Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІАА́Н БЕЗЗЯМЕ́ЛЬНЫ (John Lackland; 24.12.1167, г. Оксфард, Англія — 19.10.1216),

англійскі кароль [1199—1216]. З дынастыі Плантагенетаў. Малодшы сын Генрыха II (гл. ў арт. Генрых), брат і наследнік Рычарда I Львінае Сэрца. У 1203—08 страціў б. ч. сваіх уладанняў у Францыі, у т. л. Нармандыю і Анжу. У выніку канфлікту з царквой (1207) пазбаўлены трона рым. папам Інакенціем III (1209), у 1213 прызнаў сябе яго васалам. У 1214 беспаспяхова спрабаваў вярнуць свае б. франц. ўладанні. У выніку паўстання баронаў, якіх падтрымалі рыцары і гараджане, вымушаны падпісаць Вялікую хартыю вольнасцей.

т. 7, с. 136

ІАА́Н ДАМАСКІ́Н (Iōannēs Damaskēnos; каля 675, г. Дамаск, Сірыя — каля 749),

візантыйскі багаслоў, філосаф, паэт. Відаць, быў набліжаным да халіфа, потым манахам (да 700). Выступаў як вядучы ідэйны праціўнік іканаборства. Завяршальнік і сістэматызатар грэч. патрыстыкі. На аснове арыстоцелеўскай логікі стварыў асновы схаластычнага метаду (гл. Схаластыка), што пазней развіты сярэдневяковымі тэолагамі Захаду. Яго гал. твор «Крыніца ведаў» паўплываў на погляды многіх тэолагаў. У гісторыі л-ры ён вядомы як паэт, аўтар царк. песнапенняў. Яго творы распаўсюджваліся і ва ўсх.-слав. краінах (Грузіі, Стараж. Русі і інш.). Верагодна, аўтар рамана «Варлаам і Іасаф».

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Антология мировой философии;

М., 1969. Т. 1, ч. 2. С. 621—26;

Памятники византийской литературы IV—IX вв. М., 1968. С. 270—280.

В.​В.​Краснова.

т. 7, с. 136

ІАА́Н ДУНС СКОТ (Johannes Duns Scotus),

гл. Дунс Скот Іаан.

т. 7, с. 136

ІАА́Н ЗАНАРА́ (Iōannēs Zōnaras; ? — пасля 1159),

візантыйскі храніст. Саноўнік пры двары імператара Аляксея I Камніна. Аўтар сусв.-гіст. хронікі ад «стварэння міру» да 1118 (пераказ ант. і сярэдневяковых аўтараў; звесткі па гісторыі Візантыі 11—12 ст.). Склаў каменціраваны зборнік кананічнага права, тлумачальны слоўнік; пісаў царк. вершы.

т. 7, с. 136

ІАА́Н ЗЛАТАВУ́СТ (Iōannēs Chrysostomos; 341, Антыёхія — 14.9.407),

канстанцінопальскі патрыярх (з 398), ідэолаг усх.-хрысц. царквы, выдатны прамоўца (за што празваны «Златавустам»). Адукацыю атрымаў у школе язычніцкага рытара Ліванія. Аўтар пропаведзей, панегірыкаў, псалмоў, каментарыяў да Бібліі. У сваіх пропаведзях адлюстроўваў характэрныя рысы тагачаснага рэліг. і грамадскага жыцця. Змаганне за аскетычныя ідэалы і крытыка грамадскай несправядлівасці зрабілі яго папулярным, але супрацьпаставілі яму ўплывовых асоб двара і вышэйшага кліру. Неаднаразова быў сасланы і зноў вернуты. Кананізаваны хрысц. царквой. У Візантыі і на Русі быў ідэалам прапаведніка. Праваслаўная царква прыпісвае яму літургію, т. зв. літургія І.З.

Тв.:

Рус. пер. — Творения. Т. 1—12. СПб., 1898—1906;

Полн. собр. творений: В 12 т. Т. 1—3. М., 1991—94.

