Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗУБРЫ́ЦКІ (Іван Васілевіч) (17.2.1898, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 25.11.1963),

бел. геадэзіст. Праф. (1960). Скончыў БСГА (1929). З 1930 працаваў у ёй. Распрацаваў і тэарэтычна абгрунтаваў метад чатырохвугольнікаў без дыяганалей для стварэння геад. сетак, які выкарыстоўваецца пры землеўпарадкаванні і планіроўцы гарадоў.

т. 7, с. 118

ЗУ́БРЫЧ (Дзмітрый Іванавіч) (1.6.1922, г. Дзергачы Харкаўскай вобл., Украіна — 1.10.1968),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Харкаўскую кансерваторыю (1952). З 1954 саліст Бел. філармоніі. Творчая індывідуальнасць спевака найб. раскрылася ў камерным рэпертуары (рамансы Ф.​Шуберта, Э.​Грыга, М.​Мусаргскага, Г.​Свірыдава). Выканаў больш за 400 твораў, у т. л. шмат нар. песень, арый з опер, рамансаў і песень бел. кампазітараў. У яго трактоўках высакародная мужнасць спалучалася з мяккай паэтычнасцю.

т. 7, с. 118

ЗУ́БРЫЧ (Іна Ігараўна) (н. 15.9.1934, г. Пенза, Расія),

бел. музыказнавец. Скончыла Бел. кансерваторыю (1957), у 1959—60 выкладала ў ёй. У 1955—57 выкладчык Мінскага муз. вучылішча. З 1962 лектар-музыказнавец Бел. філармоніі. Вядзе лекцыйна-прапагандысцкую работу, даследуе творчасць бел. кампазітараў, у прыватнасці хар. музыку, выступае як муз. крытык.

Тв.:

Харавая творчасць беларускіх кампазітараў 20-х гг. // Беларускае мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3;

Уладзімір Алоўнікаў. Мн., 1970;

Ігар Лучанок, Кім Цесакоў. Мн., 1973;

Пути развития хорового творчества белорусских композиторов;

От обработок народных песен до кантат и ораторий // Музыкальная культура Белорусской ССР. М., 1977.

А.​Я.​Ракава.

т. 7, с. 118

ЗУБРЭ́ВІЧЫ,

вёска ў Аршанскім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр Дубраўскага с/с і калгаса. За 30 км на ПдЗ ад г. Орша, 110 км ад Віцебска, 10 км ад чыг. ст. Копысь. 446 ж., 209 двароў (1997). Цэх па вырабе макароны. Сярэдняя школа, фізкульт.-спарт. комплекс, б-ка, аптэка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 118

ЗУБЧА́СТАЕ КО́ЛА,

звяно зубчастых перадач, якое мае выступы (зубы) для перадачы руху праз счапленне з выступамі другога звяна. Бываюць цыліндрычныя, канічныя і чарвячныя; з прамымі, касымі і крывалінейнымі зубамі. Робяць са сталі, чыгуну, сплаваў каляровых металаў, пластмас.

Зубчастыя колы: 1, 2 — цыліндрычныя прама- і касазубыя; 3, 4 — канічныя прамазубыя і са спіральнымі зубамі; 5 — шаўроннае; 6 — чарвячнае.

т. 7, с. 118

ЗУБЧА́СТАЯ ПЕРАДАЧА,

механізм перадачы вярчальнага руху ад аднаго вала другому з дапамогай зубчастых колаў (або зубчастага кола і рэйкі, чарвяка). Выкарыстоўваюцца як асобныя агрэгаты (рэдуктары, каробкі перадач, дыферэнцыялы і інш.) і як часткі машын і механізмаў.

Адрозніваюць З.п.: з паралельнымі восямі (цыліндрычныя прамазубыя, касазубыя і шаўронныя), з перасякальнымі восямі (канічныя з прамымі, касымі і кругавымі зубамі), з перакрыжаванымі восямі (вінтавыя і гіпоідныя перадачы). З.п. з гнуткім зубчастым колам наз. хвалевай перадачай. З.п. бываюць унутранага і вонкавага счаплення; планетарныя перадачы і радавыя; адкрытыя, паўадкрытыя і закрытыя; адна- і шматступеньчатыя. Вызначаюцца высокім ккдз (0,97—0,99 у аднаступеньчатых), даўгавечнасцю і надзейнасцю. Перадатачны лік звычайна 2—4, часам 8—10 і больш. Гл. таксама Чарвячная перадача.

