Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІАКАІ́ТЫ,

горад у Японіі на Пд в-ва Хонсю, прыгарад Нагоі. 281 тыс. ж. (1992). Порт у заліве Ісэ. Нафтаперапр., нафтахім., тэкст., шкляная, фаянсава-керамічная прам-сць. Электрамашынабудаванне. ЦЭС. Марскі курорт.

т. 7, с. 138

ІА́КАЎ,

у Бібліі малодшы з двух сыноў-блізнят Ісака і Рэвекі. Адкупіў у брата Ісава першародства за сачавічную поліўку і хітрасцю атрымаў благаславенне бацькі як першародны сын. Пасля сутычкі з Богам І. атрымаў ад яго другое імя Ізраіль («той, хто змагаецца з Богам»). Яго 12 сыноў («сыны Ізраіля») лічацца родапачынальнікамі 12 ізраільскіх плямён.

т. 7, с. 138

ІАКО́СУКА,

горад у Японіі, на ПдУ в-ва Хонсю. 436 тыс. ж. (1992). Буйны порт і гал. ваенна-марская база Японіі, на п-ве Міура. Суднабудаванне і суднарамонт. Ваен. з-ды. Тэкст. і швейная прам-сць. Падземныя нафтасховішчы. ЦЭС. Авіяц. н.-д. цэнтр. Марскія навуч. ўстановы. Марскі музей.

т. 7, с. 138

ІАНАМЕ́РЬІ,

супалімеры алефінаў з ненасычанымі арган. к-тамі, у якіх частка кіслотных груп нейтралізавана іонамі шчолачных ці шчолачназямельных металаў. Празрыстыя, тэрмапластычныя, шчыльн. 930—950 кг/м³ Набракаюць у этаноле і ацэтоне, устойлівыя да ўздзеяння тлушчаў, алеяў, мінер. масел, разбураюцца моцнымі к-тамі. Вызначаюцца высокай мех. трываласцю, эластычнасцю, добрай адгезіяй да розных матэрыялаў. Выкарыстоўваюць для вырабу труб, шлангаў, ёмістасцей для хім., харч. і фармацэўтычнай прам-сці, для прыгатавання лакаў.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 7, с. 138

ІАНАСФЕ́РА (ад грэч. ion які ідзе + сфера),

іанізаваны слой верхняй атмасферы на вышыні ад 50—80 км да некалькіх тыс. км. Верхняя мяжа І. — знешняя ч. магнітасферы. Крыніцы іанізацыі высокіх слаёў атмасферы — ультрафіялетавае і рэнтгенаўскае выпрамяненні Сонца і патокі часцінак, што ўрываюцца ў атмасферу з калязямной касмічнай прасторы. Часцінкі І. ўтвараюць вельмі разрэджанае і высокаэлектраправоднае асяроддзе. І. адыгрывае важную ролю ў радыёсувязі, у ёй адбываюцца палярныя ззянні і магнітныя буры.

т. 7, с. 138

ІАНЕ́СКА ((Ionesco) Эжэн) (26.11.1912, г. Слаціна, Румынія — 28.3.1994),

французскі драматург. Член Франц. акадэміі (1970). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1938). З 1938 жыў у Францыі. Першая п’еса «Лысая спявачка» (паст. 1950) — своеасаблівы маніфест т. зв. «тэатра абсурду», У рэчышчы якога напісаны і ўсе наступныя п’есы: «Урок» (паст. 1951), «Крэслы» (паст. 1952), «Амедэй» (1954), «Забойца па прызванні» і «Насарог» (абедзве паст. 1959), «Кароль памірае» (паст. 1962), «Паветраны пешаход» (1963), «Гульні ў забойства» (1970), «Макбет» (1972), «Падарожжа да мерцвякоў» (1981) і інш. Праз абсурдныя сітуацыі, статычнасць персанажаў і дзеяння, унутр. замкнёнасць паказаў адчужанасць, ізаляванасць асобы ў варожым ёй свеце, што вядзе да трагічнай непазбежнасці смерці. Аўтар кн. «Тэатр» (т. 1—5, 1962—74), рамана «Пустэльнік» (1973), эсэ, успамінаў. На бел. мову перакладзена п’еса «Лысая спявачка» (пер. З.​Колас), п’еса «Віват, імператар!» пастаўлена Бел. т-рам імя Я.​Купалы ў 1993.

