.з. — парушэнне электраізаляцыі правадоў або выпадковае злучэнне неізаляваных праваднікоў паміж сабой ці праз электраправодны матэрыял. Вядзе да рэзкага павелічэння току, выклікае празмернае награванне правадоў і апаратаў, можа прывесці да пажару ці пашкоджання эл. абсталявання. Каб папярэдзіць небяспечныя наступствы К.з. выкарыстоўваюць токаабмежавальныя рэактары электрычныя, секцыянаванне эл. сеткі, прыстасаванні хуткага адключэння ўчастка з К.з. (рэлейную ахову, аўтам. выключальнікі і інш.).
т. 8, с. 90
КАРОТКАМЕТРА́ЖНЫ ФІЛЬМ,
кінафільм, у якім не больш 4—5 частак (1200—1500 м, 40—50 мін экраннага часу). У першыя гады існавання кінематографа ўсе фільмы былі кароткаметражныя. Паступова К.ф. пачаў развівацца як самаст. форма кінамастацтва. Вылучаюцца дакумент. (хроніка, кінанарысы і інш.), навукова-папулярныя (у т. л. вучэбныя фільмы і фільмы-лекцыі), мультыплікацыйныя і маст. К.ф.
Іх жанравы і тэматычны дыяпазон — ад кінафельетона, кінаказкі і кінанавелы да кінарэкламы і кінаплаката. Асаблівасці драматургічнай пабудовы — дакладнасць задумы, яснасць, лаканізм. Практыкуецца выпуск спец. кінапраграм, якія складаюцца з 3—4 К.ф. Першыя бел. К.ф. зняты ў 1938 («Маска» і «Мянтуз» паводле А.Чэхава; рэж. і сцэнарыст С.Сплашноў). У многіх краінах праводзяцца нац. і міжнар. кінафестывалі К.ф. (Обергаўзен, Мангейм, Лейпцыг — Германія; Кракаў — Польшча; Эдынбург — Вялікабрытанія і інш.). Іх паказы арганізуюцца і ў час кінафестываляў агульнага тыпу.
Г.У.Шур.
т. 8, с. 90
КАРОТКАТЭРМІНО́ВЫ КРЭДЫ́Т,
від крэдыту, які выдаецца на тэрмін да года пераважна на часовае папаўненне абаротных сродкаў прадпрыемства, на заработную плату і інш. мэты. Выдаецца на ўмовах тэрміновасці, зваротнасці, платнасці. Працэнты, выплачаныя за такі крэдыт, могуць адносіцца на сабекошт прадукцыі (выдаткі вытв-сці і рэалізацыі), балансавы або чысты прыбытак. Адным з відаў К.к. з’яўляецца і т.зв. анколь (пазыка да запатрабавання), які пагашаецца па першым патрабаванні і выдаецца, як правіла, пад забеспячэнне каштоўнымі паперамі і таварамі. Сутнасць яго ў тым, што банк адкрывае пазычальніку спец. бягучы рахунак пад заклад таварна-матэрыяльных каштоўнасцей або каштоўных папер. У межах забяспечанасці крэдыту банк аплачвае ўсе рахункі суб’екта гаспадарання. Пагашэнне крэдыту ажыццяўляецца па першым патрабаванні банка за кошт сродкаў, якія паступаюць на рахунак пазычальніка, або шляхам рэалізацыі закладу.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 90
КАРО́ТКАЯ (Ларыса Лявонцьеўна) (н. 17.3.1919, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на),
бел. літ.-знавец, педагог. Канд. філал. н. (1963). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1938). Настаўнічала. У 1955—94 выкладала ў БДУ. Даследуе стараж. бел. і рус. л-ры, іх узаемасувязі і ўзаемаўплывы. Выступае з літ.-крытычнымі артыкуламі па сучаснай бел. л-ры. Складальнік навучальных і метадычных дапаможнікаў, хрэстаматый для студэнтаў і школьнікаў: «Старажытная руская літаратура ў даследаваннях» (1979), «Гісторыя старажытнай рускай літаратуры і літаратуры XVIII ст.» (1982; абедзве з Л.Гусевай), «Аб мінулым Бацькаўшчыны» (1985), «Руская літаратура XVIII ст.» (1988), «Літаратура Старажытнай Русі і XVIII ст.» (1997) і інш.
