«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
тайная рэв. арг-цыя разначынцаў у Рас. імперыі ў 1861—64 (назва з 1862); федэрацыя рэв. гурткоў. Узнікла пад ідэйным уплывам А.А.Герцэна, М.Г.Чарнышэўскага, М.П.Агарова. Арганізатары і кіраўнікі М.А. і А.А.Серна-Салаўевічы, А.А.Сляпцоў і інш. Узначальваў «З. і в.» Цэнтр. рускі нар. к-т у Пецярбургу, мясц. арг-цыі існавалі ў Пецярбургу, Маскве, Казані, Саратаве, Тамбове і інш. У канцы 1862 да «З. і в.» далучылася ваен.-рэв. арг-цыя «Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы». Арг-цыя падтрымлівала сувязі з газ. «Колокол». Яе праграма: увядзенне рэсп. кіравання, скліканне бессаслоўнага Нар. сходу, уладкаванне выбарнага самакіравання па абласцях, пашырэнне абшчынных прынцыпаў у сял. і гар. жыцці, ураўнаванне жанчын у правах з мужчынамі. Асн. праграмны дакумент — адозва Агарова «Што патрэбна народу». Выдавала лісткі «Свобода», рэв. пракламацыі. У час паўстання 1863—64 уступіла ў саюз з партыяй «чырвоных», імкнулася ператварыць яго ва ўсерасійскае сял. паўстанне за зямлю і волю. У канцы 1863 «З. і в.» ўступіла ў паласу ідэйнага крызісу, паўстанне 1863—64 было разгромлена, частка землявольцаў арыштавана, некат. эмігрыравалі. Да вясны 1864 арг-цыя самаліквідавалася.
Літ.:
Нечкина М.В. Возникновение первой «Земли и воли» // Революционная ситуация в России в 1859—1861 гг. М., 1960;
Віткоўскі Я. «Зямля і воля» 60-х гадоў і сувязь яе з паўстаннем 1863 г. // Полымя. 1930. № 4.
т. 7, с. 132
«ЗЯМЛЯ́ І ВО́ЛЯ»,
рэвалюцыйная народніцкая арг-цыя ў Рас. імперыі ў 1876—79. Засн. ў Пецярбургу, назва з 1878. Арганізатары М.А. і В.А.Натансоны, А.Дз.Міхайлаў, Г.В.Пляханаў і інш. Складалася з «адміністрацыі» (кіруючы орган), груп «дзеравеншчыкаў», рабочай і дэзарганізатарскай. Філіялы арг-цыі меліся ў Маскве, Кіеве, Адэсе, Харкаве і інш. Праграма — сял. рэвалюцыя, нацыяналізацыя зямлі, замена дзяржавы федэрацыяй абшчын. Прадугледжвала дзеянні, накіраваныя на «дэзарганізацыю дзяржавы» — знішчэнне найб. шкодных ці вядомых асоб з урада. Тэрарыст. акцыямі кіраваў «выключны камітэт». Па паліт. поглядах былі анархістамі, падтрымлівалі т.зв. федэралісцкі інтэрнацыянал, створаны М.А.Бакуніным. Выдавалі час. «Земля и воля», «Листок «Земли и воли» і інш. Урадавыя рэпрэсіі, рэзкае абвастрэнне паліт. незадаволенасці і наспяванне рэв. сітуацыі прывялі да стварэння фракцыі тэрарыстаў. Супярэчнасці паміж прыхільнікамі рэв. прапаганды (Пляханаў і інш.) і абаронцамі паліт. барацьбы праз тэрор (Міхайлаў і інш.) прывялі да расколу «З. і в.» ў жн. 1879 на «Народную волю» і «Чорны перадзел». На Беларусі ў 1876—79 народніцкія гурткі існавалі пераважна сярод вучнёўскай моладзі — у Мінскай губ., Магілёве, Гродне, Горках. Сувязі з «З. і в.» ажыццяўляліся праз студэнтаў — ураджэнцаў Беларусі, якія вучыліся ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (С.Кавалік, І.Грынявіцкі і інш.).
Літ.:
Ткаченко П.С. Революционная народническая организация «Земля и воля» (1876—1879 гг.). М., 1961.
М.А.Сакалова.