Тв.:

Бел. пер. — Лысая спявачка // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 138

ІАНІЗАВА́ЛЬНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,

патокі элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў, узаемадзеянне якіх з асяроддзем даводзіць да іанізацыі яго атамы і малекулы. Напр., ультрафіялетавае, рэнтгенаўскае і гама-выпрамяненне, патокі альфа- і бэта-часціц, пратонаў, нейтронаў і інш. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, для стэрылізацыі, пастэрызацыі і захоўвання харч. прадуктаў, фармацэўтычных прэпаратаў і інш.

Зараджаныя часціцы іанізуюць атамы асяроддзя непасрэдна пры сутыкненнях з імі; выбітыя электроны пры наяўнасці дастатковай энергіі таксама могуць іанізаваць (другасная іанізацыя). Пры праходжанні нейтральных часціц (напр., нейтронаў, фатонаў) іанізацыя абумоўлена другаснымі зараджанымі часціцамі, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння першасных часціц з асяроддзем. І.в. разбуральна ўздзейнічае на рэчыва і жывыя арганізмы; многія хім. рэакцыі пад уплывам І.в. ажыццяўляюцца больш лёгка або працякаюць пры значна меншых цісках і т-рах. У выніку дзеяння І.в. можна атрымаць розныя мутацыі мікраарганізмаў і раслін. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення, Радыяцыйныя дэфекты, Прамянёвая тэрапія.

А.​В.​Берастаў.

т. 7, с. 138

ІАНІЗА́ЦЫІ ПАТЭНЦЫЯ́Л, патэнцыял іанізацыі,

фізічная велічыня, роўная мінім. паскаральнай рознасці патэнцыялаў, якую неабходна прыкласці, каб надаць электрону кінетычную энергію, дастатковую для іанізацыі часціцы (малекулы, атама, іона). Вызначае энергію іанізацыі E — мінім. энергію, неабходную для выдалення электрона з часціцы на бясконцасць, E = eV, дзе V — І.п., е — элементарны эл. зарад. І.п. вымяраюць у вольтах, колькасна ён роўны энергіі іанізацыі ў электрон-вольтах. Разам з роднасцю да электрона вызначае электраадмоўнасць атамаў і малекул.

Адрозніваюць першы, другі і г.д. І.п., якія адпавядаюць выдаленню з часціцы першага, другога і г.д. электронаў. Першыя І.п. вядомы для атамаў усіх хім. элементаў (мінім. І.п. маюць шчолачныя металы: цэзій 2,893 В, літый 5,39 В; макс. — інертныя газы: гелій 24,58 В, радон 10,745 В) і некалькіх тысяч малекул (для якіх І.п. ад 5 да 20 В). Значэнні І.п. выкарыстоўваюць пры разліках тэрмахім. працэсаў у іанізаваных газах і плазме (газаразрадныя прылады, працэсы ў верхніх слаях атмасферы і інш.).

А.​П.​Чарнякова.

т. 7, с. 138

ІАНІЗАЦЫ́ЙНАЯ КА́МЕРА,

прылада для рэгістрацыі і спектраскапіі іанізавальных выпрамяненняў. Мае рабочы аб’ём газу паміж двума электродамі (плоскімі, цыліндрычнымі ці інш.), да якіх прыкладзена эл. напружанне. Бывае імпульсная (рэгіструюцца асобныя часціцы і вымяраецца іх энергія) і інтэгральная (вымяраецца інтэнсіўнасць выпрамянення).

Прынцып дзеяння І.к. заснаваны на збіранні электродамі эл. зарадаў, якія ўзніклі толькі ў выніку першаснай іанізацыі газу (у адрозненне ад інш. газавых дэтэктараў, напр., Гейгераўскага лічыльніка). Можа выкарыстоўвацца і для рэгістрацыі нейтронаў: пры рэгістрацыі павольных нейтронаў у рабочы аб’ём І.к. ўваходзяць злучэнні бору (напр., фтарыд бору), а пры рэгістрацыі хуткіх нейтронаў — вадарод.

т. 7, с. 139

ІАНІЗАЦЫ́ЙНЫ ВАКУУММЕ́ТР,

манометр, прынцып дзеяння якога заснаваны на вымярэнні іоннага току, прапарцыянальнага ціску ў газах (гл. Іанізацыя). Крыніца іанізацыі — радыёізатоп з альфа- ці бэта-выпрамяненнем або напалены катод. Межы вымеранага ціску вызначаюцца канструктыўнымі асаблівасцямі прылады (верхняя мяжа — суадносінамі паміж памерамі датчыка і даўжынёй свабоднага прабегу іанізавальных часціц, ніжняя — іанізацыяй газу другаснымі часціцамі). Гл. таксама Вакуумметр.

т. 7, с. 139