«ЗУБРАНЯ́»,
рэспубліканскі дзіцячы лагер. Засн. ў жн. 1969 на беразе воз. Нарач (Мядзельскі р-н Мінскай вобл). Размешчаны на пл. 64 га. Працуе круглы год. У лагеры створаны ўмовы для адпачынку, аздараўлення і вучобы дзяцей. У комплексе пабудоў жылыя, лячэбныя і гасп. дамы, школа, б-ка, басейн. Дзеці 5 дружын («Азёрная», «Блакітная», «Зорная», «Лясная», «Сонечная») размяшчаюцца ў 5 аднайм. карпусах (на 160 месцаў). На тэр. лагера стадыён, пляцоўкі спарт. і для атракцыёнаў, фруктовы сад; на беразе пляжы, лодачная станцыя. У лагеры праводзяцца спартакіяды, фестывалі, канферэнцыі, рэсп. і міжнар. імпрэзы. «З.» супрацоўнічае з Бел. фондам сац. падтрымкі дзяцей і моладзі «Мы — дзецям».
Л.Ю.Лозка.
т. 7, с. 117
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)