т. 8, с. 90
КАРО́ТКАЯ (Таццяна Пятроўна) (н. 5.1.1951, в. Анеліна Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. філосаф. Д-р філас. н. (1997). Скончыла БДУ (1973). З 1973 у Ін-це філасофіі і права Нац. АН Беларусі. Даследуе тэарэтыка-метадалагічныя асновы фарміравання і станаўлення традыц. рэліг. філасофіі і філас.-рэліг. мадэрнізму ў Расіі і Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст., гісторыю і спецыфіку функцыянавання розных рэліг. плыняў на Беларусі ў сучасны перыяд.
Тв.:
Религиозная философия в Белоруссии начала XX в. Мн., 1983;
Старообрядчество в Беларуси. Мн., 1992 (разам з Е.С.Пракошынай, Г.А.Чуднікавай);
В поисках новой рациональности: Религ. философия в России конца XIX — нач. XX в. Мн., 1994.
т. 8, с. 90
КАРО́ТКІ (Уладзімір Георгіевіч) (н. 2.1.1956, г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. літ.-знавец. Канд. філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1978). Настаўнічаў. З 1982 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 у БДУ (з 1990 нам. дэкана філал. ф-та). Даследуе шляхі развіцця і стан стараж. бел., укр. і польскай л-р 16—17 ст., у т. л. праблемы тагачаснай палемічнай публіцыстыкі, пытанні ўсх.-слав. кнігадрукавання, бел.-ўкр. літ. сувязі (кн. «Творчы шлях Мялеція Сматрыцкага», 1987). Навук. рэдактар выдання твораў Сімяона Полацкага («Вирши», 1990), складальнік кн. «Прадмовы і пасляслоўі паслядоўнікаў Францыска Скарыны» (1991). Адзін з аўтараў падручніка «Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд» (4-е выд., 1998).
Л.М.Гарэлік.
т. 8, с. 90
КАРО́ЎКІН (Валянцін Сяргеевіч) (н. 10.11.1936, г. Новасібірск, Расія),
бел. вучоны ў галіне фтызіятрыі. Д-р мед. н. (1979), праф. (1982). Скончыў Крымскі мед. ін-т (1960). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1983 заг. кафедры). Навук. працы па дыферэнцыяльнай дыягностыцы і лячэнні туберкулёзу і інш. хвароб бронха-лёгачнай сістэмы, туберкулёзе лёгкіх і цукровым дыябеце.
Тв.:
Туберкулёз лёгких у больных сахарным диабетом. Мн., 1985;
Краткий справочник по симптоматике болезней системы дыхания. 2 изд. Мн., 1987. Лечение болезней бронхов и легких: Справ Мн., 1996.
т. 8, с. 90
КАРО́ЎНІК,
памяшканне для ўтрымання кароў і цялушак на фермах буйн. раг. жывёлы. Будуюць К. для прывязнога і беспрывязнога ўтрымання, а таксама буйныя спец. жывёлагадоўчыя комплексы для вытв-сці малака на прамысл. аснове. У К. прадугледжваюць аптымальны аб’ём памяшкання і неабходны мікраклімат. Для прывязнога і боксавага ўтрымання К. абсталёўваюць стойламі. Пры беспрывязным утрыманні на глыбокім подсціле К. абсталёўваюць секцыямі для сухастойных, навацельных, высокаўдойных кароў і дапаможнымі памяшканнямі (даільнае, малочнае і інш.).
т. 8, с. 90
КАРО́ЎЧЫНА,
вёска ў Дрыбінскім р-не Магілёўскай вобл., каля аднайм. вадасховішча. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 24 км на ПдЗ ад г.п. Дрыбін, 44 км ад Магілёва, 34 км ад чыг. ст. Цёмны Лес. 1022 ж., 388 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі.
т. 8, с. 90