Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЗУБНЫ́ КА́МЕНЬ,

мінералізаваныя адклады на паверхні зубоў з арган. асновы і солей (пераважна фосфарнакіслага кальцыю). Найчасцей бывае на шыйках зубоў, можа пакрываць значную ч. каронкі і кораня; адкладваецца і на зубных пратэзах. Колер З.к. ад светла-жоўтага да чорнага ў залежнасці ад ежы і курэння. Афарбоўка бывае і пры распадзе форменных элементаў крыві ў шчыліне дзясны. Шчыліна паступова павялічваецца; утвараецца кішэня дзясны. З.к. — адзін з фактараў развіцця хвароб парадонту.

А.​С.​Арцюшкевіч.

т. 7, с. 117

ЗУБО́ВІЧ (Вячаслаў Ксенафонтавіч) (н. 15.3.1930, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і педыятрыі. Д-р мед. н. (1978), праф. (1987). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). З 1960 у НДІ аховы мацярынства і дзяцінства (з 1979 нам. дырэктара). Навук. працы па праблемах перынаталогіі, узаемасувязях у сістэме маці-плод-нованароджанае дзіця, уплыву на арганізм наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

Гормональный криз новорожденных. Мн., 1978;

Гормональные влияния на организм новорожденного. Мн., 1989.

т. 7, с. 117

ЗУБО́ВІЧ (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (29.10.1909, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 14.4.1976),

ваенны дзеяч, ген.-лейт. (1967). Скончыў акадэміі Ваенна-гасп. (1941) і Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1931. У Вял. Айч. вайну на Карэльскім фронце: пам. і нам. нач. аддзела ў штабе тылу фронту, нам. камандзіра дывізіі і корпуса па тыле. Да 1968 у Сав. Арміі.

т. 7, с. 117

ЗУБО́ВІЧ (Канстанцін Міхайлавіч) (1904, в. Папоўцы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 28.12.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з ліст. 1944. Радавы З. вызначыўся ў баі пры фарсіраванні Дуная на тэр. Венгрыі.

К.М.Зубовіч.

т. 7, с. 117

Зубовіч Іван Герасімавіч

т. 18, кн. 1, с. 392

ЗУБР (Bison bonasus),

млекакормячае сям. пустарогіх атр. парнакапытных. 2 падвіды: раўнінны еўрап. белавежскі (B.b. bonasus) і каўказскі (B.b. caucasicus). У мінулым быў пашыраны на тэр. Літвы, Украіны (без Крыма), Прыдоння і Вял. Каўказа. На пач. 20 ст. захаваўся ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, але быў знішчаны — у пушчы ў 1919, на Каўказе ў 1927.

У заапарках шэрагу краін захавалася 56 жывёл. Узнаўленне З. праводзілася ў спец. гадавальніках у Белавежскай пушчы ў Польшчы, заапарках Еўропы, на Каўказе, у Асканіі-Нова, Беларусі, Прыокскатэрасным і Окскім запаведніках, Літве. Еўрапейскі падвід аднаўляецца шляхам развядзення жывёл, якія захаваліся ў заапарках, каўказскі — гібрыдызацыяй B. bonasus × B. bonasus caucasicus. Акрамя чыстакроўных З. разводзяць гібрыдаў (зубрабізон і складаныя гібрыды са свойскай жывёлай). Жыве ў лісцевых і мяшаных лясах. У вясенне-летні перыяд З. трымаецца ў мясцінах з разнатраўем; увосень канцэнтруецца ў дубравах або лясах; зімой корміцца парасткамі, карой дрэў і інш., трымаецца паблізу падкормачных пунктаў. На Беларусі жыве падвід З. еўрап. белавежскі. Рэдкі, знаходзіцца ў стадыі аднаўлення папуляцый. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП і Беларусі. На 1.1.1997 у Белавежскай пушчы 280 З., у Бярэзінскім біясферным запаведніку 34, у Прыпяцкім запаведніку 29, у інш. раёнах Беларусі 43 асобіны. Трымаецца статкамі да 20 асобін на чале з самкай.