т. 7, с. 132
«ЗЯМЛЯ́ І ЛЮ́ДЗІ»,
абласная грамадска-паліт. аграпрамысл. штотыднёвая газета. Выходзіць з 1992 у Магілёве на бел. і рус. мовах. Асвятляе надзённыя праблемы жыцця рэспублікі, дзярж. палітыку ў галіне сельскай гаспадаркі, шляхі сац.-эканам. развіцця вёскі, прапагандуе вопыт калектыўных і фермерскіх гаспадарак аграрна-прамысл. комплексу. Мае рубрыкі: «Навіны, падзеі, факты», «Чарнобыльскае рэха» і інш.
Т.А.Меляшкееіч.
т. 7, с. 132
ЗЯМНА́Я ВОСЬ, вось вярчэння Зямлі,
умоўная прамая, вакол якой адбываецца поўны абарот Зямлі на працягу сутак; праходзіць цераз цэнтр Зямлі і перасякае зямную паверхню ў геагр. полюсах. Становішча З.в. ўскладняецца павольным паваротам яе па кругавым конусе (поўны абарот адбываецца за 26 тыс. гадоў — прэцэсія) і хістаннем восі з перыядам 18,6 года (нутацыя), змяняецца адносна цела Зямлі (сярэдняе становішча Паўн. полюса перамяшчаецца ў бок Паўн. Амерыкі са скорасцю 11 см/год). Нахілам восі вярчэння да плоскасці арбіты Зямлі (экліптыкі) тлумачыцца змена пораў года.
т. 7, с. 132
ЗЯМНА́Я КАРА́,
верхняя абалонка «цвёрдай» Зямлі, якая складае верхнюю частку літасферы; адна з геасфер. Аддзяляецца ад мантыі Зямлі Махаровічыча паверхняй. Адрозніваюць мацерыковую кару (таўшчыня на платформах 25—45 км, на Беларусі 34—40 км, у абласцях гораўтварэння 45—75 км), акіянічную кару (2—10 км) і пераходныя яе тыпы: субмацерыковую і субакіянічную. Дасягальная для вывучэння верхняя ч. кары ў агаленнях і свідравінамі да глыб. 10—15 км. Больш глыбокія зоны даследуюцца геафіз. метадамі. Мацерыковая кара складаецца з асадкавага (скорасць пашырэння падоўжных сейсмічных хваль Vp да 4,5 км/с), «гранітнага» (Vp 5,1—6,4 км/с) і «базальтавага» (Vp 6,1—7,4 км/с) слаёў. На Беларусі асадкавы слой мае магутнасць ад 80 да 620 м на Бел. антэклізе, да 6000 м у Прыпяцкім прагіне. «Гранітны» і «базальтавы» слаі ўмоўныя і гістарычна звязаныя з вылучэннем Конрада паверхні (Vp 6,2 км/с), якая раздзяляе іх. Звышглыбіннае свідраванне сведчыць, што гэтая мяжа мае умоўны характар, таму «гранітны» і «базальтавы» слаі аб’ядноўваюць паняццем кансалідаванай кары. «Гранітны» слой па складзе парод больш адпавядае гранітна-гнейсаваму (сярэдняя шчыльнасць 2,6—2,7 т/м³), «базальтавы» — гранулітава-базітаваму (2,7—3 т/м³). Акіянічная кара адрозніваецца ад мацерыковай адсутнасцю «гранітнага» слоя, меншай магутнасцю і больш маладым узростам (юра, мел, кайназой). Суцэльнасць З.к. перарываецца шматлікімі разломамі. Некат. з іх дасягаюць мантыі і ўтвараюць корава-мантыйныя блокі. З.к. знаходзіцца ў стане ізастатычнай раўнавагі. Зонай яе выраўноўвання з’яўляецца астэнасфера.
У.І.Шкуратаў.