Літ.:

Курбатов Г.Л. Ранневизантийские портреты: К истории общественно-полит. мысли. Л., 1991. С. 99—135.

т. 7, с. 137

ІАА́Н ЛЕ́ЙДЭНСКІ (Jan van Leiden, Johann von Leiden),

Ян Бокелзан (Jan Beuckelszoon, Bockelson; каля 1509, паблізу г. Лейдэн, Нідэрланды — 23.1.1536), кіраўнік Мюнстэрскай камуны. У 1533 далучыўся да старшыні нідэрландскіх анабаптыстаў Яна Матыса, хрысціўся ў яго і стаў адным з яго апосталаў. Разам з інш. анабаптыстамі ў 1534 захапіў уладу ў Мюнстэры, а пасля смерці Матыса ўзначаліў савет «12 старэйшын» — вярх. орган улады камуны. Пазней абвясціў сябе «царом Новага Сіёна» (Мюнстэра), валодаў неабмежаванай уладай, увёў палігамію. Імкнуўся пашырыць паўстанне на інш. вестфальскія гарады і Паўн. Нідэрланды. Пры захопе Мюнстэра войскамі епіскапа 25.7.1535 трапіў у палон, катаваны і пакараны смерцю. Гал. герой оперы Дж.​Меербера «Прарок» (1849).

т. 7, с. 137

ІАА́Н ПА́ВЕЛ II [Iōannēs Paulus; свецкае Вайтыла; (Wojtyla) Кароль Юзаф; н. 18.5.1920, г. Вадавіцы, Польшча],

папа рымскі з 1978. З 1938 вучыўся ў Ягелонскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну працаваў на кракаўскім хім. з-дзе. У 1946 прыняў сан свяшчэнніка. У 1946—48 вучыўся ў Рыме, Бельгіі і Францыі. З 1958 біскуп, з 1963 арцыбіскуп-мітрапаліт кракаўскі; удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. З 1967 кардынал. Пантыфікат І.П.ІІ вядомы адкрытым дыялогам: пасрэднічае ў міжнар. канфліктах, выступае са зваротамі аб міры, праводзіць супольныя малітвы з прадстаўнікамі інш. канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі. Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека («Любоў і адказнасць», 1960; «Асоба і ўчынак», 1969; «Пытанні суб’екта маральнасці», 1991), шматлікіх энцыклік, а таксама вершаў, паэм, п’ес.

Н.​К.​Мазоўка.

Іаан Павел II.

т. 7, с. 137

ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),

біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.​Гіберці, Анджэліка, Д.​Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.​Караваджа, Рэмбрант, Б.​Э.​Мурыльё, Н.​Пусэн).

Н.​К.​Мазоўка.

т. 7, с. 137

ІАА́Н I Цымісхій

(Iōannēs; каля 925—10.1.976),

імператар Візант. імперыі [969—976]. Паходзіў са знатнага арм. роду Куркуасаў. Выдатны военачальнік, умацаваў граніцы дзяржавы на Пн (у 971 перамог кіеўскага кн. Святаслава), у 968 далучыў да Візантыі паўн.-ўсх. ч. Балгарыі, у барацьбе супраць арабаў у 974—975 адваяваў б.ч. Сірыі. Паводле некат. звестак быў атручаны.

т. 7, с. 136

ІАА́Н II (Камнін) (lōannēs; 13.9.1087, Канстанцінопаль — 1143),

імператар Візант. імперыі [1118—43]. З дынастыі Камнінаў. Сын Аляксея I Камніна і прадаўжальнік яго палітыкі. Атрымаў перамогі над печанегамі (1122), сербамі (каля 1124), венграмі (1129), сельджукамі (1135), разграміў Кілікійскую Арменію (каля 1136), заваяваў Антыёхію (1137). Яго ўрад правёў рэформу кіравання флотам.

т. 7, с. 136