Даўж. цела да 3,5 м, выш. ў карку да 2 м, маса да 1,2 т; самкі драбнейшыя. Пярэдняя ч. тулава масіўная за кошт гарба. Галава адносна невял. з парай серпападобных рагоў. Шыя кароткая і тоўстая. Грудзі шырокія, магутныя. Поўсць адносна кароткая, зімой вельмі густая, бурая; на карку, шыі, падбародку доўгая, утварае грыву, бараду, махры падгузка. Палаваспелыя ў 3—4 гады. Нараджае пераважна 1 цяля; многія зубрыцы целяцца раз у 2 гады. Жыве 25—30 гадоў.

Зубр.

т. 7, с. 117

ЗУБРАБІЗО́Н,

міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.

Зубрабізон.

т. 7, с. 117

«ЗУБРАНЯ́»,

рэспубліканскі дзіцячы лагер. Засн. ў жн. 1969 на беразе воз. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл). Размешчаны на пл. 64 га. Працуе круглы год. У лагеры створаны ўмовы для адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей. У комплексе пабудоў жылыя, лячэбныя і гасп. дамы, школа, б-ка, басейн. Дзеці 5 дружын («Азёрная», «Блакітная», «Зорная», «Лясная», «Сонечная») размяшчаюцца ў 5 аднайм. карпусах (на 160 месцаў). На тэр. лагера стадыён, пляцоўкі спарт. і для атракцыёнаў, фруктовы сад; на беразе пляжы, лодачная станцыя. У лагеры праводзяцца спартакіяды, фестывалі, канферэнцыі, рэсп. і міжнар. імпрэзы. «З.» супрацоўнічае з Бел. фондам сац. падтрымкі дзяцей і моладзі «Мы — дзецям».

Л.​Ю.​Лозка.

т. 7, с. 117

ЗУБРО́ЎКА (Hierochloe),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных і высокіх шыротах абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі трапляюцца: З. духмяная (H. odorata), нар. назвы зубрава трава, цяпалоць, тураўка; паўднёвая (H. australis) і зрэдку жорсткаваласістая (H. hirta). Расце ў шыракалістых і мяшаных лясах, каля дарог.

Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі выш. да 70 см. Прыкаранёвае лісце лінейнае, плоскае, завостранае, сцябловае — лінейна-ланцэтнае, карацейшае, знізу тусклае, зверху ярка-зялёнае, бліскучае. Каласкі дробныя, залаціста- або буравата-жоўтыя, круглавата-яйцападобныя, трохкветныя, у раскідзістых мяцёлках. Плод — зярняўка. Духмяныя (маюць кумарын), лек., кармавыя (для зуброў, адсюль назва) і дэкар. расліны. Выкарыстоўваюцца ў лікёра-гарэлачнай прам-сці, для пляцення, замацавання насыпаў.

Г.​У.​Вынаеў.

Зуброўка духмяная.

т. 7, с. 117

ЗУБРЫ́ЛІН (Павел Якаўлевіч) (н. 4.6.1927, с. Крупец Пензенскай вобл., Расія),

бел. трэнер па цяжкай атлетыцы. Майстар спорту СССР (1964), засл. трэнер Беларусі (1969), засл. трэнер СССР (1975), засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1976). З 1964 старшы трэнер спартклуба БВА, з 1979 трэнер Рэсп. школы вышэйшага спарт. майстэрства. Дзярж. трэнер па цяжкай атлетыцы ДСТ «Чырвоны сцяг». У 1969—79 ст. трэнер зборнай каманды Беларусі па цяжкай атлетыцы. Сярод выхаванцаў З. — В.Шарый, чэмпіён СССР В.​Вяргун, рэкардсмен свету А.​Галубовіч.

т. 7, с. 118