т. 7, с. 118

ЗУ́БЫ,

косцепадобныя органы большасці пазваночных жывёл і чалавека ў ротавай поласці на альвеалярных адростках верхняй і ніжняй сківіцы (у некат. рыб у глотцы). Асн. функцыі: захопліванне, трыманне і перажоўванне яды; у некат. жывёл служаць аховай ад ворагаў, у чалавека прымаюць удзел у голасаўтварэнні.

З. ўтвараюцца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Складаюцца з відазмененай косці (эмалі, дэнціну, цэменту). Маюць каронку (выступае над сківіцай, укрыта эмаллю), корань (размешчаны ў сківіцы, укрыты цэментам), шыйку (злучальная тканка). Унутры З. ёсць поласць, запоўненая зубной мякаццю (пульпай), у якой праходзяць крывяносныя сасуды і нервы; крывёй забяспечваюцца верхне- і ніжнесківічнымі артэрыямі, інервуюцца трайнічным нервам. У залежнасці ад формы каронкі і прызначэння адрозніваюць разцы, іклы, карэнныя З., ад колькасці каранёў — 1-, 2-, 3-карэнныя. Колькасць З. у драпежных жывёл да 44, у некат. сумчатых — да 58, у дэльфінаў — 240. У млекакормячых і чалавека 2 змены З.: малочныя (20, прарэзваюцца з 6 да 30 месяцаў) і сталыя (32, з 6 да 16 гадоў), З. мудрасці — да 30 гадоў. Найб. распаўсюджаныя пашкоджанні З.: зубны камень, карыес зубоў, пульпіт, перыядантыт і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 7, с. 118

ЗУ́БЫ ШТУ́ЧНЫЯ,

штучныя дэталі, што ўваходзяць у склад зубных пратэзаў для замяшчэння зубных радоў з мэтай нармалізацыі функцыі жавання, мовы, эстэтыкі. У 4—3 ст. да н.э. для вырабу З.ш. выкарыстоўвалі косць, пазней золата. У наш час З.ш. робяць з акрылавай пластмасы, керамікі; колер адпавядае натуральным зубам. Акрамя здымных і няздымных пратэзаў (гл. Пратэзаванне зубоў) З.ш. бываюць адзінкавыя. Пры адсутнасці каронкі і захаваным корані робяць штыфтавыя зубы. Іншы раз З.ш. фіксуюць на дэнтальных імплантантах.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 7, с. 118

ЗУ́ДАЎ (Вячаслаў Дзмітрыевіч) (н. 8.1.1942, г. Бор Ніжагародскай вобл., Расія),

савецкі касманаўт. Герой Сав. Саюза (1976), лётчык-касманаўт СССР (1976). Скончыў Балашоўскае вышэйшае ваенна-авіяц. вучылішча (1963). З 1965 у атрадзе касманаўтаў. 14—16.10.1976 з В.Л.Раждзественскім здзейсніў палёт на касм. караблі «Саюз-23» (як камандзір). Правёў у космасе 2 сут.

т. 7, с. 118

ЗУ́ЕВА (Настасся Платонаўна) (17.12.1896, с. Спаскае Тульскай вобл., Расія — 23.3.1986),

руская актрыса. Нар. арт. СССР (1957). Скончыла школу драм. мастацтва (1915). З 1916 у трупе МХАТа. Створаныя ёй вобразы вылучаюцца своеасаблівай індывідуальнасцю, яркай характарнасцю: Матрона («Уваскрэсенне» паводле Л.​Талстога), Каробачка («Мёртвыя душы» М.​Гогаля), Міс Уордл («Піквікскі клуб» паводле Ч.​Дзікенса), Фяклуша, Уліта («Навальніца», «Лес» А.​Астроўскага), Анфіса («Тры сястры» А.​Чэхава) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1952.

т. 7, с. 118