Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗЮ́ЗЯ,

у бел. нар. міфалогіі бажаство — увасабленне холаду. З. ўяўлялі ў выглядзе лысага барадатага дзеда ў расхлістаным кажусе, які босы хадзіў па снезе. Паводле павер’яў, ён узнімаў завіруху, мяцеліцу, выклікаў сцюжу. Прымхлівыя людзі лічылі, што ў моцны мароз З. біў доўбняй па дрэвах і бярвенні, якія ад гэтага трашчалі.

т. 7, с. 123

Зюзянкоў Міхаіл Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 392

ЗЮЙД (галанд. zuiden),

тое, што поўдзень.

т. 7, с. 123

ЗЮЛЬКО́Ў (Пётр Маркавіч) (16.1.1924, в. Конаўка Калужскай вобл., Расія — 27.6.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў артыл. вучылішча, курсы мал. лейтэнантаў (1942). З лют. 1943 на Зах. і 2-м Бел. франтах. Камандзір узвода ўпраўлення батарэі мінамётнага палка лейтэнант З. 27.6.1944 у баі за в. Трылесіна Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. сваім целам закрыў амбразуру варожага дзота.

П.М.Зюлькоў.

т. 7, с. 123

ЗЮС ((Suess) Эдуард) (20.8.1831, Лондан — 26.4.1914),

аўстрыйскі геолаг. Замежны ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1901; чл.-кар. 1887). Скончыў Венскі палітэхнікум (1852). Праф. геалогіі Венскага ун-та (1857—1901). У 1898—1911 прэзідэнт Венскай АН. Вывучаў геал. будову і тэктоніку Альпаў, Ламбардскай упадзіны, Апенінаў. У працы «Паходжанне Альпаў» (1875) развіў погляды пра ўтварэнне гор на аснове кантракцыйнай гіпотэзы, якая тлумачыла тэктанічныя працэсы і ўзнікненне складкавасці ахалоджваннем і сцісканнем Зямлі. У гал. навук. працы «Аблічча Зямлі» (т. 1—3, 1883—1909) звёў і абагульніў рэгіянальныя даследаванні, праведзеныя ў пач. 20 ст. ў розных краінах, і на аснове кантракцыйнай гіпотэзы абгрунтаваў прынцып будовы і развіцця зямной кары. Залаты медаль імя П.​П.​Сямёнава-Цян-Шанскага Рус. геагр. т-ва, Залаты медаль імя Ч.​Лаеля Лонданскага геал. т-ва.

т. 7, с. 123

ЗЯ́БЕР (Galeopsis),

род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных абласцях Еўразіі (пераважна ў Зах. Еўропе). На Беларусі 5 дзікарослых відаў: З. двухнадрэзаны, або жабрэй (G. bifida), звычайны (G. tetrahit), ладаннікавы (G. ladanum), прыгожы, або зябра (G. speciosa), пушысты (G. pubescens). Растуць як пустазелле на палях, агародах, каля дарог і жылля, у сырых лясах і хмызняках.

Аднагадовыя травяністыя расліны з апушаным прамастойным 4-гранным галінастым сцяблом выш. да 70 см. Лісце цэласнае, супраціўнае, чаранковае, яйцападобна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі пурпурна-фіялетавыя, чырванаватыя, жаўтаватыя або белыя, двухполыя, у густых несапраўдных кальчаках. Плод — шматарэшак. Лек., алейныя (у насенні да 40—50% алею), вітамінаносныя, меданосныя і перганосныя расліны; многія віды — пустазелле, ёсць ядавітыя.

Зябер: 1 — прыгожы; 2 — звычайны.

т. 7, с. 123

ЗЯ́БКІ,

вёска ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., на беразе воз. Свядава, каля аўтадарогі Полацк—Вільнюс (Літва); чыг. ст. на лініі Полацк—Маладзечна. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 40 км на ПнУ ад г. Глыбокае, 145 км ад Віцебска. 343 ж., 151 двор (1997). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 123

ЗЯ́БЛІВА, зяблевае ворыва,

летне-асенняя апрацоўка глебы пад сяўбу яравых с.-г. культур наступнага года. Праводзіцца з мэтай назапашвання вільгаці, мабілізацыі пажыўных рэчываў, знішчэння пустазелля, шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб с.-г. культур. Тэхналогія З. вызначаецца тыпам глебы, узроўнем яе акультурвання, эрадзіравання, папярэднімі і наступнымі культурамі і інш. З прыёмаў З. найб. пашыраны плужнае адвальнае з перадплужнікам ці безадвальнае ўзворванне, радзей пласкарэзная, шматслойная ярусная апрацоўка і глыбокае ўзворванне. Пасля збожжавых культур зяблеваму ворыву папярэднічае лушчэнне ці дыскаванне ржышча за 2—3 тыдні; пасля прапашных, шматгадовых траў і інш. культур З. праводзіцца без лушчэння. З. дапаўняецца ўнясеннем арган. і мінер. угнаенняў, вапнаваннем, рыхленнем падворыўных слаёў, глебапаглыбленнем і проціэразійнымі аграпрыёмамі. На Беларусі найб. эфектыўнае ранняе З. (жнівень — пач. верасня).

Л.​В.​Круглоў.

т. 7, с. 124

ЗЯ́БЛІК,

птушка, гл. Берасцянка.

т. 7, с. 124

ЗЯБНІ́ЦКІ (Мікалай Васілевіч) (17.12.1919, г. Краснаармейск, Казахстан — 29.11.1975),

удзельнік партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Арлоўскае пях. вучылішча (1941). На фронце з чэрв. 1941, з вер. ў тыле ворага, камандзір узвода партыз. атрада спец. прызначэння, у ліп. 1942 — ліст. 1943 камандзір спецатрада НКДБ БССР «Другія», які дзейнічаў на тэр. Беларусі і Расіі. Да 1955 у органах КДБ.

т. 7, с. 124