Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗЫ́КІНА (Людміла Георгіеўна) (н. 10.6.1929, Масква),

руская спявачка. Нар. арт. СССР (1973). Герой Сац. Працы (1987). Скончыла Маскоўскае муз. вучылішча імя М.​М.​Іпалітава-Іванава (1969). З 1947 салістка Рус. нар. хору імя М.​Я.​Пятніцкага, з 1951 — хору рус. песні Усесаюзнага радыё, з 1960 — Масканцэрта. З 1977 маст. кіраўнік і салістка ансамбля «Расія». Мае моцны, глыбокі голас багатай тэмбравай афарбоўкі. Дасканала валодае класічнай нар. манерай спеву, па-майстэрску выконвае рус. нар. і аўтарскія песні рас. і інш. кампазітараў («Разанскія мадонны» А.​Далуханяна, «Цячэ Волга» М.​Фрадкіна, «Арэнбургская пуховая хустка» Р.​Панамарэнкі і інш.). Аўтар кн. «На перакрыжаванні сустрэч» (2-е выд. 1988), «Цячэ мая Волга» (1997) і інш. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія Расіі 1983.

Літ.:

Завадская Н. Людмила Зыкина. М., 1978.

Л.Г.Зыкіна.

т. 7, с. 120

ЗЫКО́ЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 22 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,22 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 380 м, найб. глыб. 2 м, даўж. берагавой лініі каля 2,2 км. Пл. вадазбору 27,5 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на Пд 2 м), пад хмызняком, на У разараныя. Зарастае. Злучана ручаямі з азёрамі Саламірскае і Адводы.

т. 7, с. 120

ЗЫЛЬ (Васіль Канстанцінавіч) (3.5.1902, в. Востраў Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 4.12.1973),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Маскоўскую артыл. школу імя Красіна (1929), вучыўся ў Ваен. артыл. акадэміі (1931—33), скончыў Вышэйшую афіцэрскую школу артылерыі (1946). У Чырв. Арміі з 1923. У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Калінінскім, Паўн.-Зах., Сталінградскім, Данскім, 1-м Укр. франтах. 25.1.1945 мінамётны полк на чале з падпалкоўнікам З. вызначыўся пры фарсіраванні Одэра на тэр. Германіі. Да 1954 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 120

ЗЫРА́НСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі, у міжрэччы сярэдняга цячэння рэк Індыгірка і Калыма. Пл. каля 7500 км². Вугляносная тоўшча ніжнемелавога ўзросту. Магутнасць тоўшчы да 5 км, каля 80 вугальных пластоў. Вуглі каменныя, маркі Б, Д, Ж, К. Цеплыня згарання на рабочае паліва 23,26 МДж/кг. Распрацоўваецца з 1935. Цэнтр здабычы — г.п. Зыранка.

т. 7, с. 120

ЗЫ́СЛАЎ,

мемарыяльны комплекс на в-ве Зыслаў у Любанскім р-не, дзе ў Вял. Айч. вайну размяшчаўся цэнтр па кіраўніцтве партыз. рухам Мінскай вобл. Адкрыты ў 1969. Аўтар — арх. Г.​Заборскі. Уключае 14-метровы абеліск з трох вертыкальных плоскасцей, да якога вядзе лесвіца з 2 стэламі на яе пляцоўцы; помнік на магіле сав. воінаў і партызан; рэстаўрыраваныя партыз. зямлянкі; памятны знак накшталт вітка спіралі на месцы партыз. аэрадрома.

Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Памятны знак на месцы былога партызанскага аэрадрома.
Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Абеліск.

т. 7, с. 120

ЗЫ́ЧНЫЯ ГУ́КІ,

гукі чалавечай мовы, пры вымаўленні якіх на шляху паветра, што выдыхаецца з лёгкіх, узнікае перашкода. У бел. мове якасці З.г. залежаць ад характару перашкоды і яе месца ў галасавым тракце.