т. 7, с. 133
ЗЯМНЫ́Я ТО́КІ,
тэлурычныя токі, электрычныя токі, якія цякуць у зямной кары. Іх існаванне звязана з варыяцыямі магнітнага поля Зямлі, з эл. полем атмасферы, электрахім. і тэрмаэлектрычнымі працэсамі ў горных пародах. З.т. індукцыйнага паходжання маюць рэгіянальны і глабальны характар, іншыя больш лакальныя. Напружанасць эл. поля З.т. дасягае найб. велічынь на выхадах крышт. фундамента зямной кары, у вобласці авала палярных ззянняў, а таксама ў момант магнітных бур. З.т. выкарыстоўваюць пры вымярэнні скорасці марскіх цячэнняў, кароткаперыядычных ваганняў геамагнітнага поля, пры разведцы карысных выкапняў і глыбінным даследаванні верхняй мантыі.
т. 7, с. 133
ЗЯМНЫ́ МАГНЕТЫ́ЗМ, геамагнетызм,
1) з’ява, якая характарызуе ўласцівасць нашай планеты ствараць магнітнае поле Зямлі. У гэтым працэсе дзейнічаюць пастаянныя ўнутрызямныя крыніцы магнетызму, абумоўленыя ўнутр. будовай Зямлі і дзеяннем віхравых токаў у зямным ядры, і пераменныя — у магнітасферы Зямлі і іанасферы.
2) Раздзел геафізікі, які вывучае размеркаванне ў прасторы і змены ў часе магнітнага поля Зямлі і звязаныя з ім геафіз. працэсы. Гл. таксама Магнітаметрычныя метады разведкі.
т. 7, с. 133
ЗЯМЧА́ТКА, Зенчанка, Малюшыца,
рака ў Карэліцкім р-не Гродзенскай вобл., правы прыток р. Нёўда (бас. р. Нёман). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 61 км². Пачынаецца каля в. Міратычы, на ўсх. схілах Навагрудскага ўзв. На працягу 6,2 км ад вусця каналізаваная.
т. 7, с. 133
ЗЯМЯ́НЕ (польск. ziemianie ад ziemia зямля),
зямляне, 1) катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва ВКЛ, частка феад. саслоўя. У 15—16 ст. назва З. пашырылася сярод шляхты ў зах. землях ВКЛ, што тлумачацца ўжываннем польскай тэрміналогіі і перасяленнем пэўнай часткі польскай шляхты ў ВКЛ. Попіс войска ВКЛ 1528 дакладна адрознівае почты (ваен. атрады) баярскія ад зямянскіх. Пазней гэтыя дзве катэгорыі насельніцтва атаясамліваюцца — «зямяне або баяры». Заможная частка З. злівалася са шляхтай, бяднейшая захавала сваю назву і знаходзілася ў васальных адносінах з вял. князем ВКЛ ці феадаламі. З. павінны былі плаціць чынш і каняўшчыну. У адрозненне ад шляхты не ўдзельнічалі ў сейміках. Да пач. 18 ст. былі ўсвяцкія З. (20 радоў) і аднолькавыя з імі паводле стану себежскія і невельскія ардынаты (20 і 48 радоў). Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) З. былі абкладзены падушным падаткам, але ў меншым памеры, чым сяляне, і не змешаны з імі.
2) Назва буйных землеўладальнікаў у ВКЛ пераважна ў 17 ст.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
т. 7, с. 133
ЗЯНКЕ́ВІЧ (Леў Аляксандравіч) (16.6.1889, г. Ленінск Валгаградскай вобл., Расія — 20.6.1970),
савецкі акіянолаг, гідрабіёлаг. Акад. АН СССР (1968; чл.-кар. 1953). Скончыў Маскоўскі ун-т (юрыд. ф-т, 1912; фіз.-матэм. ф-т, 1916). З 1930 заг. кафедры ў Маскоўскім ун-це і адначасова ў 1936—47 заг. кафедры ў БДУ. Узначальваў комплексныя марскія экспедыцыі на суднах «Персей», «Віцязь», «Акадэмік Курчатаў». Пад яго кіраўніцтвам закладзены асновы комплексных экспедыцыйных даследаванняў вадаёмаў Беларусі (1936—47), па яго ініцыятыве створана Нарачанская біял. станцыя (1946). Асн. працы па марфалогіі і параўнальнай анатоміі беспазваночных, зоагеаграфіі, вывучэнні марской і акіянічнай фауны, біял. структуры акіяна і марской біяцэналогіі. Ленінская прэмія 1965. Дзярж. прэмія 1951.
Тв.:
Избр. труды. Т. 1—2. М., 1977.
т. 7, с. 133