ЗУ́БЫ,
косцепадобныя органы большасці пазваночных жывёл і чалавека ў ротавай поласці на альвеалярных адростках верхняй і ніжняй сківіцы (у некат. рыб у глотцы).
З. ўтвараюцца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Складаюцца з відазмененай косці (эмалі, дэнціну, цэменту). Маюць каронку (выступае над сківіцай, укрыта эмаллю), корань (размешчаны ў сківіцы, укрыты цэментам), шыйку (злучальная тканка). Унутры З. ёсць поласць, запоўненая зубной мякаццю (пульпай), у якой праходзяць крывяносныя сасуды і нервы; крывёй забяспечваюцца верхне- і ніжнесківічнымі артэрыямі, інервуюцца трайнічным нервам. У залежнасці ад формы каронкі і прызначэння адрозніваюць разцы, іклы, карэнныя З., ад колькасці каранёў — 1-, 2-, 3-карэнныя. Колькасць З. у драпежных жывёл да 44, у некат. сумчатых — да 58, у дэльфінаў — 240. У млекакормячых і чалавека 2 змены З.: малочныя (20, прарэзваюцца з 6 да 30 месяцаў) і сталыя (32, з 6 да 16 гадоў), З. мудрасці — да 30 гадоў.
А.С.Леанцюк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)