Пры ўтварэнні шумных зычных асн. з’яўляецца шумавая або імпульсна-шумавая крыніца гуку, што ўзнікае ў раёне перашкоды для паветр. плыні. Калі дзейнічае толькі шумавая крыніца, узнікаюць глухія фрыкатыўныя зычныя «ф», «с», «ш», «х», пры адначасовым дзеянні галасавых звязак — звонкія фрыкатыўныя тыпу «з», «ж», «г»; калі дзейнічае імпульсна-шумавая крыніца, узнікаюць глухія выбухныя «п», «т», «к», пры папярэднім уключэнні галасавых звязак — адпаведныя ім звонкія «б», «д», «г» (выбухны). Афрыкаты «дз», «ц», «дж», «ч» характарызуюцца рэзкім пачаткам (як выбухныя) і больш працяглым шумам (як фрыкатыўныя). Пры ўтварэнні санорных «р», «л», «й», «м», «н», «в», «ў» гукавая хваля галасавой крыніцы як у галосных гукаў сустракае перашкоду (як у шумных) з адначасовым узнікненнем пабочнага свабоднага праходу для яе. Санорныя ніколі не аглушаюцца. У залежнасці ад месца перашкоды гукавой хвалі З.г. падзяляюцца на губныя «п», «б», «ф», «в», «ў», «м», зубныя «т», «д», «с», «з», «ц», «дз», «н», «л», «р», пярэдне-сярэднепаднябенныя «ш», «ж», «ч», «дж», сярэднепаднябенны «й», заднепаднябенныя «к», «г» (выбухны і фрыкатыўны), «х». З.г. акрамя «дж», «ж», «р», «ц», «ч», «ш» маюць адпаведныя парныя мяккія. Гук «й» не мае адпаведнага парнага цвёрдага.

Літ.:

Падлужны А.І., Чэкман В.М. Гукі беларускай мовы. Мн., 1973.

А.​І.​Падлужны.

т. 7, с. 120

ЗЬНІЧ (сапр. Бембель Алег Андрэевіч, н. 16.12.1939, Мінск),

бел. паэт. Сын А.Бембеля. Вучыўся ў БПІ (1956—59), скончыў Мінскае муз. вучылішча (1963) і Бел. кансерваторыю (1969). Настаўнічаў, працаваў у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі (1974—83, 1984—87), у 1991—93 у Нац. навук.-асв. цэнтры імя Ф.​Скарыны. Друкуецца з 1979. Паэзія пераважна рэлігійна-быційнай тэматыкі. Аўтар зб-каў паэзіі «Рэха малітвы», «Саната ростані» (абодва 1988), «Малітвы за Беларусь» (1989), філас.-сацыялагічнага даследавання «Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс» (1985), прысвечанага лёсу і сучаснаму стану бел. мовы. Выступае як публіцыст.

т. 7, с. 121

ЗЭ́ДЛІК,

у беларусаў невялікі ўслончык, які часам рабілі з карэнішча ці камля з 3—4 адгалінаваннямі-ножкамі, з круглым ці квадратным сядзеннем. Саступіў месца табурэту і ў наш час амаль выйшаў з ужытку.

т. 7, с. 121

ЗЭ́ЙДЭЛЬ (Іван) (Іаган Георг; ? — пасля 1787),

бел. архітэктар. У 1764—67 кіраваў буд-вам Рундальскага палаца (узведзены ў 1736—40 у стылі барока каля г. Баўска, Латвія, арх. В.​Растрэлі). У 1777—86 Магілёўскі губернскі архітэктар. У 1778—84 пад яго кіраўніцтвам ажыццёўлена забудова гал. плошчы горада — Губернатарскай. У 1774—75 стварыў праект будынка павятовых устаноў для гарадоў Магілёўскай губ.: Оршы, Рагачова і Мсціслава (узведзены ў 1780). Распрацаваў тыпавыя праекты правіянцкага склада, правіянцкай і саляной крам для гарадоў Магілёўскай і Полацкай губерняў.

т. 7, с. 121

ЗЭ́КАЎ (Анатоль Мікалаевіч) (н. 20.1.1955, в. Патапаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. паэт, празаік. Скончыў Гомельскі ун-т (1977). Працаваў у прэсе, з 1996 нам. гал. рэдактара штотыднёвіка «Книга и мы». Друкуецца з 1972. Аўтар кн. паэзіі «Боль сумлення» (1989), пародый і баек «Дуэль» (1994) і «Дуэль-2» (1995), паэмы «Аварыя сумлення» (1996). Асн. тэмы: праблема чалавека і чалавецтва, вечныя пытанні дабра і зла, любові і нянавісці. Паэмы «Боль сумлення» і «Аварыя сумлення» прысвечаны чарнобыльскай трагедыі.

т. 7, с. 121