Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Зялёнкін Міхаіл Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 392

«ЗЯЛЁНЫЯ»,

грамадска-палітычны рух, які выступае супраць забруджання навакольнага асяроддзя, шкодных наступстваў атамнай энергетыкі, за скарачэнне ваен. бюджэтаў, дэцэнтралізацыю і дэмакратызацыю грамадскага жыцця. Узнік у пач. 1970-х г. у Зах. Еўропе. У ФРГ у 1980 «З.» аформіліся ў партыю. З 1984 існуе Еўрап. партыя «З.», у якую ўвайшлі аб’яднанні з Аўстрыі, Бельгіі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Нідэрландаў, ФРГ і Францыі. З канца 1980-х г. рух узнік і ў краінах Усх. Еўропы. «З.» патрабуюць забараніць і знішчыць хім. і бактэрыялагічную зброю, ліквідаваць ядзерныя арсеналы ў Еўропе. Рух падтрымлівае каля 8—12% насельніцтва ў краінах Еўропы. З 1992 на Беларусі дзейнічае Беларуская партыя зялёных.

т. 7, с. 127

ЗЯЛЁНЫЯ БАКТЭ́РЫІ.

хлорабактэрыі, група фотасінтэзавальных бактэрый. 2 сям.: Chlorobiaceae — аднаклетачныя невял. нерухомыя бактэрыі ў выглядзе палачак, вібрыёнаў, некат. ўтвараюць ланцужкі клетак або сеткаватыя калоніі, і Chloroflexaceae — ніткаватыя арганізмы, здольныя да слізгання. З.б. ўваходзяць у састаў серабактэрый, маюць пігменты бактэрыяхларафілы і караціноіды, якія афарбоўваюць бактэрыі ў зялёны ці жаўтавата-карычневы колер. Грамадмоўныя, анаэробныя арганізмы, размнажаюцца дзяленнем. Фотасінтэз адбываецца без выдзялення малекулярнага кіслароду. Насяляюць прэсныя і салёныя вадаёмы, садзейнічаюць назапашванню ў іх рэчыва і ўдзельнічаюць у кругавароце серы.

т. 7, с. 127

ЗЯЛЁНЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chlorophyta),

аддзел ніжэйшых раслін. 5 класаў: вальвоксавыя, кан’югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя (Protococcophyceae), улотрыксавыя (Ulotrichophyceae). Каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з інш. арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў. Найб. пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш. У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некат. (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады. аб’екты даследаванняў як крыніцы харч. біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).

Адна-, шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфал. структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат’ядравыя. Хларапластаў 1 ці некалькі, восевыя ці пасценныя, рознай формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (іза-, гетэра-, гола-, аагамія і кан’югацыя). У рухомых З.в. ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.

С.​С.​Мельнікаў.

Зялёныя водарасці: 1 — хларэла звычайная; 2 — сцэнедэсмус чатыроххвосты; 3 — ульва салатная; 4 — хара звычайная; 5 — ацэтабулярыя мяцёлчатая; 6 — кодыум крохкі.

т. 7, с. 127

ЗЯЛЁНЫЯ ІМХІ́,

гл. Брыевыя імхі.

т. 7, с. 127

ЗЯЛЁНЫЯ КАРМЫ́,

надземная вегетатыўная маса кармавых раслін, якая скормліваецца жывёле свежаскошаная або на пашы. Складаюць аснову рацыёнаў жвачных жывёл і коней у летні перыяд. У якасці З.к. выкарыстоўваюць траву прыроднай і сеянай пашы, сеяныя шмат- і аднагадовыя травы (часцей бабовыя, злакавыя і іх сумесі), бацвінне караняплодаў. Арганічныя рэчывы З.к. добра ператраўляюцца жывёламі. Для раўнамернага забеспячэння жывёлы З.к. арганізуюць зялёны канвеер. Скошваюць травы ў раннія фазы развіцця раслін, калі ў іх больш пажыўных рэчываў (асабліва пратэіну), караціну, вітамінаў, мінер. рэчываў і менш. клятчаткі. На Беларусі З.к. выкарыстоўваюць больш як 5 месяцаў у год.

т. 7, с. 127

«ЗЯЛЁНЫЯ ПЛА́НЫ»,

фінансавая і эканам. палітыка развітых зах.-еўрап. дзяржаў у галіне сельскай гаспадаркі ў 1950—60-я г. Асн. яе мэты: стымуляванне росту прадукцыйнасці працы ў сельскай гаспадарцы, тэхн. прагрэсу і канцэнтрацыі вытв-сці, павышэнне канкурэнтаздольнасці буйных гаспадарак. У паняцце «З.п.» ўключаліся спец. заканадаўчыя акты дзяржаў, што вызначалі ўмовы, нормы і характар дзярж. ўмяшання ў сельскую гаспадарку, а таксама доўгатэрміновыя планы яе развіцця. Ў ФРГ быў прыняты «Асноўны сельскагаспадарчы закон» (1955), у Францыі — «Закон аб сельскагаспадарчай арыентацыі» (1960), у Італіі — спец. планы с.-г. развіцця па пяцігодках. Для ажыццяўлення «З.п.» з дзяржбюджэту паступалі сродкі на меліярацыю, барацьбу з эрозіяй зямлі і стварэнне інфраструктуры. З правядзеннем адзінай с.-г. палітыкі у рамках ЕЭС «З.п.» асобных краін былі падпарадкаваны ёй.

т. 7, с. 127

ЗЯЛЁНЫЯ ЎГНАЕ́ННІ,

гл. ў арт. Сідэрацыя.

т. 7, с. 127

ЗЯЛЁНЫ БОР,

рабочы пасёлак у Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. За 37 км на У ад г. Смалявічы, 73 км ад Мінска, 18 км ад чыг. ст. Жодзіна, 5 км ад аўтамагістралі Брэст—Масква. 1,6 тыс. ж. (1997). Працуюць з-д па перапрацоўцы торфу, сумеснае бел.-брыт. прадпрыемства «Белаторф». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. лётчыкаў. Магіла ахвяр фашызму.

т. 7, с. 126

ЗЯЛЁНЫ ДЗЯ́ЦЕЛ (Picus viridis),

птушка сям. дзятлавых атр. дзятлападобных. Пашыраны ў Еўропе і Зах. Азіі. Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца пераважна на Палессі; занесены ў Чырв. кнігу. Нар. назвы зялёная жаўна, жаўна.

Даўж. да 37 см, маса да 250 г. Афарбоўка жаўтавата-зеленаватая. спіна ярка-зялёная, надхвосце бліскуча-жоўтае. Ад дзюбы па баках галавы і шыі ідуць чорныя «вусы», у самцоў яны з чырвонымі стракацінамі. Брушка бледна-зеленаватае, зрэдку з цёмнымі стракацінамі. У маладых птушак стракаціны шматлікія, цёмныя. Гнёзды ў дуплах дрэў. Нясе 5—9 яец. Корміцца мурашкамі, жукамі-вусачамі, златкамі, дрэвагрызамі, караедамі і інш.

Зялёны дзяцел.

т. 7, с. 126