ІАНАСФЕ́РА (ад грэч. ion які ідзе + сфера),

іанізаваны слой верхняй атмасферы на вышыні ад 50—80 км да некалькіх тыс. км. Верхняя мяжа І. — знешняя ч. магнітасферы. Крыніцы іанізацыі высокіх слаёў атмасферы — ультрафіялетавае і рэнтгенаўскае выпрамяненні Сонца і патокі часцінак, што ўрываюцца ў атмасферу з калязямной касмічнай прасторы. Часцінкі І. ўтвараюць вельмі разрэджанае і высокаэлектраправоднае асяроддзе. І. адыгрывае важную ролю ў радыёсувязі, у ёй адбываюцца палярныя ззянні і магнітныя буры.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)